Расьсьледаваньне прычын трагедыі з удзелам гарадзкога аўтобуса ў Пецярбургу працягваецца. Родныя затрыманага кіроўцы расказалі журналістам, што напярэдадні аварыі ён адпрацаваў 20-гадзінную зьмену і ня меў дастаткова часу для адпачынку. Кампанія-перавозчык, якой належаў аўтобус, мела спагнаньні за парушэньні правілаў працы.
Аварыі з удзелам грамадзкага транспарту здараюцца і ў Беларусі. Паводле афіцыйных расьсьледаваньняў, прычынай здарэньняў зь беларускімі аўтобусамі і маршруткамі часта пазначаюць «стомленасьць кіроўцы». Напрыклад, гэта стала прычынай ДТЗ аўтобуса Neoplan на маршруце Варшава — Менск у 2022 годзе. Тады аўтобус сутыкнуўся з двума аўтамабілямі, выехаў у канаву і перакуліўся.
У лютым 2023 году ў аварыі пад Менскам загінулі 14 пасажыраў маршруткі. Вінаватым у ДТЗ прызналі кіроўцу грузавіка, але парушэньні знайшлі і ў працы маршрутчыка. У салёне было больш пасажыраў, чым дазваляюць нормы, не функцыянавалі пасы бясьпекі.
У траўні 2023 году аўтобус трапіў у аварыю ў Магілёве. 53-гадоваму кіроўцу стала блага за стырном.
Ёсьць і больш сьвежыя прыклады. У лютым 2024 году на вуліцы Сямашкі ў Менску сутыкнуліся два аўтобусы. Пацярпелі людзі. Папярэдняя вэрсія прычыны аварыі — адзін з кіроўцаў мог заснуць за стырном.
У сакавіку аварыя з удзелам грамадзкага транспарту адбылася ў Жодзіне, у яе трапіў аўтобус. «Кіроўцу зрабілася блага, ён страціў прытомнасьць», — тлумачылі ў транспартнай арганізацыі.
У красавіку ў Менску ў выніку сутыкненьня аўтобуса з грузавіком у шпіталь трапілі 14 пасажыраў.
24 красавіка беларускі аўтобус трапіў у аварыю ў Польшчы. Прычынай назвалі тое, што «кіроўца ня даў рады кіраваньню». Аўтобус наляцеў на дрэва, пацярпелі 7 пасажыраў.
«Рэйсы скарацілі, кандуктараў прыбралі»
Беларуска Людміла (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыве ў Гомлі і часта карыстаецца паслугамі гарадзкога транспарту. Паводле яе назіраньняў, цяпер зь яго працай «нейкая засада». Людміла тлумачыць, што колькасьць рэйсаў аўтобусаў скарацілі настолькі, што часам ходзіць адзін рэйс на гадзіну. Ад гэтага расклад у інтэрнэце і на прыпынках не супадае, часта бывае незразумела, на які час арыентавацца. Жанчына перакананая, што гэта недапушчальна для абласнога цэнтру.
«Часам стаіш на прыпынку — заяўлены рэйс аўтобуса ўвогуле не прыходзіць або прыходзіць зь вялікім спазьненьнем, а яшчэ круцей, калі і наступны заяўлены рэйс не прыходзіць. Неяк зімой чакалі на прыпынку 35 хвілін, не прыйшлі два аўтобусы па раскладзе», — успамінае Людміла.
Па яе назіраньнях, тралейбусы ходзяць больш-менш рэгулярна. Але вось выглядаць яны сталі горш. На маршрутах, па словах Людмілы, зьявіліся вельмі старыя тралейбусы.
«Бразгаюць, абшарпаныя. Тыя, якія былі гадоў 20 таму ў нас», — сьцьвярджае жанчына.
Яна наракае як на працу грамадзкага транспарту па вечарах, так і па нядзелях і сьвятах. Прыгадвае такі момант: вярталася дахаты ў спальны раён пасьля сьвяткаваньня 9 Траўня ў цэнтры Гомля. Былі натоўпы людзей, аўтобусы і тралейбусы перапоўненыя, жанчына вырашыла ня лезьці ў натоўп.
«Пазьней высьветлілася, што гэта практычна апошнія былі рэйсы! Людзям давялося штурмам браць маршруткі, якіх таксама было няшмат. Няўжо нельга было даць дадатковыя рэйсы?» — абураецца беларуска.
Увечары ў выходныя дні, паводле Людмілы, неабходна выехаць з цэнтру ў пэрыяд з 23:00 да 23:30. Потым застаецца адзін-два рэйсы як тралейбусаў, так і аўтобусаў.
«Напрыклад, у які-небудзь 5-ы мікрараён ці на праспэкт Кастрычніка, ці ў новыя мікрараёны ты не даедзеш увогуле. І калі раней увечары аўтобусаў было больш у разы, то цяпер нават самы доўгі маршрут аўтобуса № 17 у вячэрні час заканчвае працу раней, чым тралейбусная рэйсы»,— кажа суразмоўца.
Яна дадала, што з аўтобусаў прыбралі кандуктараў. Улады патлумачылі гэты крок тым, што няма сродкаў аплачваць іх працу. Але Людміла мяркуе, што на такую працу проста няма ахвотных, бо яна цяжкая, а заробкі малыя. Пры гэтым, па назіраньнях суразмоўцы, штат кантралёраў павялічыўся.
Жыхарка Калінкавіцкага раёну Марыя (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) наракае, што зь вёсак да райцэнтру значна скарацілі рэйсы аўтобусаў. Шанцуе тым вяскоўцам, якія жывуць ля шашы Гомель — Кобрынь і могуць падсесьці ў які-небудзь праходзячы аўтобус. Тыя ж, якія жывуць далей ад райцэнтра, могуць мець адзін ці два рэйсы на тыдзень. Напрыклад, раз на тыдзень, па серадах, ходзіць аўтобус
Гогалева — Калінкавічы. Па аўторках можна даехаць да Калінкавічаў зь вёскі Лясец, па суботах — з Залатухі, па пятніцах і нядзелях — з Крукавічаў.
«Маладым прасьцей, яны могуць і на сваіх аўтамабілях даехаць. Што рабіць старым, калі трэба, скажам, два разы на тыдзень да лекара ў раённы цэнтар? Вядома, людзі выкручваюцца як могуць, наймаюць машыну, просяць сваякоў завезьці. Але дзе так званыя сацыяльныя стандарты, якія нам абяцаюць дзесяцігодзьдзямі?», — пытаецца Марыя.
Старэньне і знос
Праблемы ў сфэры грамадзкага транспарту ў Беларусі прызнаюць і прадстаўнікі ўладаў. У 2023 годзе ў Жодзіна загарэлася кола гарадзкога аўтобуса. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў, але начальнік аўтакалёны аўтапарку № 18 Жодзіна прызнаў, што праблемы ёсьць. Паводле парталу zhodinonews.by, які цытаваў чыноўніка, аўтобус быў зношаны на 100%, але празь няхватку новага транспарту яго часта рамантавалі і выпраўлялі ў рэйс. Навіна з тлумачэньнямі на гэты момант выдаленая.
Прызнавалі праблемы і віцебскія ўлады. Гэтаму быў прысьвечаны артыкул у мясцовай дзяржаўнай газэце «Віцьбічы». Выданьне піша, што ў сьнежні 2023 году не было ні дня, каб у рэдакцыю не тэлефанавалі людзі наконт працы камунальнікаў альбо транспарту. Рабілі гэта, «не шкадуючы эмоцый». Паводле супрацоўнікаў дзяржаўнай газэты, гараджане скардзіліся на тое, што транспарт па раскладзе не прыходзіць, людзі вымушаныя невядома колькі чакаць. У аўтобусах і тралейбусах холад, маршрутная сетка грамадзкага транспарту ў некаторыя важныя месцы не даходзіць.
Генэральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскаблаўтатранс» Сяргей Мядзьведзеў пацьвердзіў праблемы. Па яго словах, што з тралейбусамі прасьцей, іх парк абнавілі. А вось з аўтобусамі, кажа чыноўнік, «праўда бяда».
«Мы маем такія маршруты ў раёнах, дзе ходзіць адзін аўтобус. У 5:30 гарадзкі транспарт выходзіць на лініі з парку, і ўжо а 6-й раніцы ў дыспэтчарскую можа патэлефанаваць кіроўца: «Я зламаўся», — расказваў Мядзьведзеў дзяржаўным журналістам. Паводле чыноўніка, асноўная праблема аўтобуснага парку — катастрафічнае старэньне, знос аўтобусаў. Каля 80% зь іх маюць прабег больш за адзін мільён кілямэтраў.
Яшчэ адно праблемнае пытаньне гарадзкога транспарту — кіроўцы. Аўтапаркі часта гатовыя навучаць іх бясплатна, маюць свае чатыры інтэрнаты, каб ахвочыя маглі прыяжджаць з раёнаў, іншых гарадоў. Але гэта не заўсёды дазваляе вырашыць праблему. Па словах таго ж Сяргея Мядзьведзева, працытаваных у артыкуле «Віцьбічаў», за год на працу прынялі 32 чалавек. Звольніліся з аўтапарку за той жа час 28 кіроўцаў.
Кіроўцаў аўтобусаў стараюцца прывабіць заробкамі. Напрыклад, гомельскі аўтапарк № 6 разьмясьціў вакансію з заробкам «да 3500 рублёў». Кіроўцу аўтобуса ў Брагіне і Хойніках абяцаюць менш — да 2 тысяч. Аўтапарк № 1 Гомля шукае кіроўцу аўтобуса ў абласны цэнтар з заробкам 1700–2100 рублёў, у гарадзкі пасёлак Карма — за 1300–2000 рублёў. Гэта часта вышэй за сярэдні заробак у згаданым рэгіёне, аднак вакансіі не знікаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сеціва трапілі зьвесткі кліентаў беларускага сэрвісу «Атлас» па продажы квіткоў на аўтобусы і маршруткі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, якія станцыі менскага мэтро адновяць да 40-годзьдзя з дня пуску