27% за дзень. Ці сьведчыць падзеньне акцый ЕPAM аб праблемах у беларускім ІТ-сэктары

Офіс ЕPAM у Менску, архіўнае фота

10 траўня акцыі EPAM патаньнелі да 181,9 даляра за штуку. Гэта антырэкорд за некалькі гадоў.

Перад падзеньнем акцый кампаніі EPAM да 181,9 даляра за штуку (мінус 27% за дзень) кампанія апублікавала першую фінансавую справаздачу ў гэтым годзе. У ёй ІТ-гігант спрагназаваў зьніжэньне выручкі за год прыкладна на 1,4%, ці да 4,6-4,5 мільярда даляраў. Раней прагнозы былі іншымі — рост на 1-4%.

У другім квартале кампанія чакае выручку памерам 1,13-1,14 мільярда даляраў. Калі прагноз спраўдзіцца, гэта будзе мінімальны квартальны прыбытак з 2022 году. Зараз акцыі EPAM каштуюць 187 даляраў за штуку. За апошнія гады рэкордна мала яны каштавалі ў сакавіку 2020 году, калі ў Беларусі пачыналася пандэмія каранавірусу. Тады цана была 161,7 даляра за акцыю.

Таксама падзеньне фіксавалі ў сакавіку 2021-га, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне — да 198,5 даляра за акцыю. Найвышэй сягнула цана на акцыі ў лістападзе 2021 году — 705 даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 10 мільёнаў эўра ў казну: чатыры ІТ-кампаніі зь беларускімі каранямі сёлета ўвайшлі ў топ-500 падаткаплатнікаў Літвы

Што значыць падзеньне акцый

Як расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік адной з ІТ-кампаній, які займае пасаду кіраўніка сярэдняга ўзроўню, падзеньне акцый часткова зьвязанае са зьменай у аўтсорс-сфэры. Па словах суразмоўцы, зьмянілася стаўленьне прадуктовых кампаній да доўгатэрміновых кантрактаў з кампаніямі-наймітамі кшталту EPAM альбо Itransition.

«Многія прадуктовыя кампаніі аддаюць перавагу найму людзей у штат пад доўгатэрміновыя праекты ці наймаць фрылансэраў пад набор канкрэтных задач. Гэты зьніжае абавязкі перад наймітамі, бо ня трэба выконваць доўгатэрміновыя кантракты і прадуктовыя кампаніі могуць дазволіць сабе большую гнуткасьць у плянаваньні бюджэтаў», — патлумачыў суразмоўца.

Па яго словах, цяпер кампаніі, якія працуюць на аўтсорс, імкнуцца таксама выпускаць і свае прадукты, каб зьнізіць залежнасьць ад замоўнікаў.

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc, цяперашняе падзеньне акцый паказвае сытуацыю толькі ў адной асобнай кампаніі.

«Гэта сытуацыя ў адной кампаніі, і яна нічога ня сьведчыць пра ўсю сфэру агулам. Тым больш акцыі то расьлі, то падалі цягам апошніх гадоў некалькі разоў. Гэта абсалютна нармальна», — кажа эканамістка.

Што з акцыямі іншых кампаній

Гандаль акцыямі для беларускіх ІТ-кампаній ці кампаній зь беларускімі каранямі — рэдкасьць. EPAM адна зь нешматлікіх кампаній, акцыі якой таргуюцца на сусьветных біржах. У 2018 годзе яшчэ можна было набыць акцыі іншага беларускага гіганта — Wargaming.

Многія сусьветна вядомыя кампаніі выстаўляюць свае акцыі на таргі. Нядаўна зьнізілася цана акцый Tesla — да 147 даляраў у красавіку, на 15 траўня каштавалі 177 даляраў за штуку. Найвышэйшая цана была зафіксаваная, як і ў EPAM, у лістападзе 2021 году — 407,3 даляра за штуку. А найніжэйшая летась у студзені — 113.

Акцыі кампаніі Google рыўкамі растуць зь лістапада 2022 году: з 86 даляраў да 171,9 даляра на 15 траўня сёлета.

Таксама ў EPAM ёсьць канкурэнты ці кампаніі з падобнай эканамічнай мадэльлю, акцыі якіх таргуюцца. Напрыклад, кошт акцый кампаніі Genpact сёлета таксама зьніжаецца, да 31,4 даляра ў красавіку. А апошняе пікавае значэньне было ў сьнежні 2021 году — 53 даляры. На 15 траўня адна акцыя каштавала 34,5 даляра.

Акцыі яшчэ адной буйной ІТ-кампаніі, спэцыфіка якой аўтсорс, Accenture, крыху праселі з сакавіка: ад 380,99 даляра за штуку да 306,2 даляра на 15 траўня. Апошняя пікавая цана была ў сьнежні 2022 году — 414,5 даляра.