Што пагубіла беларускае мяшчанства і беларускія гарады? Наколькі згубнаю аказалася роля шляхты ў беларускай гісторыі? Ці было б народу і краіне лепш, калі б шляхта цудоўным чынам зьнікла ў якім-небудзь XVII стагодзьдзі?
Пра гэта і пра іншае мы гаворым з аўтаркай больш як 150 навуковых прац, кандыдатам гістарычных навук Натальляй Сьліж.
0:00 — якую ролю адыграла мяшчанства ў гісторыі краін Заходняй і Цэнтральнай Эўропы
1:59 — калі і чаму пачаўся заняпад беларускіх гарадоў і беларускага мяшчанства
4:01 — ці ня быў заняпад гарадоў вынікам рэўнасьці шляхты да мяшчан
6:46 — ці шмат адрозьненьняў было ў становішчы беларускіх гарадоў у XVII і XVIII стагодзьдзях
8:50 — што такое юрыдыкі ў беларускіх гарадах
11:04 — калі пачаўся рост габрэйскага насельніцтва ў гарадах Беларусі
13:44 — чаго больш прынесла шляхта сваёй краіне — станоўчага ці адмоўнага
17:59 — ці было б народу і краіне лепш, каб шляхта цудоўным чынам зьнікла ў якім-небудзь XVII стагодзьдзі?
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:
— Калі і чаму пачаўся заняпад беларускіх гарадоў і беларускага мяшчанства? Зь якімі працэсамі гэта зьвязана?
— Калі мы гаворым пра заняпад гарадоў, то нельга сказаць, што яны зусім заняпалі. На пачатку XVI стагодзьдзя, калі пашыраецца працэс наданьня гарадам Магдэбурскага права, гэта дало вялікі штуршок да разьвіцьця. Бо ствараецца зусім іншая сыстэма падаткаабкладаньня, рамяство і гандаль у беларускіх гарадах сталі больш свабоднымі.
Аднак усе гэтыя працэсы былі спозьненыя на 100 гадоў у параўнаньні з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Калі ў XVI стагодзьдзі ў Эўропе пачынаюць ужо адмаўляцца ад цэхавай сыстэмы, яна паступова робіцца непатрэбнай, яе пачынаюць замяняць мануфактуры, то ў нас усё яшчэ зьяўляюцца першыя цэхі, якія ў Эўропе тады былі ўжо атавізмам. Так што ў нас гэта ўсё ідзе з часавым ссоўваньнем на 100 год.
Вядома, у фэадальнай сыстэме гарады былі патрэбныя, але іх разьвіцьцё пачало затарможвацца ўжо ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. І затарможвалася іх разьвіцьцё шляхтай. Шляхта бачыла, што гарады больш актыўныя, што празь іх можна здабыць грошы, таму гарады пачынаюць цалкам пераходзіць пад кантроль шляхты. Асаблівасьць гісторыі Беларусі ў тым, што войты прызначаліся са шляхецкага асяродзьдзя, у той час як у астатняй Эўропе яны мелі мяшчанскае паходжаньне.
Нашы гарады не былі настолькі вольныя ў сваіх палітычных і эканамічных пазыцыях, як у іншых краінах. Так што гэта ня быў натуральны заняпад, а хутчэй стрымліваньне разьвіцьця гарадоў.
— Вы назвалі палітычныя і эканамічныя матывы, дзеля якіх шляхта ўмешвалася ў разьвіцьцё гарадоў. А я вось думаю пра што. Па меры назапашваньня матэрыяльнага багацьця ў людзей зьяўляецца імкненьне да элітарнасьці. І можна сказаць, што багатыя полацкія ці магілёўскія мяшчане ў XVI стагодзьдзі былі сапраўднымі патрыцыямі, яны ўтваралі сапраўдны гарадзкі патрыцыят. Але з пачатку XVII стагодзьдзя шляхецкі Сойм пачынае прымаць законы, якія ўсяляк прыніжалі мяшчан, пазбаўлялі іх элемэнтарных прывілеяў — ім пачалі забараняць насіць зброю, каштоўныя футры, каштоўныя камяні, залатыя ўпрыгожаньні. Ці не было гэта элемэнтарнай рэўнасьцю і зайздрасьцю шляхты, у тым ліку яе ніжэйшых пластоў?
— Нельга сказаць, што гэта толькі зайздрасьць. Шляхта заўсёды карысталася паслугамі мяшчан. Мяшчане былі патрэбныя пры гандлі, пры наладжваньні нейкіх камунікацый. Ну, і калі мы гаворым пра вопратку, то трэба разумець, што вопратка заўсёды была як пашпарт — як ты апрануты, да такога саслоўя ты і належыш. Таму шляхта змагалася, каб да яе саслоўя ніхто ня мог наблізіцца.
Вядома, калі, напрыклад, віленскае мяшчанства ці берасьцейскае пачынае больш зарабляць, яны пачынаюць ужо глядзець на тое, каб мець ня толькі эканамічныя правы, але і палітычныя. Але рэальна прадставіць свае палітычныя інтарэсы мяшчанства магчымасьці ня мела. Нават калі на Сойм маглі вылучыць сваіх прадстаўнікоў віленскія мяшчане, то гэта была толькі і выключна адна Вільня, якая абараняла ў першую чаргу свае інтарэсы, а не інтарэсы ўсіх гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Толькі ў XVIII стагодзьдзі мяшчане пачынаюць абараняць свае правы і адпраўляць на Соймы сваіх прадстаўнікоў. Таму тут ня толькі зайздрасьць шляхты, але і жаданьне захаваць свае дамінуючыя пазыцыі, не пускаць мяшчанства ў сфэру палітычнага жыцьця і не дазваляць мяшчанам самім распараджацца сваёй маёмасьцю. Шляхта да апошняга імкнулася захаваць свае пазыцыі. Гэта таксама важны фактар.
— Давайце паспрабуем ацаніць ролю шляхты ў беларускай гісторыі XV–XVIII стагодзьдзяў. Чаго там больш, станоўчага ці адмоўнага?
— Цяжа гаварыць пра толькі станоўчае і толькі адмоўнае. У нас ёсьць фэадальная сыстэма, і мы згадваем у першую чаргу, якім чынам станавіліся шляхтай. Шляхта пераважна фармуецца ў XVI стагодзьдзі, і пераважна за вайсковыя заслугі.
І ў XVI стагодзьдзі шляхта сапраўды адыгрывае вельмі важную ролю ў войску і ў фармаваньні заканадаўчай сыстэмы. Не забудзем, што Статуты ВКЛ былі напісаныя на вельмі высокім узроўні.
Таксама шляхта займалася адміністраваньнем Вялікага Княства Літоўскага. Таму тут важна адзначыць, што палітычная эліта мае вельмі сур’ёзную адказнасьць у сфэры кіраваньня краінай. І пакуль яна гэтую функцыю выконвае на добрым узроўні і разумее, што адбываецца, то на гэтым этапе эліта зьяўляецца эфэктыўнай.
Але нават у XVI стагодзьдзі на сыстэму кіраваньня, на адміністрацыйную і палітычную сыстэму было вельмі шмат нараканьняў. Калі зьвернемся да прац Андрэя Волана, то ён вельмі часта крытыкаваў існуючы лад і паказваў на яго заганы.
Але калі мы бяром фэадальнае грамадзтва, то тут яшчэ адзін важны момант — яно вельмі кансэрватыўнае і вельмі ня любіць зьменаў, таму да апошняга будзе захоўваць свае старыя прынцыпы.
Нават калі ўзяць эканамічныя рэформы, што былі зробленыя ў каралеўскіх уладаньнях Боны Сфорцы, а шляхта іх пасьля пераняла, то гэта была апошняя эканамічная рэформа, бо наступныя ў нас зьяўляюцца толькі ў XVIII стагодзьдзі.
Сама па сабе шляхта мела пазытыўную ролю, калі яна разьвівалася як інстытут, як набілітэт. Але, як і любы іншы інстытут, яна мела розныя пэрыяды разьвіцьця. І напрыканцы існаваньня дзяржавы было зразумела, што шляхта не хацела зьменаў. Шляхта хоць і езьдзіла ў Эўропу і бачыла там іншую эканамічную сытуацыю, але нічога не рабіла для таго, каб больш мяккім чынам перайсьці да новага грамадзтва і новага эканамічнага парадку. Шляхта трымала ўсё да апошняга, пакуль усё само не пачало развальвацца.
Развал сыстэмы быў бачны ўжо ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, калі была вайна з Масквою. Найперш гэта відаць па тым, што была сур’ёзная сэгрэгацыя, і ў кожнай групы насельніцтва былі тады свае інтарэсы — у мяшчан, у шляхты і ў сялян. І самым відавочным было тое, што калі пачалася вайна, сяляне выступілі супраць сваёй шляхты і ўдзельнічалі ў рабаваньні і забойствах шляхты. Гэта сьведчыць пра тое, што ў тыя часы паміж імі было вельмі моцнае супрацьстаяньне, якое выплюхнулася, калі зьявілася магчымасьць — гэта значыць падчас вайны.
Але гэта шляхту нічому не навучыла, яна не пераасэнсавала і нічога не зрабіла для таго, каб правесьці пэўныя рэформы, пасьля таго як скончылася вайна, хоць такая магчымасьць была.
І зразумела, што чым далей, тым больш шляхта станавілася інстытутам непатрэбным. Нават урокі Францускай рэвалюцыі палітычную эліту не навучылі таму, што калі эліта даводзіць краіну да руйнаваньня, то эліта таксама ідзе пад гільятыну.
І гэта была ня толькі праблема Рэчы Паспалітай. Гэта можна пабачыць на прыкладзе любой краіны.
— Ці было б народу і краіне лепш, каб шляхта цудоўным чынам зьнікла ў якім-небудзь XVII стагодзьдзі?
— Напэўна, было б лепш, каб яна трансфармавалася ў што-небудзь іншае.
Можа, не зусім зьнікла... Бо ў пэўнай катэгорыі шляхты было ўменьне кіраваць, а гэта навык усё ж вельмі важны, так проста кіраваць абы-каго не паставіш. Шляхта ж атрымлівала адукацыю ў сфэры права, палітыкі.
А вось самым правільным было б тое, каб у сыстэму кіраваньня ўваходзілі прадстаўнікі іншых саслоўяў, якія б абіраліся паводле сваіх здольнасьцяў і ўменьня кіраваць, а ня толькі паводле паходжаньня. Калі ты шляхціц, гэта, вядома, не азначае, што ты апрыёры можаш добра кіраваць. У гісторыі вельмі шмат прыкладаў дрэннага кіраваньня і злоўжываньняў шляхты з розных паветаў. Таму абнаўленьне сыстэмы, як на тыя часы, было ўжо вельмі неабходным.
— Удзел у кіраваньні прадстаўнікоў розных пластоў грамадзтва — гэта ўжо нацыянальныя працэсы, час нацый і нацыянальнага фармаваньня і сталеньня старых народаў. Так што можна зрабіць выснову, што калі ня шляхта, то прынамсі шляхецкая сыстэма тармазіла і затармазіла нацыянальныя працэсы, нацыянальнае разьвіцьцё народаў Вялікага Княства Літоўскага.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Натальля Сьліж пра мяшчан і найвялікшую загадку Горадні XVI стагодзьдзя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Нельга проціпастаўляць сялянскую і шляхецкую культуры, — Натальля Сьліж ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». На беларусах таксама ляжыць імпэрскае кляймо, — гісторык Андрэй Зубаў
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.