«У Менску было нашмат страшней». Беларусы расказваюць, як праходзяць пратэсты ў Тбілісі

Грузінскія сілавікі на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі, 14 траўня 2024

14 траўня ў Грузіі прынялі закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву». Беларусы, якія жывуць у Грузіі, расказалі, што на тбіліскіх акцыях сілавікі нашмат больш лагодныя, чым у Беларусі.

Акцыі пратэсту супраць закону «аб іншаземных агентах» пачаліся ў Грузіі сёлета 8 красавіка. У гэты дзень адбылося першае абмеркаваньне законапраекту. 14 траўня грузінскі парлямэнт канчаткова ўхваліў закон у трэцім слуханьні. Больш за месяц у Тбілісі, а часам у Батумі, Кутаісі і іншых мясцовасьцях адбываюцца акцыі пратэсту супраць новаўвядзеньня.

Пакуль што самай вялікай стала акцыя ў нядзелю 12 траўня. Паводле розных ацэнак, на яе прыйшлі ад 50 да 300 тысяч чалавек. З гэтага дня прынамсі сотні людзей заставаліся каля будынка парлямэнту дзень і ноч. Дзеля акцыяў пратэсту паліцыя перакрывала для дарожнага руху цэнтар гораду.

За апошні месяц за ўдзел у пратэстах у Тбілісі арыштавалі каля 180 чалавек. Некаторых затрыманых актывістаў даводзілася адвозіць у шпіталь. Для разгону пратэстоўцаў грузінскія сілавікі выкарыстоўваюць вадамёты, пярцовы газ, часам сьвятлашумавыя гранаты.

Патрабаваньні пратэстоўцаў што да адмены закону аб «іншаземных агентах» і адстаўкі ўраду пакуль не задаволеныя.

Супрацьстаяньне пратэстоўцаў зь сілавікамі ля будынку парлямэнту ў Тбілісі, 14 траўня 2024

Дзеці, атрыбутыка і папкорн

Беларус Дзьмітры (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) з 2021 году жыве ў Грузіі. На радзіме ён зазнаў перасьлед, таму быў вымушаны выехаць. Цяпер у Тбілісі. На працягу больш як двух тыдняў Дзьмітры назірае за пратэстамі. Падкрэсьлівае, што менавіта назірае, не бярэ ўдзелу.

«Бо гэта краіна, якая прыняла нас, і я лічу, што ня маю права пляваць у руку, якую мне працягнулі. Гэта іхныя ўнутраныя справы. Я ня маю права ўмешвацца», — тлумачыць сваю пазыцыю Дзьмітры.

Беларус зазначае, што нельга параўноўваць палітычную сытуацыю ў Беларусі і Грузіі, бо тут «стракаты палітычны ляндшафт» і апазыцыя ўбудаваная ў дзяржаўныя інстытуцыі, той жа парлямэнт, у адрозьненьне ад Беларусі.

Але, кажа Дзьмітры, ён трымае ў галаве, што сілавыя структуры зь цягам часу могуць пачаць дзейнічаць у кірунку беларускіх «калегаў».

Ён добра памятае пратэсты ў Беларусі і іх наступствы ў выглядзе крымінальнага перасьледу і вялікіх рахункаў для абвінавачаных ад транспартных арганізацый, якім нібыта «нанесьлі шкоду».

«Тут па-іншаму. Калі места перакрытае паліцыяй, кіроўцы грамадзкага транспарту проста гэта ўлічваюць і зьмяняюць маршрут. Пратэстоўцаў не вінавацяць у гэтым. Пакуль што. Аўтамабілісты хоць і стаяць у заторах, але не абураюцца, падтрымліваюць пратэсты. Натуральна, ня ўсе, але большасьць напэўна. Мэтро працуе, ніхто яго не закрываў», — кажа суразмоўца.

Паводле ягоных назіраньняў, на пратэстах прыкладна 80% сьцягоў — грузінскія, каля 20% — Эўразьвязу. Беларускіх нацыянальных ён ня бачыў, хаця ўкраінскія прысутнічаюць.

Дзьмітры дзеліцца такім назіраньнем: калі абвяшчаюць у нейкім месцы Тбілісі месца і час збору, дык туды за гадзіну-дзьве «падцягваюцца» гандляры. Яны прапануюць сьцягі, адпаведную атрыбутыку і папкорн з аўтаматаў на колах. «І плюс кавярні ўсе працуюць, некаторыя зь іх бясплатна частуюць людзей у гэты час», — дадаў беларус.

Яшчэ адно ягонае назіраньне — дзеці на акцыях. Кажа, што са зьдзіўленьнем назіраў, як двое малых на самакатах ехалі наперадзе калёнаў. Іншыя дзеці былі такімі «лялькаводамі» — мелі мэгафоны, крычалі лёзунгі і «заводзілі натоўп».

«Я пацікавіўся ў мясцовых знаёмых грузінаў, як так. Дзеці ж нібыта па-за палітыкай? Яны сказалі, што гэта нармальна, што дзеці тут таксама цікавяцца палітыкай і абмяркоўваюць яе. Вядома, калі нейкая жорсткасьць і разгон, дык там папярэджваюць, каб прыбралі дзяцей. Але калі акцыя мірная, дык дзеці прысутнічаюць», — кажа Дзьмітры.

Плякаты пратэстоўцаў на будынку парлямэнту ў Тбілісі

«Нікому не дамо сядзець у нас на шыі»

Дзьмітры кажа, што шмат размаўляе зь мясцовымі. Тыя казалі, што ня хочуць ані «расейскага закону» (маецца на ўвазе закон пра «іншаземных агентаў». — РС), ані «расейскага рэжыму». Паводле яго, людзей хутчэй хвалююць наступствы такога заканадаўства, чым само яно ў чыстым выглядзе. Грузіны непакояцца, што ўсьлед за такім законам будзе наступ на іншыя свабоды. І кажуць, што не дадуць нікому «сядзець у нас на шыі».

На адной з акцыяў паліцыя ўжывала газ, і Дзьмітры адчуў наступствы гэтага. Бо, кажа, у той дзень не было ветру і газ доўга вісеў у паветры. Дапамагла звычайная мэдыцынская маска. Беларус кажа, што на мітынгу іх раздавалі бясплатна.

Дзьмітры дзеліцца яшчэ адным назіраньнем. Пра кожны інцыдэнт грузінскія СМІ пішуць, на ягоны погляд, у некаторай ступені перабольшана.

«Напрыклад, пішуць: „Пачаліся затрыманьні!“ — па выніку ж затрыманы адзін чалавек, так было раней. Ці пішуць: „Асьцярожна, вельмі жорсткія кадры!“, але на здымках, як па мне, для беларуса нічога „вельмі жорсткага“. Хоць я разумею, што нікога нельга біць па галаве. Але ў Менску было нашмат страшней і больш жорстка. Я спытаўся ў мясцовых журналістаў: „Для чаго вы так падаяце інфармацыю?“ А яны кажуць: „Каб да больш жорсткага не дайшло і каб яны не распускалі рук“», — дзеліцца суразмоўца.

Удзельнікі пратэсту ў Тбілісі, 14 траўня 2024

«Калі скажуць, што зьбіраемся а пятай, дык яны зьбяруцца а дзясятай»

Беларус Аляксандар, які жыве ў Тбілісі, расказаў Свабодзе, што атмасфэра на грузінскіх акцыях пратэсту вельмі мірная. Ён браў удзел у беларускіх пратэстах у 2020 годзе. Там, паводле яго, было зусім ня так.

«Там заўсёды страляеш вачыма. Ня ведаеш, зь якога боку на цябе пабягуць. Тут, у Грузіі, ты ходзіш міма паліцэйскіх спакойна», — кажа суразмоўца.

14 траўня і раней людзей на акцыях затрымлівалі. Але, на думку Аляксандра, калі параўноўваць зь Беларусьсю, дык даволі лагодна.

«Паліцыя не перашкаджае людзям. Асноўныя сутычкі адбываліся каля службовых уваходаў у парлямэнт. Там заўсёды канцэнтрацыя спэцназу і паліцыі. Затрыманьні заўсёды на лініі сутыкненьня паліцэйскіх і дэманстрантаў», — кажа ён.

Суразмоўца дадае, што, нягледзячы на перакрыты рух, па горадзе можна перасоўвацца досыць камфортна і бясьпечна. Перакрываюць некалькі кварталаў у самым цэнтры гораду, у тым ліку ўвесь праспэкт Руставэлі, на якім знаходзіцца парлямэнт. 14 траўня акцыю абвесьцілі з самага ранку. Але больш людзей стала падцягвацца бліжэй да вечара, пасьля працы.

«Людзі проста ходзяць перад парлямэнтам. Імкнуцца зрабіць як мага больш шуму. Пляскаюць па бляхах, выкарыстоўваюць прыстасаваньні, як у заўзятараў. Амаль у кожнага тут ёсьць спэцыяльныя акуляры, калі будуць паліваць пярцовым газам, у многіх ёсьць рэсьпіратары. Гэта тут не забаронена, за гэта не затрымліваюць. У эпіцэнтры кепская сувязь», — кажа беларус.

Калі параўнаць зь беларускімі акцыямі, дык грузінская моладзь вельмі доўга зьбіраецца, адзначае суразмоўца.

«Калі скажуць, што зьбіраемся а пятай, дык яны зьбяруцца а дзясятай. Але яны могуць заставацца да канца, да раніцы. Іх разганяюць, яны зноў вяртаюцца. Потым бачыш раніцай у мэтро, як маладыя людзі з рэсьпіратарамі засынаюць», — дзеліцца Аляксандар.

Пратэстуе больш маладых людзей, але ёсьць таксама і старэйшыя. Сутычкі адбываюцца, але невялікія. Большасьць людзей вельмі мірныя, заўважае беларус.

«Ёсьць актыўна настроеныя пратэстоўцы, якія падыходзяць бліжэй. Былі спробы будаваць барыкады з паліцэйскай агароджы і сьмецьцевых бакаў, кідаць камяні ў плот, каб ён грымеў. Самыя актыўныя робяць шмат шуму. Паліцыя стаіць шчыльнымі шэрагамі каля службовых выхадаў. Калі людзі падсоўваюцца, яны часам нападаюць і затрымліваюць. Паліваюць газам, вадой, некаторых вельмі моцна білі рукамі і нагамі», — успамінае ён.

Мужчына ведае прыкладна пра 20 пацярпелых, з улікам паліцыянтаў.

«Быў чалавек з акрываўленым вокам, але ўсё абышлося, вока ня выбілі... Я размаўляў зь дзяўчынай-грузінкай. Кажу, у вас тут паліцыянты лагодна ставяцца да пратэстоўцаў. Яна кажа: за гэта мы і змагаемся, маўляў, каб не дакаціцца да вас», — пераказвае беларус.

Пратэстоўцы на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі ўначы з 14 на 15 траўня

«Па начах гэта сотні чалавек. Удзень — тысячы»

Беларус Алег, які жыве ў Тбілісі, расказаў, што назіраў за акцыямі пратэсту ў Грузіі збоку. Ён неаднойчы праходзіў міма. Таксама маніторыць сытуацыю праз мэдыя і знаёмых, хто ходзіць на акцыі. У Беларусі ён раней браў удзел у акцыях пратэсту сам.

«Збольшага гэта выглядае як сьвята яднаньня народу з адчуваньнем, што наперадзе чакае нешта сьветлае і пазытыўнае. Але проста ў гэтыя сэкунды спэцназ вельмі жорстка разганяе пратэстоўцаў, выкарыстоўвае вадамёты, б'е вельмі жорстка (размова адбываецца празь некалькі гадзінаў пасьля прыняцьця закону „аб іншаземных агентах“ у трэцім чытаньні. — РС). Раней выкарыстоўвалі і сьвятлашумавыя гранаты. Выкарыстоўваюць сілу крымінальнай паліцыі і сілавікоў у строях „касманаўтаў“», — кажа ён.

Са словаў мужчыны, у апошні час пратэсты каля парлямэнту працягваюцца пастаянна.

«Некалькі дзён таму была ідэя арганізаваць каля парлямэнту намётавае мястэчка. Яго не арганізавалі, але з таго моманту перад будынкам парлямэнту хтосьці ёсьць. Па начах гэта сотні чалавек. Удзень гэта могуць быць тысячы, якія сьпяваюць песьні, крычаць лёзунгі. Увечары гэта дзясяткі тысяч чалавек, якія выходзяць на марш», — тлумачыць ён.

Са словаў Алега, сутычкі адбываюцца не пастаянна. Пратэстоўцы рэагуюць на іх.

«Яны спрабуюць ламаць барыкады, прарывацца ў будынак парлямэнту, адбіваць таго, каго затрымліваюць. Тады ўжо не да сьпеваў», — кажа мужчына.

Ён сустракаў найбольш інфармацыі пра траўмы сярод актывістаў.

«Выхопліваюць з натоўпу асобных людзей. Пры затрыманьні іх актыўна б'юць. Потым завозяць у лякарні, дзе ім аказваюць дапамогу. Адтуль яны выкладаюць фатаздымкі са словамі „Мы не здамося“, але выглядаюць яны вельмі моцна пабітымі», — адзначае мужчына.

Затрыманых, зь яго словаў, выпускаюць празь некалькі гадзін. На ягоную думку, у Грузіі вельмі малая колькасьць затрыманых пратэстоўцаў у параўнаньні зь Беларусьсю. Паводле назіраньняў Алега, у горадзе агулам няма праблемаў з сувязьзю. Толькі ў цэнтры бываюць перабоі. Праспэкт Руставэлі заблякаваны ў апошнія дні.

«Гэта вельмі важная вуліца для Тбілісі. У горадзе і так пастаянна заторы, а з улікам пратэстаў стала ў разы складаней. Але выглядае, што тбілісцы прывыклі да пратэстаў і ставяцца досыць ляяльна», — заўважае ён.

Беларус адзначае, што на акцыях не відаць беларускіх сьцягоў.

«Пакуль гэта вельмі моцна адрозьніваецца ад Беларусі, бо няма масавых рэпрэсій, масавага пабіцьця. Але сілавікі ўсё больш жорстка наважваюцца затрымліваць і біць. Ёсьць страх, што гэта можа наблізіцца да беларускага сцэнару», — мяркуе ён.

Людзі прыяжджаюць на пратэсты ў Тбілісі зь іншых гарадоў. Тбілісцы стварылі групы, дзе прапануюць спыніцца ў іх, заахвочваюць людзей прыяжджаць з рэгіёнаў і далучацца да пратэстаў. Таксама здараюцца акцыі ў Батумі, Кутаісі, расказвае Алег.

Ён сам не бярэ ўдзелу ў грузінскіх пратэстах. Хаця прапануе сябрам, якія пратэстуюць, сваю дапамогу.

«Мой сябар вельмі актыўны. Я яму кажу: калі нешта будзе патрэбна, ты кажы, калі трэба будзе прынесьці рэсьпіратары ці вады. Але я не знаходжу прычыны, каб ісьці пратэставаць, ня вельмі знаходжу сябе ў грузінскім грамадзтве. Ёсьць думкі, што могуць дэпартаваць з краіны, калі буду выходзіць на пратэсты», — прызнаецца ён.

Пратэстоўцы падчас начнога дзяжурства ля будынку парлямэнту ў Тбілісі

Пагроза арышту і дэпартацыі

Беларуска Марыя* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), якая жыве ў Батумі, расказала, што 14 траўня батумцы выйшлі на акцыю пратэсту, але яна сама не далучалася, бо працавала і перажывала за сваю бясьпеку.

«Праца ў іншай краіне — вельмі сур’ёзная справа. Трэба круціцца, зарабляць, каб хапіла табе і дзецям. Калі мяне затрымаюць, то я пэўны час ня здолею працаваць, не змагу паведаміць пра гэта сям’і, кліентам. Страчу шмат часу і грошай», — кажа Марыя.

Яна адзначае, што пра ейнае дзіця ў выпадку затрыманьня таксама ніхто іншы не паклапоціцца. «У чужой краіне да фізычнай бясьпекі ставісься больш адказна, бо трапіць у шпіталь — гэта грошы. І гэта лішнія праблемы, якіх і так хапае», — падкрэсьлівае Марыя.

Жанчына непакоіцца, што яе пасьля патэнцыйнага арышту могуць дэпартаваць у Беларусь, а гэтага яна ня хоча.

«Яшчэ адна прычына, што мне давядзецца ехаць у Беларусь. Я і так буду рызыкаваць. Я цяпер перастала лайкаць, камэнтаваць, хадзіць кудысьці, каб зьнізіць рызыкі. Указ з пашпартамі паказаў, што цябе так проста можна абмежаваць у чужой краіне, і ты з гэтым нічога ня зможаш зрабіць», — разважае суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі пратэстоўцы штурмавалі парлямэнт, іх затрымлівалі з ужываньнем сілы і спэцсродкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі ўхваліў закон аб «іншаземных агентах». Перад гэтым дэпутаты пабіліся
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я баюся. Пастаянна». Як жывуць сваякі палітэмігрантаў пасьля пагрозаў Лукашэнкі