Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі пратэстоўцы штурмавалі парлямэнт, іх затрымлівалі з ужываньнем сілы і спэцсродкаў


Удзельнікі акцыі пратэсту ў сталіцы Грузіі, якія выступаюць супраць закону аб «іншаземных агентах», змаглі прабіць мэталічныя загароды ля ўваходу ў парлямэнт, пасьля чаго спэцназ пачаў жорстка затрымліваць дэманстрантаў.

Удзельнікі мітынгу пашкодзілі ахоўны жалезны бар’ер, усталяваны ля будынку парлямэнту. Пасьля гэтага іх пачалі затрымліваць.

Ахоўны бар’ер ля будынку парлямэнту, пашкоджаны пратэстоўцамі
Ахоўны бар’ер ля будынку парлямэнту, пашкоджаны пратэстоўцамі

Супрацоўнікі МУС Грузіі занялі тэрыторыю перад будынкам парлямэнту, жорстка затрымліваючы дэманстрантаў, паведамляе «Эхо Кавказа».

З 17.00 у парлямэнце Грузіі быў уведзены «чырвоны ўзровень». Гэта значыць, што будынак павінны пакінуць усе дэпутаты і супрацоўнікі, акрамя самага неабходнага пэрсаналу.

Затрыманьні пратэстоўцаў
Затрыманьні пратэстоўцаў

Спэцназ і іншыя падразьдзяленьні МУС адціснулі дэманстрантаў ад тэрыторыі перад будынкам парлямэнту і разьмясьціліся па ўсім пэрымэтры парлямэнту, а таксама на праспэкце Руставелі, дзе сабраліся пратэстоўцы.

Пасьля спэцназ пакінуў тэрыторыю ў парлямэнту, пратэстоўцы вярнуліся да будынка заканадаўчага органа. Мітынг працягнуўся. Нягледзячы на дождж, у ім удзельнічалі некалькі тысяч чалавек.

Увечары тысячы маніфэстантаў, якія пратэставалі на перад будынкам парлямэнту Грузіі, перамясьціліся на Плошчу Герояў, дзе паліцыя зноў правяла жорсткія затрыманьні. Сілавікі прымянілі гвалт у дачыненьні да грамадзян, якія перакрылі праезную частку. Былі затрыманыя каля 10 чалавек. Пасьля гэтага Плошчу Герояў запоўнілі тысячы пратэстоўцаў. Транспартны рух быў цалкам паралізаваны, паведамляе SOVA.

Удзельнікі акцыі пратэсту ў Тбілісі пачалі перакрываць розныя вуліцы горада. «Мы павінны ахапіць вялікую тэрыторыю і ўсім даць зразумець, што не дазволім ператварыць нас у расейцаў. Мы — Грузія!», — цытуюць грузінскія СМІ заяву арганізатараў мітынгу.

СМІ паведамлялі пра масавыя затрыманьні 14 траўня. МУС Грузіі заявіла, што за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням паліцыі і дробнае хуліганства затрымалі 13 чалавек, і паабяцала «строгую прававую рэакцыю» на дзеяньні ўдзельнікаў мітынгу. У паведамленьні МУС гаворыцца, што пратэстоўцы пасьля пашкоджаньня жалезнай агароджы «ў выніку здолелі пракрасьціся на тэрыторыю парлямэнту».

У ведамстве сьцьвярджаюць, што пратэстоўцы пачалі кідаць у сілавікоў розныя прадметы, таму «праваахоўнікі прымянілі прапарцыйную сілу і спэцыяльныя сродкі».

СМІ паведамлялі пра прымяненьне сілавікамі пярцовага спрэю ў дачыненьні да ўдзельнікаў мітынгу.

Мітынгі ў Тбілісі працягваюцца ўжо каля месяца. Галоўны лёзунг пратэставага руху: «Не расейскаму закону!».

  • Некалькі гадзін таму 14 траўня парлямэнт Грузіі ў трэцім, канчатковым чытаньні зацьвердзіў так званы закон аб «іншаземных агентах». За зацьвярджэньне скандальнай ініцыятывы «Грузінскай мары» прагаласавалі 84 дэпутаты — нягледзячы на пратэсты дзясяткаў тысяч грамадзян краіны, якія выходзяць на акцыі, і крытыку міжнародных партнэраў Грузіі. 30 апазыцыянэраў прагаласавалі супраць.
  • Закон, прыняты парлямэнтам, у 10-дзённы тэрмін перададуць прэзыдэнту Грузіі. Саламэ Зурабішвілі раней паабяцала, што накладзе вэта на законапраект.
  • Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт у 2-тыднёвы тэрмін падпісвае і публікуе закон або з матываванымі заўвагамі вяртае яго ў парлямэнт. У «Грузінскай мары» ёсьць дастаткова галасоў, каб пераадолець вэта. Калі і пасьля гэтага прэзыдэнт не падпіша закон, яго падпісвае і публікуе старшыня парлямэнту. Як мяркуецца, «Мара» можа канчаткова зацьвердзіць закон у сярэдзіне чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG