Пра гэта піша «Настоящее время».
Палявы лягер у вёсцы Цэль Магілёўскай вобласьці хуткімі тэмпамі пабудавалі ў канцы чэрвеня мінулага года, практычна адразу пасьля няўдалага мяцяжу заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына. Тады некалькі тысяч наймітаў, як і сам Прыгожын, прыехалі ў Беларусь.
Пра тое, што вагнэраўцы будуць рабіць у Беларусі, на дзяржаўных каналах расказвалі так: «Галоўная асаблівасьць заняткаў — інструктары. Імі выступаюць байцы з ПВК „Вагнэр“, якія перадаюць беларусам свой баявы вопыт».
Цяпер ад лягера ў Магілёўскай вобласьці, які рыхтаваўся для наймітаў, нічога не засталося. Як і саміх вагнэраўцаў у ім. У Беларусь летась, паводле розных крыніцаў, прыбыло да васьмі тысяч наймітаў.
Аляксандр Лукашэнка наймітамі ПВК «Вагнэр» нават палохаў суседнія эўрапейскія краіны: «Нас пачалі напружваць вагнэраўцы, просяцца на Захад. [Пытаюцца]: «Дазвольце нам?» Я кажу: «Вам навошта на Захад?» [Адказваюць]: «Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў».
Але пасьля гібелі Яўгена Прыгожына ў жніўні 2023 года колькасьць наймітаў у Беларусі значна скарацілася. Сёньня, як распавялі ў аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol, вагнэраўцаў на тэрыторыі краіны засталося не больш за два дзясяткі чалавек, яны трэніруюць беларускіх міліцыянтаў.
«Яны там праводзяць нейкія вучэньні, трэніроўкі. Але іх колькасьць памяншаецца. Наколькі нам вядома, іх вывозяць ці яны самі зьязджаюць у Афрыку», — кажа прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар.
На думку палітычнага аглядальніка беларускай службы Радыё Свабода Валерыя Карбалевіча, разьмяшчэньне наймітаў у Беларусі было часовым вырашэньнем у канфлікце Ўладзіміра Пуціна і Яўгена Прыгожына, а Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў гэта ў сваіх мэтах.
«Лукашэнка прыдумляў гэтую вэрсію, што, маўляў, яны просяцца на экскурсію ў Польшчу, але я іх не пускаю. Але гэта быў яшчэ адзін мэханізм ціску, шантажу на суседзяў: на літоўцаў і палякаў», — лічыць Карбалевіч.
Гісторыя наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі, лічаць суразмоўцы НВ, скончана. Якога-небудзь асаблівага ўплыву, паводле іх слоў, яны не аказалі.
«Вялікага кантакту паміж так званымі сілавымі ведамствамі і „вагнэрамі“ знойдзена ня было, таму што там структура, людзі абсалютна іншага характару, кшталту. І іх інтарэсы ляжаць у плоскасьці грошай, а не нейкіх пытаньнях, якія так моцна цікавяць Лукашэнку», — адзначае Уладзімір Жыгар.
«Вагнэраўцам у Беларусі рабіць няма чаго. Ніхто ім такіх грошай, якія яны атрымлівалі ў Расеі, тут плаціць не зьбіраўся і не зьбіраецца, таму яны перакантаваліся і рассмакталіся. Засталося зусім няшмат: некалькі дзясяткаў, якім, напэўна, няма куды зьяжджаць», — працягвае Валерый Карбалевіч.
Экспэрты дадаюць, што тыя найміты, якія ўсё ж засталіся ў Беларусі, уваходзяць у падразьдзяленьні МУС, а не міністэрствы абароны. Галоўная задача беларускай міліцыі зараз — барацьба з апазыцыяй і іншадумствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на $400 млн. У ім ракеты для ЗРК Patriot і БМП Bradley