Пасьля выпадку са Шмытам прэм’ер Польшчы ініцыяваў камісію для расьсьледаваньня ўплываў Беларусі і Расеі

Прэм’ер Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота

Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны, паведамляе польскі тэлеканал TVN.

Як адзначыў прэмʼер Польшчы Дональд Туск, на гэты момант падрыхтаваны законапраект, паводле якога створаць канстытуцыйную камісію, што будзе расьсьледаваць уплыў Беларусі і Расеі на тое, што адбываецца ў Польшчы на працягу многіх гадоў. Тэма расейскага ўплыву ў Польшчы вярнулася ў парадак дня, калі судзьдзя Томаш Шмыт паехаў у Беларусь і папрасіў прытулку ў Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што польскага дэзэртыра Чэчку забілі, і прыставіў да зьбеглага судзьдзі Шмыта ахову

6 траўня Томаш Шмыт выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.

Прэм’ер Польшчы Туск заявіў, што Шмыт даўно супрацоўнічаў зь беларускімі ўладамі. Туск падкрэсьліў, што выпадак з уцёкамі судзьдзі Шмыта нельга недаацэньваць, бо той меў непасрэдны доступ да былога міністра юстыцыі, «які меў доступ да сакрэтных дакумэнтаў, да якіх ніякая выведка не павінна мець доступу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны адміністрацыйны суд Польшчы прыняў адстаўку Томаша Шмыта, які папрасіў прытулку ў Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі суд дазволіў арыштаваць судзьдзю Шмыта, які зьбег у Беларусь, па абвінавачаньні ў шпіянажы