Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны адміністрацыйны суд Польшчы прыняў адстаўку Томаша Шмыта, які папрасіў прытулку ў Лукашэнкі


Былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт, ахіўнае фота
Былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт, ахіўнае фота

Рашэньне аб адстаўцы Томаша Шмыта, якога абвінавачваюць у перадачы замежнай выведцы сакрэтных зьвестак, набыло моц неадкладна.

Вышэйшы адміністрацыйны суд Польшчы прыняў адстаўку судзьдзі Ваяводзкага адміністрацыйнага суду ў Варшаве Томаша Шмыта 9 траўня 2024 году, паведамляе прэс-служба суду. Рашэньне набыло моц неадкладна.

Раней Дысцыплінарны суд пры Галоўным адміністрацыйным судзе Польшчы дазволіў затрымаць і ўзяць пад варту судзьдзю Шмыта, якога абвінавачваюць у перадачы замежнай выведцы сакрэтных зьвестак (п. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы).

6 траўня Томаш Шмыт выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.

Польскае выданьне Gazeta Wyborcza высьветліла, што судзьдзя Томаш Шмыт часта па службе вызначаў, каму даваць доступ да сакрэтных матэрыялаў. У Варшаўскім ваяводзкім адміністрацыйным судзе ён займаўся справамі, датычнымі дзяржаўных таямніц.

На 4 чэрвеня ён быў прызначаны ў склад камісіі адносна наданьня доступу да сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку да таямніц NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскай касьмічнай агенцыі (ЭКА).

Вядома, што судзьдзя Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну.

Выданьне піша, што Шмыта шанавалі ў часы ўраду ПіС, генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра прызначыў яго на працу ў Дзяржаўную раду судаводзтва (па-польску KRS, у час рэформаў ПіС орган атрымаў у прэсе назву neo-KRS). Аднак Эўрапейскі суд правоў чалавека і Трыбунал правасудзьдзя ЭЗ у сваіх выраках пасьля разгляду польскай справы адзначылі, што судзьдзі прызначаліся ў KRS незаконна. У сакавіку Таварыства польскіх судзьдзяў Iustitia, грунтуючыся на гэтых рашэньнях, пастанавіла, што працэдуру неабходна паўтарыць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG