«ПіК Свабоды»: «Сьвята перамогі ператварылі ў сьвята вайны», — палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман

Палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман. Лукашэнка і Пуцін на парадзе ў Маскве. Ілюстрацыйны каляж

Лукашэнка адзначаў 9 траўня ў Маскве на парадзе, дзе маршавалі ўдзельнікі ўварваньня ва Ўкраіну. Прарасейскія сілы Беларусі правялі шэсьці «Несьмяротны полк». Якую перамогу сьвяткуе Лукашэнка? Як сёлетні кантэкст ягонай прысутнасьці ў Маскве? Адказвае гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Аляксандар, не падлічу ўжо каторы раз Лукашэнка выпраўляецца 9 траўня на парад у Маскву. Сёлета са шпіцам, назірае, як маршуюць удзельнікі параду, расейскія вайскоўцы, якія ўварваліся ва Ўкраіну. Які сёлетні кантэкст ягонай прысутнасьці ў Маскве?

— Прысутнасьць Лукашэнкі абавязковая. Часы мяняюцца. Людзі, якія прыяжджаюць на гэты парад, таксама мяняюцца. Сёньня там былі і ў пэўным сэнсе экзатычныя госьці, кшталту прэзыдэнтаў Лаосу, Кубы ці Гвінэі-Бісаў. А Лукашэнка застаецца. Ён абавязковы, яго прысутнасьць на парадзе для расейскага боку — прыкмета ляяльнасьці. Ляяльнасьць Лукашэнку трэба паказваць. У яго няма іншай магчымасьці. Кантэкст ранейшы, як і ўсе апошнія гады — гэта кантэкст вайны ва Ўкраіне, гэтая тэма прысутнічае. Сам Пуцін у сваёй прамове падкрэсьліваў, што галоўная тэма, якая ёсьць і застаецца, гэта вайна ва Ўкраіне. А тая вайна, Другая сусьветная вайна, — гэта толькі гістарычная тэма, якая выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску і абласных гарадах Беларусі прайшлі прарасейскія акцыі «Несьмяротны полк»

— Некалькі гадоў таму Лукашэнка паехаў на парад у Маскву і публічна заявіў, што прыехаў у «сталіцу нашай радзімы Маскву». Калі разглядаць герархію, паводле якой на парадзе ў Пуціна рассадзілі постсавецкіх кіраўнікоў, якія зьяжджаюцца ў так званую «сталіцу», на што б вы зьвярнулі ўвагу? Дзе месца Лукашэнкі і, адпаведна, Беларусі?

— Лукашэнка, відавочна, самы блізкі. Гэта адчуваецца нават у сёньняшніх заявах Пуціна, калі ён падкрэсьліваў, што яны ўчора ўначы вялі перамовы. Гэта падкрэсьлівае блізкасьць. Лукашэнка — той чалавек, зь якім Пуцін сустракаецца, з кім ён перамаўляецца, з кім ён абмяркоўвае грунтоўныя рэчы і да якога ён у пэўным сэнсе гатовы падстроіцца. Ён разумее, што ў Лукашэнкі, паколькі сьвята адзначаецца таксама ў Беларусі, ёсьць свая праграма. Лукашэнку нельга пасунуць, як гэта было з прэзыдэнтам Кубы, на другую палову дня. Таму пад Лукашэнку таксама падстройваюцца. Але сярод усіх, хто там прысутнічаў, усё гэта замежныя госьці. Для іх, за выключэньнем Лукашэнкі, гэта абсалютна прахадная падзея. Для Таджыкістану, Казахстану гэтае сьвята ня мае такой вагі. Ці будзе прэзыдэнт Такаеў у гэты дзень у Маскве ці ў Астане, прынцыпова нічога не вырашае для Казахстану. Не гаворачы пра такія краіны, як Лаос альбо Куба. З Лукашэнкам іншая гісторыя. У Беларусі ёсьць свая праграма на гэтае сьвята. Апошнімі гадамі ён ляціць у Маскву і праводзіць там час і потым вяртаецца, усе галоўныя мерапрыемствы ў Беларусі падстройваюцца пад гэты расейскі такт. І гэта вельмі выразная прыкмета залежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве прайшоў вайсковы парад да Дня Перамогі, Лукашэнка прыехаў са сваім шпіцам

— Шмат гадоў улады Беларусі дыстанцыяваліся ад расейскай прапагандысцкай акцыі «Несьмяротны полк». Улады вынаходзілі ўласныя сымбалі зь яблыняй. Сёлета, напэўна, упершыню адбыліся шэсьці «Несьмяротнага палку» ў абласных гарадах, у Берасьці ў шэсьці ўзялі ўдзел прадстаўнікі часткова акупаванай Расеяй Запароскай вобласьці Ўкраіны. Пра што гэта сьведчыць?

— Раней у Лукашэнкі былі магчымасьці сваю самастойнасьць падкрэсьліваць. Мы таксама адзначаем сьвята перамогі, для нас гэта самае галоўнае сьвята, але ў нас ёсьць свае асаблівасьці. І стужкі ў нас іншыя, і акцыю «Несьмяротны полк» не праводзім, у нас свае традыцыі.

Да 2020 году Лукашэнка таксама гэта падкрэсьліваў. Калі паглядзець на тагачасную рыторыку, так званае расейскае «победобесие» пачалося не ў 2022 годзе, яно працягваецца трэцяе дзесяцігодзьдзе. У Беларусі гэта было больш спакойна, без гэтай агрэсіўнай рыторыкі. Так, вельмі важнае сьвята, Лукашэнка рабіў свае заявы, але асаблівым радыкалізмам ягоныя заявы на 9 траўня звычайна не вылучаліся.

Пасьля 2020 году сытуацыя зьмянілася. Лукашэнка імкнуўся пэўны час адстойваць сваю самастойнасьць, ён і цяпер адстойвае, ня хоча капіяваць усё, што прыходзіць з Расеі, але абставіны і ўмовы для яго складаюцца такім чынам, што іншых магчымасьцей няма. Расея разглядае Беларусь як адзінага хаўрусьніка, і ад яго чакаюць, што Беларусь будзе пераймаць расейскія наратывы. «Несьмяротны полк» і іншыя абсалютна расейскія традыцыі і зьяўляюцца прыкметай ляяльнасьці. Таму Лукашэнка паступова на гэта ідзе. Ня думаю, што ён у захапленьні ад гэтага, але сынхранізацыя адбываецца. Як і ўва ўсіх іншых сфэрах, адбываецца сынхранізацыя Беларусі з Расеяй.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.