Расейскія памежныя і вайсковыя пасты, якія дысьлякаваліся ў часе вайны з Азэрбайджанам у верасьні 2020 году ў армянскіх населеных пунктах Тавуш, Сюнік, Вайоц Дзор, Гегаркунік, Арарат, спыняюць сваю дзейнасьць і пакідаюць армянскую тэрыторыю.
«Згодна з дасягнутай дамоўленасьцю, расейскія памежныя і вайсковыя пункты [...] спыняюць сваю дысьлякацыю і пакідаюць гэтыя пункты. На самым высокім узроўні таксама ўхвалілі рашэньне аб спыненьні дзейнасьці расейскіх памежнікаў у аэрапорце „Звартноц“», — працытавала кіраўніка фракцыі «Грамадзянская дамова» у армянскім парлямэнце Айка Канджарана дзяржаўнае агенцтва Armenpress.
Расейскі тэлеканал са спасылкай на Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі, паведаміў, што вывад расейскіх вайскоўцаў і памежнікаў з шэрагу абласьцей Армэніі ўзгаднілі 8 траўня на сваёй сустрэчы Ўладзімір Пуцін і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньнян.
У той жа час Дзьмітрый Пяскоў падкрэсьліў, што «па просьбе армянскага боку» расейскія памежнікі застануцца на мяжы з Іранам і Турэччынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад складак у бюджэт АДКБПасьля другой вайны ў Нагорным Карабаху ўвосень 2020 году Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй. Цяпер Армэнія і Азэрбайджан пачалі дэлімітацыю межаў. У Армэніі з 20 красавіка адбываюцца акцыі пратэсту супраць усталяваньня межаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: удзел Армэніі ў АДКБ становіцца ўсё больш намінальнымШто папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».