Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны мяркуюць, што намаганьні Армэніі дыстанцыявацца ад Расеі ўсё часьцей прымушаюць Крэмль прызнаваць праблемы ў двухбаковых дачыненьнях.
«У Маскве адбылася сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна па выніках пасяджэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу. Пуцін заявіў, што расейска-армянскія двухбаковыя дачыненьні „пасьпяхова разьвіваюцца“, але адзначыў, што ёсьць „пытаньні“ бясьпекі на Паўднёвым Каўказе, якія яны будуць абмяркоўваць у прыватным парадку. Пашыньян заявіў, што пасьля сустрэчы ў сьнежні 2023 году „назапасіліся пытаньні, якія трэба абмеркаваць“», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 8 траўня.
Раней Расея спрабавала прыхаваць напружанасьць у расейска-армянскіх дачыненьнях, хоць міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў зрабіў некалькі адкрытых ацэнак аб іх пагаршэньні і выступіў з публічнымі пагрозамі ў адрас Армэніі ў апошнія месяцы.
Паводле экспэртаў, адмова Армэніі ад фінансаваньня свайго ўдзелу ў Арганізацыі Дагавору аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) стала апошняй у сэрыі рашэньняў аб адыходзе ад палітычных арганізацый і арганізацый бясьпекі пад кіраўніцтвам Расеі. У справаздачы адзначаецца, што гэты крок сьведчыць аб тым, што ўдзел Армэніі ў АДКБ становіцца ўсё больш намінальным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад складак у бюджэт АДКБПрэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сэсіі 10-га Эўразійскага эканамічнага форуму ў Маскве заявіў, што ягоная краіна ўстрымаецца ад сяброўскіх складак на дзейнасьць Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Нікол Пашыньнян вярнуўся ў Ерэван, адмовіўшыся ад прысутнасьці на вайсковым парадзе ў Маскве 9 траўня. Летась ён прысутнічаў на сьвяточных мерапрыемствах у Маскве з нагоды Дня перамогі ў Другой усясьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу, затрыманаму на запыт Беларусі на мяжы з Грузіяй, далі статус уцекача ў Армэніі