Cям’ю з-пад Гомля — бацьку-чарнобыльца, маці-санітарку і сына-будаўніка — судзяць за «здраду дзяржаве»

Ларыса, Васіль і Павал Прохаравы. Каляж «Нашай Нівы»

Стала вядома, па якіх артыкулах будуць судзіць сямʼю Прохаравых зь беларуска-украінскага памежжа. Ім можа пагражаць да пятнаццаці гадоў калёніі, піша «Наша Ніва».

У раскладзе судоў зьявіліся імёны Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых. Пра іх затрыманьне стала вядома ў сьнежні 2023 году.

Дачку Анастасію, якую затрымлівалі разам зь імі, падобна, судзіць ня будуць, піша «Наша Ніва».

Уся сямʼя жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёну — яна за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 25 кілямэтраў ад Гомля.

Васілю Прохараву 54 гады. Ён родам з гораду Чарнобылю. Служыў у дэсантных войсках. Потым працаваў на будоўлях і падпрацоўваў грузаперавозкамі, а таксама вёў невялікі блог.

У блогу Васіль расказвае пра свае вандроўкі ў Чарнобыльскую зону, асаблівасьці працы і свой побыт. Вядома, што ён пацярпеў у аварыі на ЧАЭС.

Ягонаму сыну Паўлу 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Грабоўцы, працаваў на будоўлі.

Ларыса Прохарава нарадзілася ў 1975 годзе ў Грабоўцы, дзе пражыла ўсё жыцьцё. Працавала санітаркай у мясцовай лякарні.

Зь імі разам па справе праходзяць Фёдар Аксененка і Руслан Прахарэнка. Пра іх нічога не вядома.

Групу абвінавачваюць па чатырох артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальваньне варожасьці ці звады» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясеньне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).

Не вядома дакладна, каго зь іх вінавацяць па якім артыкуле.

«Гомельская Вясна» паведамляла, што за «здраду дзяржаве» затрымлівалі менавіта Прохаравых. Суд пачнецца 20 траўня ў Гомельскім гарадзкім судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць за «здраду дзяржаве» затрыманага па вяртаньні з Польшчы ўраджэнца Жабінкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: за здраду дзяржаве ў Беларусі за два гады асудзілі 45 чалавек, затрымалі 16 «замежных шпіёнаў»