Прэм’ер-міністар Польшчы заявіў, што судзьдзю Шмыта пазбавяць імунітэту

Дональд Туск

Дональд Туск правёў тэрміновую нараду з польскімі спэцслужбамі.

Пасьля нарады Калегіі спэцслужбаў Польшчы Дональд Туск паведаміў, што некаторыя са старых справаў, якімі займаўся зьбеглы ў Беларусь Томаш Шмыт, «ня мелі далейшага працягу». Таксама палітык заявіў, што Шмыта пазбавяць імунітэту, які таму давала пасада судзьдзі.

Спэцслужбы праводзяць праверку асобаў, якія маглі б мець уплыў з боку расейскіх ці беларускіх спэцслужбаў.

Таксама Туск адзначыў, што папрасіў каардынатара польскіх спэцслужбаў падрыхтаваць разам зь іншымі сябрамі Калегіі зрабіць новую рэкамэндацыю, каб узнавіць расьсьледаваньне дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў у краіне. Раней былі пэўныя канстытуцыйныя перасьцярогі і бар’еры што да выкарыстаньня такіх мэханізмаў.

«Тут няма часу, ані сэкунды, на непатрэбную цяганіну. Будзем спрабаваць супрацоўнічаць тут таксама са спадаром прэзыдэнтам [Анджэем Дудам]», — сказаў Дональд Туск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы распачалі расьсьледаваньне ў справе аб шпіянажы судзьдзі Шмыта, які папрасіў прытулку ў Беларусі

Прэм’ер адзначыў, што судзьдзя Шмыт шмат гадоў адкрыта выяўляў свае ўльтраправыя погляды, меў сувязі з арганізаванымі групоўкамі футбольных фанатаў. Ён упікнуў папярэдні ўрад, які фармавала партыя «Права і справядлівасьць» — палітычныя апанэнты «Грамадзянскай кааліцыі» самога Туска — у тым, што падобныя некампэтэнтныя і заангажаваныя людзі займалі важныя дзяржаўныя пасады шмат гадоў і ўплывалі на ключавыя рашэньні.

У пятніцу, 10 траўня, адбудзецца новая сустрэча Камісіі з удзелам Туска. Як зазначыў сам прэм’ер, абмяркоўваць на ёй будуць ня толькі ўчынак Шмыта і яго наступствы, але і агулам стан бясьпекі ў краіне, на які могуць сур’ёзна ўплываць дзеяньні замежных выведак — беларускай і расейскай.

Ён дапусьціў, што так званая «хэйтэрская афэра», да якой мае дачыненьне Томаш Шмыт, магла быць ініцыяваная расейскімі спэцслужбамі, бо Пуціну выгадна расхістваць эўрапейскую сыстэму незалежных судоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Польшчы адрэагавалі на ўцёкі ў Беларусь судзьдзі Шмыта, які меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў