На якой падставе дзяржава сёньня забірае ў беларусаў кватэры і апісвае мэблю і як пра гэта даведваюцца гаспадары? Трое беларусаў расказалі Свабодзе, як у іх арыштавалі маёмасьць пасьля 2020 году.
Праект Свабоды «На карысьць дзяржавы» расказвае пра тое, як у беларусаў адымалі іхнае. Як у розных пакаленьнях прыходзілі прадстаўнікі дзяржавы і на падставе законаў пазбаўлялі людзей іхнай зямлі, дамоў, кароваў і іншай гаспадаркі. Як рэпрэсаваныя гаварылі або маўчалі пра адабранае. Як нашчадкі спрабавалі (або не) вярнуць сабе належнае. Гісторыя паўтараецца. І сёньня, у 2020-х, іменем Рэспублікі Беларусь у беларусаў апячатваюць, арыштоўваюць, канфіскуюць кватэры, аўтамабілі, дамы.
Падставамі, каб адбіраць у людзей уласнасьць, было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі, некалькі хваляў калектывізацыі, «раскулачваньне», надуманыя крымінальныя артыкулы супраць «ворагаў народу», «ненадзейных элемэнтаў», «польскіх шпіёнаў», аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР, масавыя дэпартацыі, генацыд габрэяў падчас нямецкай акупацыі, пасьляваенныя арышты «калябарацыяністаў», нязгодных з калектывізацыяй, рэлігійных дзеячоў.
Сёньня ў жыхароў Беларусі арыштоўваюць маёмасьць у крымінальных справах, заведзеных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, праз палітычна матываваны статус «тэрарыст», канфіскуюць кватэры праз «завочныя суды» над тымі, хто не даспадобы рэжыму Лукашэнкі.
Прадалі разам з прапісанымі людзьмі
Тэма маёмасьці аказалася адной з самых уразьлівых для беларусаў. Шмат суразмоўцаў, у якіх арыштавалі маёмасьць, адмовіліся гаварыць з намі пра гэта нават ананімна.
Вядома, што ў Беларусі ўжо прадалі тры кватэры палітэмігрантаў і палітвязьняў. Гэта жытло Ціханоўскіх, Цапкалаў і праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча.
Трохпакаёвую кватэру Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх у Менску арыштавалі ў верасьні 2022 году. Яе прадалі амаль праз год на аўкцыёне з трэцяй спробы, прыкладна за $80 тысяч. Не перашкодзіла і тое, што ў кватэры былі прапісаныя жыхары, у тым ліку дзеці. Блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 19,5 года зьняволеньня, ягоную жонку, дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую, завочна асудзілі на 15 гадоў калёніі.
Трохпакаёўку Валера і Веранікі Цапкалаў у Менску прадалі з другой спробы сёлета ў красавіку за прыкладна $120 тысяч. Вераніка Цапкала казала, што кватэра належыць таксама іхным непаўналетнім дзецям, таму яе нельга прадаваць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне. Яна таксама паабяцала, што запатрабуе ў пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай. Валер Цапкала ў сувязі з продажам ягонай кватэры напісаў заяву ў пракуратуру на генпракурора Беларусі Андрэя Шведа. Валера Цапкалу ў Беларусі завочна асудзілі на 17 гадоў зьняволеньня.
Сёлета ў красавіку таксама прадалі на аўкцыёне двухпакаёвую кватэру палітзьняволенага юрыста «Вясны» Ўладзімера Лабковіча ў Менску за амаль $45 тысяч. Адначасна выстаўлялі на продаж 1/7 частку офіснага памяшканьня, якая належыць праваабаронцу «Вясны» Валянціну Стэфановічу, але пакупнікоў на яе не знайшлося. Лабковіча асудзілі на 7 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 9 гадоў.
У алімпійскай чэмпіёнкі Аляксандры Герасімені арыштавалі кватэру, грошы на рахунках (больш за 48 тысяч даляраў), машыну Land Rover, мабільныя тэлефоны, машынамесца, лядоўню, акустычную сыстэму. Герасіменя казала, што кватэра, гараж і ўсё, што ўнутры іх, належыць ня ёй, а ейнаму сваяку. Там была прапісаная яна сама, муж і дачка. Гэта ўсё мелася пайсьці на аплату грамадзянскага пазову. У сакавіку 2022 году ў яе таксама забралі дом у Драздах. Герасіменю завочна асудзілі на 12 гадоў калёніі. Ёй з калегам Аляксандрам Апейкіным налічылі шкоду на сотні тысяч даляраў.
Журналістка Вольга Лойка расказвала ў ток-шоў «Ток», што ў яе і ў ейных сваякоў за яе і ейны статус «тэрарысткі» «адціснулі ўсё», «заблякавалі маёмасьць».
Гэта толькі некаторыя гісторыі маёмасьці беларусаў, пра якія публічна вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам». Лукашэнка прыгразіў беларусам замежжа рэпрэсіямі супраць іх родных і пазбаўленьнем маёмасьці
Арыштавалі дом, кватэру, бэнзапілу, лядоўню, тэлевізар
У Вадзіма Саранчукова, які выконвае абавязкі старшыні партыі БНФ, таксама арыштавалі маёмасьць у Беларусі. Вадзім знаходзіцца за мяжой. У лістападзе 2023 году прайшла хваля ператрусаў у дамах гарадзенцаў, якія выехалі за мяжу ад палітычнага перасьледу. Пад яе трапіла і сям’я Саранчукова.
Вадзім мае інфармацыю пра свой перасьлед толькі апасродкавана. Афіцыйна яго ніхто не інфармаваў. Летась у канцы лістапада сілавікі прыйшлі зь ператрусам у кватэру, дзе жывуць ягоныя сваякі. Санкцыю на вобшук падпісаў пракурор.
Паводле папераў, ператрус правялі ў межах крымінальнай справы, заведзенай на Вадзіма Саранчукова, за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу). Падставай сталі інтэрвію, якія ён даваў «Радыё Рацыя». Аднак на той момант былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» толькі асобныя матэрыялы гэтага мэдыя. Статус «экстрэмісцкага фармаваньня» яно, паводле КДБ, атрымала толькі ў студзені 2024 году.
Наколькі ведае Саранчукоў, арышт наклалі на ягоную кватэру ў Горадні, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Горадняй, а таксама на бэнзапілу, матаблёк, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар. Ён ня можа прадаць або падарыць гэтую маёмасьць. Аднак яе перадалі на захаваньне сваякоў, яны могуць гэтым карыстацца. Вясковую хату не апячатвалі, ніякіх пазнак на доме не пакідалі.
«Паперкі на дом яны вешалі 2,5 года таму, калі ў мяне быў першы вобшук. Тады з дому вынесьлі ўсё, што ня ведаю, да чаго магло быць датычным: сякеру, бытавую хімію. Потым нічога не вярнулі», — успамінае Вадзім.
Цяпер працэдура накладаньня арышту праходзіла падчас ператрусу. Сьледчы склаў акт, дзе пералічыў канкрэтныя прадметы маёмасьці з сэрыйнымі нумарамі, калі іх можна было знайсьці.
«Што маецца на ўвазе і навошта гэты арышт накладаецца, досыць цяжка зразумець. Сьледчы, напэўна, тэарэтычна меў на ўвазе, што паводле таго артыкулу, па якім на мяне заведзеная справа, акрамя фізычных спагнаньняў кшталту турэмнага тэрміну, можа быць накладзенае грашовае, штраф. Каб забясьпечыць выкананьне штрафу, магчыма, накладаюць гэтыя абмежаваньні», — мяркуе палітык.
Ён абураецца: паінфармавалі ягоных сваякоў, якія ня маюць дачыненьня да справы, а не яго непасрэдна. Даводзіцца здагадвацца, якія прэтэнзіі да яго з боку дзяржавы, а таксама пра тое, што пагражае ягонай уласнасьці.
«У мяне абсалютна адкрытыя кантакты. Калі б у сьледчага былі да мяне нейкія пытаньні, то знайсьці мяне, патэлефанаваць, правесьці апытаньне, хай сабе дыстанцыйна, не складае ніякай праблемы. Але ніхто гэтага не зрабіў», — кажа Вадзім.
«Гэта не „раскулачваньне“, гэта крадзеж»
Вясковы дом, на які наклалі арышт, сям’я Саранчукова купіла 10 гадоў таму.
«Я яго доўга шукаў, ён мне вельмі дарагі», — кажа Вадзім.
Гэта хата, пабудаваная адразу пасьля Другой усясьветнай вайны. Вадзім пераклаў у ёй печкі, абнавіў дах, зрабіў альтанку. Апрацаваў увесь участак, які займае амаль гектар.
«Гэта патрабавала шмат высілкаў. Яго гадоў дзесяць ніхто не даглядаў. Бур’ян быў таўшчынёй з маю руку. Даводзілася зь сякерай расчышчаць увесь участак», — расказвае суразмоўца.
У гэтай хаце сям’я жыла ўлетку.
«Месца, куды заўсёды прыемна і карысна для здароўя прыехаць, на прыроду. Ён прыдатны да жыцьця. Водаправоду няма, але ёсьць студня. Мінімальныя бытавыя выгоды, але мне гэта не замінае», — расказвае гарадзенец.
Прадаваць гэты дом Вадзім не зьбіраецца.
«Як бы не разьвівалася сытуацыя, ён усё роўна будзе маім і застанецца маім. Калі яго забяруць, я яго ўсё адно вярну назад», — кажа суразмоўца.
У Саранчукова няма інфармацыі пра шкоду, якую ён мог прынесьці дзяржаве, дзеля кампэнсацыі якой у яго могуць канфіскаваць маёмасьць.
«Гэта не „раскулачваньне“, гэта крадзеж. Нават калі было раскулачваньне, яго рабілі нібыта дзеля дэкляраванай высокай мэты: забраць у багатых, аддаць бедным, клясавая барацьба з „кулакамі“. У гэтым выпадку размова не ідзе пра аднаўленьне справядлівасьці нават фармальна. Гэта проста дзяржаўны крадзеж прыватнай уласнасьці. У тых, хто з намі змагаецца, няма ідэалёгіі. Гэта асабістая помста», — мяркуе Саранчукоў.
Ён дадае, што ня зможа паўплываць, калі дзяржава вырашыць забраць у яго маёмасьць.
«Судовы выканаўца або сьледчы на свой уласны розум ацэньваюць прадметы маёмасьці, якія бачаць. Іхная функцыя — ацаніць аб’ектыўна і далей канфіскаваць апісаную маёмасьць у межах сумы, прызначанай судом», — тлумачыць Саранчукоў, які мае юрыдычную адукацыю.
Нават калі ў яго забяруць уласнасьць, гаспадар плянуе вярнуць сабе сваё.
«Не зьбіраюся нічога страчваць. Я не рабіў крымінальных злачынстваў, за якія на мяне можна накласьці спагнаньне. Калі раптам нешта фізычна ў мяне забяруць, я гэта разглядаю як грабеж і нацэлены на тое, каб аднавіць сваё права ўласнасьці на любую маёмасьць. Адразу, калі зьявіцца магчымасьць», — запэўнівае ён.
«Гэта дадатковы мэтад ціску»
На журналіста з Воршы Ігара Казьмерчака ў 2022 годзе завялі крымінальную cправу за «абразу Лукашэнкі». У лістападзе 2022 году ягоную маёмасьць арыштавалі. Улады даслалі ліст, што з нагоды крымінальнай справы ён абмежаваны ў правах на сваю кватэру. Пераліку прадметаў мэблі ці бытавой тэхнікі, якія знаходзяцца ў кватэры, у лісьце пра арышт не было.
«Я не памятаю дакладна фармулёўкі. Але сутнасьць гэтага арышту ў тым, што я не магу прадаць маёмасьць, каго-небудзь прапісаць, але выкарыстоўваць кватэру магу. Гэта ня нейкая катастрофа, бо прадаваць я яе ўсё адно не зьбіраўся», — тлумачыць Казьмярчак.
Арыштаваная аднапакаёвая кватэра знаходзіцца ў Воршы. Ігар атрымаў яе ў спадчыну прыкладна 15 гадоў таму. Дом пабудаваны ў 1980-х. У гэтай кватэры палову жыцьця жылі ягоны дзед з бабуляй.
«Гэта адно з нашых радавых гнёздаў», — кажа суразмоўца.
Ён жыў у гэтай кватэры, пакуль не пакінуў Беларусь праз палітычны перасьлед. Літаральна перад ад’ездам зрабіў там рамонт.
«Нават калі выехаў, там яшчэ дараблялі рамонт. Потым яна стаяла, не выкарыстоўвалася», — кажа суразмоўца.
У сакавіку стала вядома, што супраць Казьмерчака Сьледчы камітэт Беларусі распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны разгляд справы). Журналіст ня верыць, што кватэру могуць рэальна забраць.
«Я думаю, гэта дадатковы мэтад ціску пры адсутнасьці рэальнай магчымасьці націснуць на тых, хто зьехаў. Я ня думаю, што яны будуць канфіскоўваць у мяне ў рэальнасьці. Узровень Цапкалы і Казьмерчака ў беларускай палітычнай сфэры розны», — мяркуе суразмоўца.
Сёньня аднапакаёўку ў Воршы можна купіць за 20-25 тысяч даляраў.
Раней у бабулі Ігара, якая жыла ў гэтай кватэры, раскулачылі бацьку. Ён пра гэта даведаўся падчас «перабудовы», калі пра такія рэчы пачалі гаварыць.
«Яму пашанцавала, што не саслалі, толькі раскулачылі, бо ў яго была адна карова і пяць сьвіней. Гэта ўжо лічылася, што занадта заможны. Цяпер гэта вёска ў Чашніцкім раёне. Кампэнсацыі за гэта не было», — успамінае Ігар.
Па словах суразмоўцы, бабуля расказвала яму пра раскулачваньне без асаблівых эмоцый, проста як пра факт гісторыі сваёй сям’і. Ейны муж, дзед Ігара, часам выкарыстоўваў гэтую падзею.
«Дзядуля быў такі жартаўнік. Калі яны сварыліся, ён казаў: „Схаджу і раскажу, што ты дачка раскулачанага ворага народу“. Гэта на яе дзейнічала страшна. Яна тады адразу замаўкала. Зь яго боку гэта быў больш жарт, але на яе гэта дзейнічала», — успамінае Ігар.
«Рабаваньне пачалося»
Беларуска Аліна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) з мужам некалькі гадоў таму выехалі за мяжу праз палітычны перасьлед. На радзіме застаўся дом. Летась пары паведамілі, што ў эканамічным судзе пачынаецца працэс у дачыненьні да мужа Аліны. Прычыны яны ня ведалі.
Пазьней знаёмыя паведамілі сужэнцам, што, падобна, іхныя рэчы «вісяць» на дзяржаўным сайце канфіскаванай маёмасьці — «БелЮрЗабесьпячэньне». Уласьнікі паглядзелі і ўбачылі, што рэчы на фота сапраўды належаць ім, сфатаграфаваныя ў іхным доме. На сайце пазначаны адрас, але няма зьвестак пра гаспадароў. Сам дом выстаўлены на аўкцыён ня быў.
«Я пайшла на сайт і пазнала сваю лядоўню», — расказвае Аліна.
Лядоўню і пральную машыну выставілі па цане 450 рублёў за кожную, газавую пліту з духоўкай — каля 250 рублёў, крэслы па 20, старую канапу за 60, падрапаны фатэль за 30. Уласьніца думае, што на некаторыя рэчы завысілі цану, а на некаторыя, наадварот, занізілі. Ёсьць два прадметы тэхнікі, якія купілі ў 2020-2021 гадах, незадоўга да ад’езду. Калі прыехалі ў Польшчу, яшчэ выплачвалі за іх крэдыт.
«Гэтыя рэчы ўжо вісяць на сайце. Хто іх, як разьмясьціў, мы ня ведаем. Рабаваньне пачалося», — кажа беларуска.
Мэбля, бытавая тэхніка застаюцца ў хаце. Наколькі Аліна разумее, патэнцыйны пакупнік бачыць рэчы на сайце, тэлефануе судоваму выканаўцу, і той можа іх паказаць кліенту ў доме. Асабістыя дробныя рэчы ўласьнікі з хаты вывезьлі.
«Падчас Другой усясьветнай вайны высялялі габрэяў, а потым прывозілі туды людзей. Я ўспомніла кадар зь фільма „Доўгая дарога ў дзюнах“. Галоўную гераіню прывезьлі ў хату, дзе раней жылі габрэі, нават не прыбраўшы іхных старых фатаздымкаў», — кажа яна.
Выкупляць свае рэчы на аўкцыёне сужэнцы не плянуюць.
«Куды я іх дзену? У мяне там амаль нікога не засталося, каму патрэбна б было карыстацца гэтымі рэчамі або хто мог бы іх захоўваць. Я выкуплю, яны застануцца ў хаце, а гэтыя (прадстаўнікі рэжыму. — РС) іх зноў з хаты забяруць?» — разважае Аліна.
Пазьней сужэнцы здагадаліся, што рэчы арыштавалі, бо на мужа завялі справу за нясплату падаткаў ці нешта падобнае. Дакладнай інфармацыі ў іх няма, як і афіцыйных папераў.
«Дзіўна, як пры нашай адсутнасьці яны зрабілі нейкую падатковую праверку і налічылі вялікія сумы нейкіх нясплачаных падаткаў. Але цяпер не да законаў. Можна што заўгодна скляпаць. Я так разумею, мэта ў іх — забраць наш дом, нашыя рэчы», — разважае суразмоўца.
Сёлета яны даведаліся, што на мужа Аліны пачалі «спэцыяльнае вядзеньне». На іх дом, які дастаўся мужу ў спадчыну, таксама наклалі арышт. Дом Аліна ацэньвае ў 20-30 тысяч даляраў. Яна мяркуе, што праз «завочны суд» мужу могуць даць тэрмін і штраф. Каб сплаціць штраф, забяруць і прададуць іхную маёмасьць.
«Як яны кажуць, калі іншай маёмасьці не хапае, яны прадаюць дом, пагашаюць штраф, а рэшту грошай яны вернуць уласьніку на рахунак. Вядома, ніякіх рахункаў у нас няма, то яны нічога нам ня вернуць», — мяркуе Аліна.
Сужэнцы не зьдзівіліся такому ходу падзей.
«Вядома, непрыемна. Гэта твае рэчы. Амаль усе іх мы куплялі ў крэдыт. Але гэта несьмяротна. Зьдзіўленьня не выклікае, гэта было прадказальна», — прызнаецца суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Гісторыя пра «сьвятога Рамана», ягоных кароваў і забітага старшыню сельсавету ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паедзем да нас, у Беларусію, у нас калгасаў няма». Як раскулачвалі ў Заходняй Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё роўна гэты дом наш». Як у жанчыны з Заходняй Беларусі забралі хату, а нявестка яе выпадкова выкупіла