Сьцісла:
- 7 траўня Лукашэнка абвесьціў, што ў Беларусі ўпершыню плянуецца правесьці трэнаваньні ў прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі.
- Пазыцыя афіцыйнага Менску тут другасная. Згаданыя заявы беларускіх афіцыйных асоб, у тым ліку Лукашэнкі, — гэта дубляваньне пазыцыі Расеі.
- Крэмль вырашыў пайсьці на эскаляцыю канфлікту з Украінай і Захадам зь некалькіх прычынаў.
- Падобнымі заявамі і дзеяньнямі Лукашэнка павялічвае сваю палітычную таксычнасьць.
У першыя гады пасьля прыходу да ўлады, калі ў Беларусі яшчэ заставалася шмат вэтэранаў, Аляксандар Лукашэнка абавязкова выступаў з прамовай на ўрачыстых сходах з нагоды Дня Перамогі. Аднак пазьней многае памянялася. Апошнім часам ён выступаў на такіх урачыстасьцях толькі ў юбілейныя гады, калі адзначалася круглая дата, ладзіўся вайсковы парад. А ў іншыя сьвяты на сходах, прысьвечаных Дню Перамогі, звычайна выступалі альбо прэм’ер-міністар, альбо міністар абароны.
Гэтым разам Лукашэнка парушыў традыцыю. Сёлета не юбілейны год, сьвяткуецца 79-я гадавіна перамогі. На 9 Траўня параду ў Менску не прадугледжана. Аднак Лукашэнка сам выступіў на ўрачыстым сходзе, які адбыўся 7 траўня. І для гэтага была важная нагода.
Лукашэнка абвесьціў, што ў Беларусі ўпершыню плянуецца правесьці трэнаваньні ў прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі. Будзе ажыцьцяўляцца падача спэцбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часткі, загрузка іх на пускавыя ўстаноўкі і падвешваньне на самалёты.
«Ракетныя дывізіёны апэратыўна-тактычных комплексаў „Іскандэр“ і „Палянэз“ будуць таемна выведзеныя ў прызначаныя пазыцыі і будуць адпрацоўваць пытаньні нанясеньня ракетных удараў для адбіцьця імавернага нападу на Беларусь», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі мэту праверкі сіл і носьбітаў ядзернай зброі ў БеларусіУдзень 7 траўня пра вучэньні зь ядзернай зброяй абвесьцілі міністар абароны Віктар Хрэнін, ягоны намесьнік Віктар Гулевіч, сакратар Рады бясьпекі Аляксандр Вальфовіч. А ўвечары сам Лукашэнка вырашыў надаць гэтай падзеі большую палітычную вагу і выступіў ня толькі з аналягічнай заявай, але і з пагрозамі ў адрас заходніх краін.
Праўда, гэтым пагрозам спадарожнічалі запэўніваньні, што ядзерная зброя будзе выкарыстоўвацца толькі для абароны. І ўвогуле, «мы за мір». Але адна справа абстрактна пагражаць падобным узбраеньнем, і зусім па-іншаму выглядае, калі самалёты і ракетныя комплексы абсталёўваюцца «спэцбоепрыпасамі» і выводзяцца на баявыя пазыцыі для практычнага прымяненьня. Гэта ўжо не пагрозьлівая рыторыка, а практычныя дзеяньні. Выглядае ўсё вельмі злавесна.
Што здарылася? Навошта Лукашэнку ўсё гэта? Справа ў тым, што пазыцыя афіцыйнага Менску тут другасная. Згаданыя заявы беларускіх афіцыйных асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, гэта дубляваньне, узмоцненае рэха расейскага сыгналу.
Крэмль вырашыў пайсьці на эскаляцыю канфлікту з Украінай і Захадам зь некалькіх прычынаў. Гэта і размарожваньне амэрыканскай дапамогі Кіеву, і хуткае зьяўленьне ва ўкраінскім войску больш эфэктыўнай і дальнабойнай зброі, і заявы заходніх палітыкаў аб магчымай адпраўцы войскаў краін NATO ва Ўкраіну, і заплянаванае правядзеньне канфэрэнцыі ў Швайцарыі, дзе будзе абмяркоўвацца стварэньне нейкай, няхай мяккай, але праўкраінскай кааліцыі з удзелам краін глябальнага Поўдня.
6 траўня Расея прыгразіла Вялікай Брытаніі ўдарамі па яе аб’ектах за межамі Ўкраіны. У той жа дзень Мінабароны Расеі паведаміла аб правядзеньні ў найбліжэйшы час вучэньняў, падчас якіх плянуецца адпрацаваць «пытаньні прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі».
А афіцыйны Менск тут выступіў толькі ў ролі ўзмацняльніка сыгналу Масквы. Апошні часам многія мэдыя ацэньваюць ролю Аляксандра Лукашэнкі як прэсавага сакратара Ўладзіміра Пуціна. Вось падчас нядаўняга візыту ў Маскву ён агучыў крамлёўскую пазыцыю аб гатоўнасьці Расеі вярнуцца да «стамбульскіх дамоўленасьцяў» 2022 году.
Так і цяпер. Сам Пуцін з пагрозьлівымі заявамі ў адрас Захаду выступае ня так часта. Бо лічыць, што ня царская гэта справа, ён жа ўяўляе сябе вялікім геапалітыкам. Пра вучэньні, падчас якіх плянуецца імітаваць прымяненьне ядзернай зброі, паведаміла Міністэрства абароны РФ.
А Лукашэнка тут як тут. Ён выходзіць на трыбуну і падрабязна апавядае, калі, як і пры якіх умовах будуць выкарыстаныя «спэцбоепрыпасы». Беларускі ўладар лічыць, што, калі ён бяжыць наперадзе паравоза, то такім чынам падвышае сваю палітычную вагу. Ці так гэта, пакуль мала зразумела. Але што дакладна можна сказаць, падобнымі заявамі і дзеяньнямі ён павялічвае сваю палітычную таксычнасьць.
Лукашэнка заявіў, што рашэньне аб сумеснай каардынацыі і прымяненьні войскаў з выкарыстаньнем спэцбоепрыпасаў лідэры Беларусі і Расеі маюць намер абмеркаваць на сустрэчы ў Маскве 8 траўня. «І прымем канчатковае рашэньне», — сказаў ён. Аднак у працоўным графіку Пуціна заплянаваны толькі перамовы з прэм’ерам Армэніі Ніколам Пашыньянам. Сустрэчы з Лукашэнкам у плянах расейскага кіраўніка няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Сахашчык пра пагрозу нападу на Літву і кампраміс зь «ябацькамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі праверку гатоўнасьці сіл і носьбітаў тактычнай ядзернай зброі