Эўрапейская камісія падрыхтавала праект рашэньня, якое ўніфікуе санкцыі супраць Беларусі з тымі, якія ўжо дзейнічаюць датычна расейскіх кампаній за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Як адзначаецца ў праекце рашэньня, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, забарона дадаткова пашыраецца на пастаўкі ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня і тэхналёгій з абавязковым уключэньнем у кантракты з трэцімі краінамі ўмовы пра немагчымасьць рээкспарту тавараў у Беларусь.
У прыватнасьці, гаворка ідзе аб прадукцыі і тэхналёгіях падвойнага прызначэньня, якія можна выкарыстаць для нарошчваньня прамысловага патэнцыялу Беларусі ў сфэры абароны, бясьпекі, авіяцыі і космасу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў «недружалюбную» краіну ЭЗ «разам пісаць гісторыю Эўропы». Якія санкцыі ён увёў супраць «недружалюбных краін»Эўракамісія прапануе забараніць пастаўкі ў Беларусь навігацыйных тавараў і прадметаў раскошы, а таксама прамы або ўскосны імпарт, набыцьцё ці перадачу алмазаў зь Беларусі, у тым ліку транзытам, непрамысловых прыродных і сынтэтычных алмазаў, ювэлірных вырабаў з дыямэнтамі.
Праект рашэньня прадугледжвае забарону на імпарт мінэральных прадуктаў, уключна з сырой нафтай, і ўводзіць новую забарону на экспарт тавараў і тэхналёгій для выкарыстаньня ў нафтаперапрацоўцы і вытворчасьці звадкаванага прыроднага газу.
У той жа час, каб пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў для харчовай бясьпекі ў сьвеце, Эўракамісія прапануе пры тэрміновай неабходнасьці трэціх краін дазволіць апэратарам Эўразьвязу ўдзельнічаць у пастаўках сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі, у тым ліку пшаніцы і калійных угнаеньняў зь Беларусі для трэціх краін.
Гэтае выключэньне будуць рабіць у пэўных выпадках і аб’ёмах. Пры гэтым Эўракамісія абавязваецца публікаваць інфармацыю пра аб’ёмы, датычна якіх выключэньні будуць даступныя.
Адначасова прапануецца забараніць аказваць яшчэ некалькі відаў паслуг, у тым ліку кансультацыйныя, аўдытарскія, архітэктурныя, тэхнічныя, а таксама ІТ-паслугі і тыя, што зьвязаныя з бухгальтарскім і падатковым улікам.
Апроч таго, Эўракамісія разглядае ініцыятыву забараніць уезд у Эўразьвяз прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, і пашырыць забарону для фінансавага сэктару Беларусі — у прыватнасьці на прыём дэпазытаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэраг краінаў Эўразьвязу прапануюць новыя эканамічныя санкцыі супраць Менску. Пра якія забароны гаворкаСанкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.