Пра гэта на паседжаньні польскага ўраду ў Катавіцах заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, паведаміла польскае інтэрнэт-выданьня gazeta.pl.
«Няма сумневу, што мы сутыкнуліся не з адзінкавым выпадкам, а з праблемай, якая пачалася даўно», — сказаў Дональд Туск пра гісторыю з Томашам Шмытам. Таксама Дональд Туск згадаў «розныя дзіўныя падзеі», зьвязаныя, на ягоную думку, з «агрэсіўнымі паводзінамі расейскіх і беларускіх спэцслужбаў у Эўропе». Дарэчы, у залі, дзе мелася праходзіць паседжаньне ўраду Польшчы, польскія спэцслужбы знайшлі прылады для падслухоўваньня.
Паводле выданьня, Дональд Туск падкрэсьліў, што выпадак з уцёкамі судзьдзі Шмыта нельга недаацэньваць, бо той меў непасрэдны доступ да былога міністра юстыцыі, «які меў доступ да сакрэтных дакумэнтаў, да якіх ніякая выведка не павінна мець доступу».
«Той факт, што стасункі судзьдзі Шмыта зь беларускімі ўладамі маюць доўгую гісторыю, а ня ёсьць справай апошніх месяцаў, павінен выклікаць у нас найвялікшы неспакой. Трэба ўлічваць, наколькі сур’ёзная сытуацыя, зьвязаная з вайной ва Ўкраіне», — таксама зазначыў прэм’ер-міністар Дональд Туск.
Вядома, што былы судзьдзя адміністрацыйнага суду Томаш Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну і 6 траўня папрасіў абароны ў беларускіх уладаў. Польскія мэдыя пішуць, што ў канцы 2019 году Томаш Шмыт браў удзел у «хэйтэрскай афэры» — скандале са спробай ціску на судзьдзяў і адвакатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Судзьдзя Шмыт, які зьбег у Беларусь, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі, — польскі журналіст ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Польшчы адрэагавалі на ўцёкі ў Беларусь судзьдзі Шмыта, які меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Польшчы пачалі праверку «аб’ёму сакрэтнай інфармацыі», да якой меў доступ судзьдзя Шмыт