У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 7 траўня распачаўся чарговы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году.
Як піша «Вясна», паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) судзяць адразу восем чалавек: Канстанціна Калягу, Эрыка Каласоўскага, Івана Пацко, Аляксандра Лаўрушчыка, Івана Дрыка, Паўла Сергіеню, Дзьмітрыя Філіповіча, Арцёма Лапіча.
Справу разглядае судзьдзя Вікторыя Пакунова.
Вядома, што некаторых затрымалі падчас масавых арыштаў. Напрыканцы сьнежня 2023 году затрымалі Івана Дрыка, якому на момант удзелу ў акцыях пратэсту не было 18 гадоў.
На Берасьцейшчыне дагэтуль працягваюцца масавыя затрыманьні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. За апошні месяц прысуды за ўдзел у пратэстах вынесьлі 17 жыхарам Баранавічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прысуды 9 з 17 чалавек, якіх судзілі ў Баранавічах за пратэсты 2020 годуУ Заслаўі сілавікі за камэнтары затрымалі мэдыка
Сілавікі затрымалі ў Заслаўі асыстэнтку стаматоляга, піша «Люстэрка». Відэа зь ёю апублікаваў 7 траўня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
На камэру жанчыну прымусілі расказаць, што яна публікавала «абразы супрацоўнікаў міліцыі» і чыноўнікаў, рабіла рэпосты, а таксама пакідала нэгатыўныя камэнтары.
Ці завялі на жанчыну крымінальную справу і ў якім яна статусе, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 траўня: за абразу Лукашэнкі жыхара Рэчыцы накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь; 6 беларусаў завочна асудзілі за пратэстыІнжынэру з Горадні прысудзілі 2 гады «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку
18 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Горадні вынесьлі прысуд Андрэю Томчыку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на адрас Лукашэнкі). Томчыка асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ («хімія»), паведамілі праваабаронцы.
Прысуд агучыла судзьдзя Натальля Козел. Мужчыну вызвалілі з-пад варты пасьля абвяшчэньня прысуду.
Яго прызналі вінаватым у тым, што ён разьмясьціў на Facebook допіс, які нібыта зьневажаў гонар і годнасьць Лукашэнкі. Судовая экспэртыза засьведчыла, што ў публікацыі былі «лексэмы, якія ўтрымлівалі мянушкавыя намінацыі» Лукашэнкі.
Да суду на маёмасьць Томчыка наклалі арышт — у тым ліку на тэлевізар, «разумныя» калёнкі, пыласмок, пральную машыну і мультыварку. Судзьдзя пастанавіла зьняць арышт з гэтае маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 красавіка: КДБ затрымаў непаўналетніх за падрыхтоўку тэрактаў і «здраду радзіме»; асудзілі інжынэра «Менскэнэрга»