Яшчэ 6 беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у мірных сходах
Праваабаронцам стала вядома пра чарговы прысуд у межах «спэцвядзеньня». 16 красавіка 2024 году ў судзе Партызанскага раёну Менску завочна асудзілі адразу шасьцярых чалавек. Прысуд агучыў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч, паведамляе «Вясна».
Анатоля Астроўскага, Віктара Пузана, Аляксандра Цярлюка, Ірыну Сталоку, Генадзя Гутара прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Віталя Пахомчыка асудзілі паводле арт. 342 і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу і, акрамя 2 гадоў пазбаўленьня волі, прызначылі яму штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).
Усіх іх прызналі вінаватымі ў тым, што разам яны ўдзельнічалі ў адным зь мірных сходаў у Менску: былі на вуліцах з нацыянальным сьцягам, выходзілі на праезную частку. Пахомчык, акрамя гэтага, пакінуў у адным з тэлеграм-чатаў тры публікацыі, у якіх нібыта «публічна зьняважыў прадстаўнікоў улады». Паколькі ўсе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, іх абвясьцілі ў вышук.
Вядома, што іх удзел у мірным сходзе даказалі з дапамогай фатаздымку, які знайшлі ў інстаграме Анатоля Астроўскага, дзе некаторыя з абвінавачаных трымаюць нацыянальны сьцяг, некаторыя — паказваюць рукамі сымбалі «вікторыі» і сьціснутага кулака.
Сьледчы камітэт распачаў спэцвядзеньне ў дачыненьні да гэтых людзей 23 лютага. Акрамя гэтых шасьці чалавек, у сьпісе таксама былі Людміла Арастовіч, Вольга і Яўген Пруднікавы. 12 красавіка вынесены прысуд у дачыненьні да 35-гадовага Яўгена Пруднікава і 31-гадовай Вольгі Пруднікавай — беларусаў, якіх завочна судзілі паводле «народнага» арт. 342 КК. Прысуд агучыла судзьдзя Вольга Царык. Іх прызналі вінаватымі і таксама асудзілі завочна на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
СК пачаў «спэцвядзеньне» яшчэ ў дачыненьні да 3 чалавек, сярод іх — кандыдат у Каардынацыйную раду
Сьледчы камітэт 3 траўня пачаў спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні да актывіста пазбаўленай рэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» 45-гадовага Андрэя Зуева. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 361-1 (заклікі да санкцыяў), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Зуеў — кандыдат у склад Каардынацыйнай рады па сьпісе «Салідарнасьць». Раней ён неаднаразова адбываў палітычна матываваныя адміністрацыйныя арышты, эміграваў зь Беларусі.
Таксама Сьледчы камітэт распачаў спэцвядзеньне ў дачыненьні да беларусак Аліны Галінскай і Кацярыны Туманавай — іх зьбіраюцца судзіць завочна.
24-гадовай Аліне Галінскай інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці). Аліну Галінскую затрымлівалі ў красавіку 2023 году падчас масавага «хапуну» на Гомельшчыне. На «пакаяльным відэа» яна казала, што некалі была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там камэнтары.
41-гадовай горадзенскай актывістцы Кацярыне Туманавай інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Сілавікі затрымалі хлопца за камэнтар пра тэракт у Маскве
Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне хлопца за камэнтар пра тэракт у Маскве.
Гэта як мінімум 15-ы беларус, якога затрымалі за камэнтары пра тэракт у Расеі. Сярод іншага, затрымалі нават дзяўчыну, якая спытала ў камэнтарах, чаму пасьля тэракту пад Масквой у Беларусі адмянілі імпрэзы, а калі Расея бамбіць украінцаў — не.
За ўдзел у акцыі пратэсту ў Гомлі асудзілі вядомага шоўмэна і прадпрымальніка
Суд Чыгуначнага раёну Гомля 30 красавіка вынес прысуд вядомаму ў горадзе шоўмэну і вядоўцу фэстываляў Ягору Зенчанку, абвінаваціўшы яго ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Справу разглядала судзьдзя Аксана Шэвякова. Яна пакарала Ягора пазбаўленьнем волі тэрмінам на два гады ў калёніі агульнага рэжыму.
Дата затрыманьня Ягора пакуль не вядомая.
Ягор Зенчанка, паводле інфармацыі «Гомель.Штодзень», арганізоўваў і праводзіў у Гомлі масавыя мерапрыемствы. Сярод іх — «Лепшы выпускны», закрыцьцё мотасэзону на Палесьсі, канцэрты Алены Ваенгі, Льва Лешчанкі, дні гораду Гомля.
Жыхара Рэчыцы за «абразу» Лукашэнкі накіравалі на лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь
8 красавіка суд Рэчыцкага раёну абвінаваціў Дзьмітрыя Першына паводле часткі 2 артыкула 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта») і ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»), паведамляе «Гомельская Вясна». Справу разглядаў судзьдзя Станіслаў Іванюценка.
У выніку судзьдзя прызначыў Дзьмітрыю прымусовыя меры бясьпекі і лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары.
Трэцяга траўня Міністэрства ўнутраных спраў дадало Дзьмітрыя ў сьпіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Непаўнагадовую гарадзенку асудзілі за падпіску на Nexta у тэлеграме
19 красавіка суд Кастрычніцкага раёна Горадні разгледзеў адміністрацыйную справу супраць непаўналетняй беларускі. Яе абвінавацілі ў тым, што ў тэлеграме яна захоўвала прадукцыю Nexta і TUT.BY, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша Hrodna.life са спасылкай на пастанову суда.
Праз тое, што дзяўчына непаўналетняя, паводле закону яе не маглі аштрафаваць, арыштаваць ці адправіць на грамадзкія працы. У выніку ў дачыненьні да яе прымянілі «меры выхаваўчага ўзьдзеяньня ў выглядзе тлумачэньня заканадаўства» і вярнулі тэлефон.
Сілавікі заявілі пра завядзеньне крымінальнай справы за перапост з «экстрэмісцкага» рэсурсу
У адным з праўладных тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў, зьявілася паведамленьне пра тое, што крымінальную справу па арт. 361-4 завялі за перасыланьне ў нейкі чат навіны, апублікаванай неназваным «экстрэмісцкім фармаваньнем».
На апублікаваным скане з выяўленым фрагмэнтам пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы прозьвішча яе фігуранта фармальна замазанае, але яго можна прачытаць. Як заўважыла «Наша Ніва», гаворка ідзе пра гарадзенца Дзяніса Чашчавіка, які знаходзіцца за мяжой. У дачыненьні да яго яшчэ 2 красавіка распачалі «спэцыяльнае вядзеньне», то-бок 38-гадовага мужчыну зьбіраюцца судзіць завочна.
За перапосты з «эстрэмісцкіх» рэсурсаў беларусаў як правіла судзяць паводле адміністрацыйных артыкулаў. Ці гэта першая крымінальная справа за перапост з рэсурсаў, прызнаных «эскстрэмісцкім фармаваньнем», дакладна не вядома, але сілавікі ў паведамленьні прыгразілі, што такая практыка «будзе пастаўленая на паток».
Чарговы прысуд за ўдзел у Маршы ў жніўні 2020 году
11 красавіка ў судзе Савецкага раёну Менску вынесьлі прысуд Аляксею Савіцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ — так званай «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні 2020 году ён выходзіў на праезную частку, блякаваў дарогу транспарту, чым нанёс «Мінсктрансу» шкоду ў памеры 5980 рублёў і 11 капеек.
Савіцкі прызнаў віну, расказаў, што ўзяў удзел у мірным сходзе. Да суду мужчына знаходзіўся пад закладам у памеры 12 тысяч рублёў — грошы яму вярнулі.
Прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Якунчыхін. Ён вынес ужо сама меней 21 прысуд паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Часьцей за ўсё ён прысуджае «хімію» ці «хатнюю хімію». Аднак менавіта ён асудзіў музыкаў Надзею і Ўладзімера Калачоў на два гады калёніі.
У Горадзенскім судзе разглядаюць справу аб «абразе прадстаўніка ўлады»
Паўла Лукашэвіча абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абразе судзьдзі» (арт. 391 КК). Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч.
Пра затрыманьне Паўла стала вядома 22 верасьня.
У сьпіс «экстрэмістаў» МУС дадало яшчэ 23 чалавекі, у тым ліку журналіста Зянкова
У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», 3 траўня дадалі яшчэ 23 чалавекі, цяпер у ім ужо 4 034 пазыцыі. Згодна з абноўленым дакумэнтам на сайце МУС, 9 уключаных у сьпіс знаходзяцца ў зьняволеньні, насупраць 13 прозьвішчаў стаіць адзнака «судзімасьць не пагашаная», яшчэ 1 — «прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня».
З пазбаўленых волі палітвязьнямі прызнаныя журналіст Аляксандар Зянкоў, асуджаны па арт. 3611 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) на 3 гады пазбаўленьня волі, а Галіна Красьнянская — на 5 гадоў зьняволеньня па арт. 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу), Валеры Самсоненка — на адзін год па арт. 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў).
Форум