Цана бэнзіну ў Беларусі — 0,72 даляра за літар. Сярод суседзяў па ЭАЭС даражэйшы бэнзін толькі ў Армэніі — 1,31 даляра за літар. Кіргізстан — 0,71 даляра за літар, Расея — 0,6 даляра, Казахстан — 0,45 (для падлікаў мы арыентаваліся на цану 95-й маркі бэнзіну. — РС).
Гэта вынікае з дадзеных Эўразійскай эканамічнай камісіі.
У краінах ЭЗ бэнзін даражэйшы. У Літве літар каштуе 1,66 даляра, у Польшчы прыкладна столькі ж. Падлічваем, куды можна даехаць у розных краінах, калі ўвесь сярэдні заробак аддаць на бэнзін, пры сярэднім расходзе ў 10 літраў на 100 кілямэтраў.
На колькі кілямэтраў хопіць сярэдняга заробку
Сярэдняга заробку ў Кіргізстане хопіць на 268,3 літра бэнзіну. Гэта 2683 кілямэтры. Можна тры разы праехаць усю краіну.
Сярэдняга армянскага заробку хопіць на 604 літры бэнзіну. Гэта 6400 кілямэтраў дарогі. Дастаткова, каб зьезьдзіць з Ерэвану ў Тбілісі 23 разы.
У Беларусі на афіцыйны сярэдні заробак памерам 671 даляр можна купіць 931,9 літра бэнзіну. Хопіць, каб праехаць 9319 кілямэтраў. Можна даехаць зь Менску да Хабараўску ці зьезьдзіць 33 разы са сталіцы ў Горадню.
У Расеі за сярэдні заробак можна набыць 1410 літраў бэнзіну. Гэта 14 410 кілямэтраў дарогі. Можна праехаць ад Смаленску да Хабараўску, але на зваротны шлях ужо ня хопіць.
Сярэдняга казахстанскага заробку хопіць на 1977 літраў бэнзіну, 19 770 кілямэтраў дарогі. Гэта 16 паездак з Астаны ў Алматы.
Што ў эўрапейскіх суседзяў
Пры польскіх цэнах на бэнзін за сярэдні заробак можна набыць 1251 літар паліва. Гэта 12510 кілямэтраў дарогі. Хопіць, каб 42 разы зьезьдзіць з Варшавы ў Кракаў.
У Літве за сярэдні заробак можна купіць 1360 літраў бэнзіну. Гэта 13 600 кілямэтраў дарогі, ці 44 паездкі зь Вільні ў Клайпеду.
Чаму ў Беларусі такія цэны на бэнзін
Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, Беларусь ня можа мець ніжэйшыя цэны на паліва, чым краіны, дзе здабываюць нафту — Казахстан і Расея.
«Расея і Казахстан — гэта нафтаздабыўныя краіны. Зь імі нельга параўноўваць. Можна параўноўваць з Кіргізстанам і Армэніяй. У Кіргізстане пры ніжэйшым заробку цана амаль такая ж, у Армэніі вышэйшая. У Літве і Польшчы бэнзін даражэйшы, але ён больш даступны з прычыны больш высокіх заробкаў», — параўноўвае Анатоль Харытончык.
Таксама для Беларусі цяпер выгадна набываць расейскую нафту, бо яна стала таньнейшай ад санкцый.
«Яны не мянялі цэнаў, бо ўдалося ўзнавіць экспарт нафтапрадуктаў. Экспартавалі крыху менш за 9 мільёнаў тонаў нафтапрадуктаў, гэта дазваляе кампэнсаваць продаж нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку па фіксаваных цэнах. З 2022 году беларуская нафтаперапрацоўка атрымала выгаду праз санкцыі на расейскую нафту. Расейская нафта патаньнела адносна іншых. Беларусь набывае расейскую нафту па меншай цане мінус мыта. А прадае нафтапрадукты па цэнах, блізкіх да сусьветных», — кажа Анатоль Харытончык.
Для Беларусі расейская нафта стала таньнейшай, розьніца паміж цаной куплі нафты і продажам перапрацаваных нафтапрадуктаў павялічылася. Цяпер жа, па словах экспэрта, гэтая розьніца пачала скарачацца. Экспэрт не выключае, што цэны на бэнзін павысяць, але гэта будзе ня хутка, бо цяпер урад пільна сочыць за тым, каб не расла інфляцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліва зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну падчас вайны пастаўлялі праз кампанію Wexler Group. Што вядома пра схему ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня вырас мінімальны заробак. А неўзабаве павялічаць цэны на алькаголь, тытунь і паліва