Расейскія войскі ў велікодныя сьвяты ўдзень у нядзелю і ў ноч на панядзелак інтэнсіўна абстрэльвалі памежныя і прыфрантавыя гарады Ўкраіны.
У Сумскай вобласьці пашкодзілі высакавольтны аб’ект
Нацыянальная кампанія «Укренерго» паведаміла, што ў Сумскай вобласьці ў выніку расейскай атакі пацярпеў высакавольтны аб’ект. Адмыслоўцы аднаўляюць энэргазабесьпячэньне ў некалькі этапаў.
У абласной адміністрацыі ўдакладнілі, што без электраэнэргіі засталіся тры раёны — Сумскі, Роменскі і Ахтырскі.
«У экстраным парадку склікалі камісію па тэхнагенна-экалягічнай бясьпецы і надзвычайных сытуацыях, у часе якой ухвалілі рашэньне аб аднаўленьні работы аб’ектаў крытычнай інфраструктуры з аварыйных крыніц», — паведамілі ў Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі.
Над рэгіёнам украінскія СПА зьбілі 12 расейскіх дронаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі абстралялі Адэсу, ёсьць забітыя і параненыя сярод цывільныхУ выніку расейскіх абстрэлаў страты энэргетыкі перавысілі адзін мільярд даляраў
Паводле Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны, пасьля інтэнсіўных абстрэлаў Расеяй украінскай энэргетыкі страты перавысілі адзін мільярд даляраў.
«Цяпер вядзецца пра сумы стратаў на больш як адзін мільярд даляраў. Але атакі працягваюцца і імаверна, што страты будуць павялічвацца», — сказаў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, у выніку апошніх атак пашкоджаньні атрымалі аб’екты цеплавой і гідрагенэрацыі, а таксама сыстэмы перадачы электраэнэргіі.
«Сыстэма на сёньня стабільная, але сытуацыя дастаткова складаная», — адзначыў ён і дадаў, што для правядзеньня рамонтных работ і нарошчваньня магутнасьцяў манэўровай генэрацыі выкарыстоўваюць дапамогу міжнародных партнэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў атакавала Ўкраіну. Ёсьць загінулыя і параненыя ў Харкаўскай і Запароскай вобласьціУ Харкаве атрымалі раненьні мірныя жыхары
Пятага траўня, калі ўкраінцы ішлі на велікодныя службы, расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па жылых дамах у цэнтры Харкава.
«Вораг цынічна зьнішчае жыцьцё харкавян. Ёсьць параненыя сярод цывільных. Супрацоўнікі Нацпаліцыі і выратавальнікі праводзяць агляд пашкоджаных будынкаў. Маем вельмі сур’ёзныя разбурэньні. Ніводнага вайсковага аб’екта там не было», — паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі аб імавернасьці закідваньня Расеяй дывэрсійных груп. Зь якіх кірункаў гэта магчымаНайбольш параненых у Данецкай вобласьці
Кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў выніку абстрэлаў 5 траўня ў рэгіёне загінуў адзін чалавек і яшчэ 6 атрымалі раненьні.
Расейцы атакуюць Часавы Яр, Міхайлаўку, Краснагораўку і Георгіеўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне і Расеі заявілі аб ахвярах у выніку ўзаемных абстрэлаў дронамі. У Калускай вобласьці пацярпеў чарговы НПЗРасейскія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў атацы Белгарадзкай вобласьці
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў выніку атакі дронамі з боку Ўкраіны пацярпелі легкавы аўтамабіль і два мікрааўтобусы, у якіх на працу накіроўваліся рабочыя.
«Інцыдэнт адбыўся ў раёне сяла Бярозаўка Барысаўскага раёну. На вялікі жаль, у выніку выбуху шэсьць чалавек памерлі на месцы ад атрыманых траўмаў», – паведаміў Гладкоў.
Паводле яго, пацярпелі 42 чалавек – іх шпіталізавалі ў мэдычныя ўстановы вобласьці.
Пазьней паведамілі аб сьмерці яшчэ аднаго пацярпелага.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.