У Тбілісі на праспэкце Руставэлі дзясяткі тысяч дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць закону «аб замежных агентах», сабраліся каля парлямэнту, а затым рушылі ў бок плошчы Герояў, дзе адносна невялікая група дэманстрантаў перакрыла частку шашы.
Затым дэманстранты дайшлі да філярмоніі і працягваюць свой шлях. Паліцыя затрымала некалькіх удзельнікаў мітынгу — паводле паліцыі, малая колькасьць дэманстрантаў не дазволіла ім перакрыць трасу, піша грузінская служба Свабоды. Менавіта з гэтай прычыны ўдзельнікі мітынгу прайшлі ад Руставэлі да плошчы Герояў.
Пакуль ад блогераў, якія знаходзяцца на месцы падзей, вядома пра некалькі дзясяткаў затрыманых, але без дакладнай лічбы і імёнаў.
«Асацыяцыя маладых юрыстаў Грузіі» (Saya) зрэагавала на акцыю пратэсту, якая працягваецца на плошчы Герояў, і заявіла, што перакрыцьцё дарогі зьяўляецца формай свабоды сходаў.
29 красавіка ў Тбілісі прайшоў мітынг «Грузінскай мары». Падчас выступу ганаровы старшыня кіруючай партыі казаў пра «партыю глябальнай вайны», «крывавы рэжым» Міхаіла Саакашвілі і неабходнасьць прыняць закон аб «замежных агентах», а бліжэй да канца выступу паабяцаў, што Грузія ўступіць у ЭЗ у 2030 годзе.
Апазыцыянэры лічаць, што гэты закон прывядзе да рэпрэсій і парушэньня свабод грамадзян, як гэта ўжо адбылося ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 пацярпелых падчас пратэстаў у Тбілісі шпіталізавалі. У парлямэнце Грузіі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекіШматтысячны мітынг каля парлямэнту адбыўся 17 красавіка, калі законапраект пачалі абмяркоўваць на пасяджэньні парлямэнцкага камітэту. Празь некалькі гадзін на акцыі агучылі ўльтыматум кіроўнай партыі — цягам гадзіны адклікаць дакумэнт, але пасьля таго, як іхных патрабаваньняў ня выканалі, частка дэманстрантаў перамясьцілася да ўраду.
17 красавіка парлямэнт Грузіі ўхваліў у першым чытаньні праект закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву». Пратэсты працягнуліся і ў наступныя дні. Апазыцыя імкнецца да поўнага скасаваньня закону і яго абмеркаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі прагаласаваў за законапраект аб «замежных агентах». У Тбілісі сутыкненьні пратэстоўцаў зь сілавікамі