Служба бясьпекі Ўкраіны выявіла бізнэсоўца, грамадзяніна Ўкраіны, які праз свае кампаніі ва Ўкраіне, Беларусі і на Кіпры ў абыход міжнародных санкцый пастаўляў з тэрыторыі Ўкраіны ў Расею аўтамабілі вядомых усясьветных брэндаў.
Паводле сьледзтва, украінец дапамагаў Расеі легалізаваць «паралельны імпарт», які расейскі ўрад узаконіў пасьля ўвядзеньня санкцый за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Як адзначаецца ў матэрыялах справы, пастаўкі транспартных сродкаў усясьветных брэндаў ён ажыцьцяўляў праз кантраляваны ім шэраг суб’ектаў гаспадараньня, зарэгістраваных ва Ўкраіне, Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліцы Кіпр.
Сьледчыя высьветлілі, што пастаўкі ажыцьцяўляліся на падставе фіктыўных дагавораў куплі-продажу, якія ўкраінскія прадпрыемствы падпісвалі з кіпрскай кампаніяй, а кіпрская, у сваю чаргу, мела адпаведныя дакумэнты зь беларускай, а тая ўжо з расейскай, якая і была канчатковым пакупніком.
Украінскі прадпрымальнік нібыта паведаміў сваім падначаленым, што яны павінны будуць «сыстэматычна набываць ва Ўкраіне новыя аўтамабілі, якія будуць афармляцца на падкантрольныя яму кампаніі, а адразу пасьля куплі транспартныя сродкі на падставе падробленых дакумэнтаў будуць пастаўляцца для продажу ў Расею праз тэрыторыі Польшчы і Беларусі».
У матэрыялах сьледзтва фігуруе эпізод аб продажы 56 аўтамабіляў Mercedes-Benz, Rolls-Royse, Mercedes-Maybach, AUDI, BMW і Cadillac.
У судовым рашэньні назвы кіпрскай, беларускай і ўкраінскіх кампаній, якія выкарыстоўваліся ў схеме пастаўкі люксавых аўтамабіляў з Эўропы ў Расею, засакрэцілі. Але раней аналягічныя падазрэньні разглядаліся датычна трох украінскіх прадпрыемстваў — ТАА «Еко Пром Актив», «Еко Ресурс Україна» і «КФФ Трейд». Пазьней сьледчыя не змаглі знайсьці доказаў фінансавых дачыненьняў гэтых кампаній з расейскім пакупніком.
Нядаўна Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі люксавыя аўтамабілі. Эўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею празь Беларусь у абыход санкцыяў, — расьсьледаваньнеЖурналісты-расьсьледнікі высьветлілі, што сетка беларускіх, расейскіх і эўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь ня толькі люксавыя аўтамабілі, але і грузавыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы пераганяюць у Расею люксавыя аўтамабілі ў абыход санкцыяў, — расьсьледнікіПаводле папярэдніх зьвестак, пастаўкамі прэміяльных аўтамабіляў заходніх брэндаў зь Беларусі ў Расею займаліся больш за 30 беларускіх кампаніяў.