Яе ўключылі ў сьпіс пад нумарам 2 як «кандыдат Аліна Коўшык (Коўшык-Петшыкоўска)», паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады.
Выбарчая камісія ўнесла і іншыя зьмены ў сьпісы кандыдатаў:
- Намесьнік камандзіра палка імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук выключаны са сьпісу групы «Воля», які ўзначальваў;
- Павал Бялюцін выключаны са сьпісу групы «Салідарнасьць»,
- Яраслаў Гамолка ўключаны ў «Блёк Пракоп’ева — Ягорава» пад нумарам 32.
Агулам да ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду дапусьцілі 12 сьпісаў, якія на момант рэгістрацыі 26 красавіка налічвалі 265 кандыдатаў.
Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 23:59 27 траўня. Першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня чакаецца 15 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тролінг гендэрных квотаў і забарона на ўдзел каліноўцам. Як праходзяць выбары ў Каардынацыйную РадуАліну Коўшык выключылі са сьпісу «Эўрапейскага выбару» 25 красавіка рашэньнем выбарчай камісіі. Коўшык заявіла, што яе выключылі з «фармальнай і нават фармалісцкай» прычыны — у дакумэнтах у яе двайное прозьвішча, а ў сьпісе фігуравала толькі адно. Коўшык адзначыла, што не карыстаецца другім прозьвішчам і што яго ўказаньне «будзе ўплываць на вынік галасаваньня»: «Беларусы мяне ня ведаюць пад гэтым падвойным прозьвішчам». Аліна Коўшык падала апэляцыю на рашэньне выбаркаму.
Лідэр сьпісу, старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі зьвярнуўся да выбаркаму з просьбай вярнуць Коўшык у сьпіс кандыдатаў. У яе падтрымку выступіла і кааліцыя «Каманда Латушкі і рух «За свабоду». У сеціве зьявілася пэтыцыя з заклікам да выбарчай камісіі перагледзець рашэньне наконт Аліны Коўшык і ўключыць яе ў выбарчыя сьпісы.
Выбаркам 27 красавіка паведаміў, што накіраваў Коўшык адказ на яе скаргу з абгрунтаваньнем раней прынятага рашэньня выключыць яе са сьпісу, а таксама «пытаньні, адказы на якія неабходныя для працэсу перагляду гэтай пастановы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага вызначыў пазыцыю адносна ўдзелу сваіх байцоў у выбарах у Каардынацыйную раду30 красавіка паведамлялася, што Вадзім Кабанчук апавясьціў выбарчую камісію Каардынацыйнай рады аб выхадзе са сьпісу групы «Воля», саступіўшы пазыцыю лідэра сьпісу былому байцу палка Каліноўскага Аляксандру Клачко (пазыўны «Кусь»). Раней рада камандзіраў палка Каліноўскага дазволіла добраахвотнікам удзельнічаць у выбарах толькі з умовай паніжэньня да салдата або сыходу з падразьдзяленьня.
Пра выключэньне са сьпісу «Салідарнасьці» сябра зьліквідаванай уладамі партыі «Народная Грамада» Паўла Бялюціна СМІ паведамілі 30 красавіка. Адзначалася, што ён у 2017 годзе напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча (цяпер зьяўляецца палітвязьнем, асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі). Гэтая інфармацыя зьмяшчаецца ў базе «зваротаў грамадзян у КДБ», апублікаванай групай ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» 28 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у КР у 2018 годзе напісала ў КДБ данос на блогера Пальчыса