Такая інфармацыя зьмяшчаецца ў базе «зваротаў грамадзян у КДБ», апублікаванай 28 траўня групай ананімных хакераў «Кібэрпартызаны», піша Позірк.
«У Магілёве па [адрасе] вул. Чкалава, 15 29 лістапада ў 19:00 будзе праходзіць ток-шоу з удзелам былога асуджанага Э.Пальчыса, які быў асуджаны за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Шоу накіраванае супраць Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва з Расійскай Фэдэрацыяй. І носіць недружалюбны характар. Прашу вас прыняць меры. З павагай, грамадзянка РБ, Вольга», – гаворыцца ў паведамленьні за аўтарствам Тышкевіч.
«Альянс расьсьледавальнікаў Беларусі» паведаміў пра спробу зьвязацца з Тышкевіч, якая цяпер пражывае ў Вільні.
Як паведамляецца, жанчына адказала, што «не пісала нічога на Эдуарда Пальчыса, а яе кампутар быў у суседа, які «ябацька».
Адзначаецца, што ў спампаванай «Кібэрпартызанамі» базе зваротаў гэта «не адзіны данос, напісаны пад імем Вольгі Тышкевіч», яшчэ адзін «быў зроблены ў тым жа годзе пяцьцю месяцамі раней».
Тышкевіч – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (не зарэгістраваная), старшынёй якой з’яўляецца палітвязень Мікалай Статкевіч.
Партыя ў сваім тэлеграм-канале пацьвердзіла наяўнасьць Тышкевіч у базе «зваротаў грамадзян у КДБ».
«На сёньняшні дзень у адкрытым доступе знаходзяцца даныя на двух чалавек. Гэта Павел Бялюцін і Вольга Тышкевіч. Іх сяброўства ў партыі прыпыненае, яны выдаленыя з усіх працоўных чатаў партыі, ім адмоўлена ў доступе да партыйнай інфармацыі. Кіраўніцтвам партыі накіраваныя звароты на імя Каардынацыйнай рады аб выключэньні гэтых асоб са сьпісу кандыдатаў на выбарах у новы склад», – гаворыцца ў заяве БСДП.
Партыя таксама заявіла, што працягне вэрыфікацыю сваіх чальцоў, запэўніўшы, што ў яе распараджэньні «дастаткова рэсурсаў для поўнамаштабнай праверкі».
17 сьнежня 2021 года блогер Эдуард Пальчыс быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 130 (распальваньне варожасьці), арт. 293 (масавыя беспарадкі), арт. 342 (арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацбясьпецы Беларусі) Крымінальнага кодэкса. Прызнаны палітвязьнем.
Форум