Што такое Каардынацыйная рада
Гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Каардынацыйная рада ўзьнікла ў жніўні 2020 году, каб пераадолець палітычны крызіс. Скліканьне Каардынацыйнай рады ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Цяпер Каардынацыйная рада працуе за мяжой, гэта своеасаблівы протапарлямэнт. Улады Беларусі перасьледуюць сяброў Каардынацыйнай рады, распачатая крымінальная справа аб «закліках, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Сябры прэзыдыюму Марыя Калесьнікава і Максім Знак асуджаныя на 11 і 10 гадоў калёніі. Па беларускіх адрасах сотні чалавек, зьвязаных з Радай, прайшлі ператрусы.
Як будуць абіраць
Галасаваньне ў Каардынацыйную раду III скліканьня пройдзе з 25 па 28 траўня. Галасаваць могуць паўналетнія грамадзяне Беларусі, якія маюць беларускія пашпарты. Будзе два варыянты галасаваньня — праз плятформу «Голас» і праз адмысловую аплікацыю. Пра гэта кажа старшыня выбарчай камісіі ў КС Алена Прыходзька.
«У плятформе „Голас“ ужо ёсьць шмат вэрыфікаваных грамадзян Беларусі пасьля выбараў 2020 году, калі яны дасылалі бюлетэні на плятформу. Таксама будзе спэцыяльная аплікацыя, якую прэзэнтуюць цягам некалькіх дзён. Вы ў яе заходзіце, скануеце свой пашпарт, сваю выяву і можаце прагаласаваць. Гэтыя дадзеныя нікуды не сыходзяць, яны хэшуюцца, адбываецца вэрыфікацыя. І пасьля дадзеныя прыходзяць да нас у выглядзе голасу. А самі зьвесткі пашпарта і фота да нас не трапляюць. Чалавек можа выдаліць гэта і не пакінуць лічбавых сьлядоў», — кажа Алена Прыходзька.
Як будуць лічыць
Зараз на 2-гадовы тэрмін будуць абіраць 80 чалавек. Выбары пройдуць па прапарцыйнай сыстэме і па сьпісах. Усяго такіх сьпісаў 12, яны сфармаваныя рознымі аб’яднаньнямі з актывістаў, палітыкаў і іншых дзеячоў. Прэтэндэнты мусілі пацьвердзіць сваё беларускае грамадзянства.
У кожнага выбаршчыка — адзін голас, які можна аддаць за адзін са сьпісаў. Колькасьць людзей са сьпісу, якія пасьля праходзяць у КР, прапарцыйная аддадзеным за сьпіс галасам. Чым вышэйшае імя ў сьпісе, тым большая верагоднасьць трапіць у склад КР. Таму найчасьцей наверх сьпіса ставяцца найбольш актыўныя і вядомыя людзі. Такую працэдуру апісвае старшыня выбарчай камісіі ў КР Алена Прыходзька.
Абавязковы парог для ўсіх — 3% галасоў ад усіх выбарцаў.
Таксама ёсьць гендэрныя квоты — 40% жанчын. Аднак ёсьць і зьніжка для прамілітарных аб’яднаньняў. Такіх у сьпісе два з дванаццаці.
«Гэтыя прэтэндэнты дасылалі спэцыяльныя тлумачэньні, чаму мы іх павінны лічыць прамілітарнымі аб’яднаньнямі, і на падставе гэтага ім далі 20% квоту», — патлумачыла Алена Прыходзька.
З гендэрнымі квотамі ёсьць яшчэ адзін нюанс. Калі зь нейкіх прычын з аднаго са сьпісаў выбывае жанчына, гэта месца займае жанчына, якая знаходзіцца далей па сьпісе.
Хто абіраецца
Усяго прэтэндэнтаў 265 чалавек. Сьпярша іх было 280, але выбарчая камісія не зацьвердзіла некаторыя кандыдатуры. Сярод самых распаўсюджаных прычынаў — немагчымасьць пацьвердзіць беларускае грамадзянства і недакладныя пашпартныя зьвесткі.
Самы вялікі сьпіс — «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» — 46 чалавек. Сюды ўваходзіць намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай Павал Латушка. А таксама палітык, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Па словах Паўла Латушкі — гэта кааліцыя, да якой далучыліся блогеры, юрысты, дзеячы культуры і прадпрымальнікі.
«Эўрапейскі выбар» — 34 чалавекі. Узначальвае аб’яднаньне старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі. У КР ранейшага скліканьня была фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне / За Новую Беларусь». Апроч Дабравольскага, туды таксама ўваходзіў Юрась Губарэвіч.
Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 34 чалавекі. Сюды ўваходзіць сьпікер КР, палітоляг Андрэй Ягораў, а таксама рэстаратар, адзін з заснавальнікаў палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў. У лістападзе мінулага году Ягораў, Пракопʼеў і Сахашчык ладзілі сустрэчы зь беларусамі ў польскіх гарадах, спадзеючыся аб’яднаць беларусаў у масавую арганізаваную структуру.
«Салідарнасьць» — 21 чалавек. Публічныя асобы — палітык Георгі Дзьмітрук і выканаўца абавязкаў старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі. Георгі Дзьмітрук зьвязвае сябе з аргкамітэтам БХД. Аднак частка хрысьціянскіх дэмакратаў разам зь Віталём Рымашэўскім адмаўляе датычнасьць Дзьмітрука да цяперашняга аргкамітэту БХД.
«Воля» — 20 чалавек. Першае імя ў гэтай фракцыі — намесьнік камандзіра палку імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Пры гэтым у палку прынялі рашэньне, што жаўнеры могуць удзельнічаць у выбарах у КР толькі пры ўмове, што яны пакідаюць полк. Прамілітарны блёк з гендэрнай квотай у 20%.
«Закон і Правапарадак» — 20 чалавек. Гэтую фракцыю ўзначальвае кіраўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў. Раней Азараў абяцаў, што зьбярэ ў сваю фракцыю былых сілавікоў, і выказваўся пра важнасьць КР, бо «яго баіцца Лукашэнка». Гэта таксама прамілітарны блёк з гендэрнай квотай у 20%.
«Незалежныя беларусы» — 17 чалавек. Першы ў сьпісе — блогер Максім Шабуцкі. Першыя ролікі ён пачаў выкладваць у свой канал на Youtube у ліпені 2020 году, прапанаваў свой плян дзеяньняў на 9 жніўня, які называўся «Багратыён». Аднак гэты плян не знайшоў шырокай падтрымкі. Да красавіка 2022 году блогер жыў у падпольлі ў Беларусі, пасьля перабраўся ў Польшчу. У канцы 2022 году далучыўся да палку Каліноўскага, але пакінуў абʼяднаньне ў лістападзе 2023-га. Згодна з апошнімі відэа блогера, сваю фракцыю ён набіраў праз абвестку на Youtube.
«Краіна для жыцьця» — 17 чалавек. Сьпіс узначальвае Віталь Савюк. Ён кіраўнік грамадзкага руху з такой жа назвай. Вядома, што Віталь Савюк сустрэў пачатак вайны ў Кіеве і дапамагаў тэрытарыяльнай абароне разам зь іншымі беларусамі.
«Моладзевы наступ» — 15 чалавек. Лідэр сьпісу — актывістка «Моладзевага блёку» Лізавета Пракопчык. «Моладзевы блёк» вядомы сваімі крэатыўнымі акцыямі ў Беларусі, удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе. Моладзевая фракцыя і раней прысутнічала ў КР.
«Наша справа» — 14 чалавек. Лідэр сьпісу — палітоляг Роза Турарбекава. Яна кандыдатка гістарычных навук, актыўна камэнтуе палітычныя падзеі ў Беларусі. У КР і раней прысутнічала фракцыя з такой назвай. Туды ўваходзілі хрысьціянскі дэмакрат Віталь Рымашэўскі, гісторык Павал Церашковіч, Аляксандар Паршанкоў. Вядома, што фракцыя выступае супраць «жалезнай заслоны» для беларусаў у Беларусі.
«Хопіць баяцца» — 14 чалавек. Лідэр сьпісу — блогерка Тацяна Мартынава. Блогерка займаецца беларускімі ініцыятывамі ў Кіеве, мае 51 тысячу падпісчыкаў на сваім канале. Разам з гасьцямі этэраў блогерка абмяркоўвае палітычныя і эканамічныя навіны ў Беларусі і вакол яе. У мінулым яна была фірмовым голасам «Радыё Бі-Эй».
«Голас дыяспар — адзінства па над межамі» — 13 чалавек. Лідэр сьпісу — Надзея Нортан, больш за 10 гадоў яна жыве ў ЗША. Надзея вучылася на гістфаку БДУ, пасьля скончыла магістратуру і асьпірантуру. Гэтая фракцыя прадстаўляе беларускія дыяспары ў розных краінах.
Каго завярнулі
Першапачаткова ў КР балятаваліся 13 фракцый. Фракцыю «За годнасьць беларусак» не зарэгістравалі ў выбарчай камісіі. У гэтай фракцыі вырашылі «патроліць» гендэрныя квоты: лідэр сьпісу і іншыя ўдзельнікі падпісаліся жаночымі імёнамі, хоць яны не жанчыны. Да таго ж Яраслаў Грыгор’еў ня мае беларускага грамадзянства. У рэгістрацыі фракцыі адмовілі зь дзьвюх прычын. Па-першае, Яраслаў Грыгор’еў не грамадзянін Беларусі. А па-другое, калі яго выключылі, то ў сьпісе засталося дзевяць чалавек, а для ўдзелу трэба дзесяць.
Таксама са сьпісу «Эўрапейскага выбару» выключылі Аліну Коўшык. Прычына — у яе ў пашпарце падвойнае прозьвішча, а ў сьпісах толькі адно з двух.
Аліна Коўшык падала апэляцыю на рашэньне выбаркаму. 26 красавіка на сайце zvarot.online таксама зьявілася пэтыцыя на адрас Каардынацыйнай Рады і выбарчай камісіі з просьбай перагледзець рашэньне аб выключэньні Аліны Коўшык са сьпісу кандыдатаў і скарэктаваць правілы рэгістрацыі кандыдатаў.
У выніку пасьля ўдакладненьня некаторых пытаньняў 2 траўня выбарчая камісія вярнула Аліну Коўшык у сьпіс кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду.
Разам з тым, рашэньнем выбарчай камісіі ад 2 траўня са сьпісу групы «Воля» быў выключаны намесьнік камандзіра палка імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук.
Таксама са сьпісу групы «Салідарнасьць» выключылі сябра партыі «Народная Грамада» Паўла Бялюціна. Такое рашэньне ў партыі прынялі пасьля таго, як дзякуючы апублікаванай «Кібэрпартызанамі» базе зваротаў у КДБ Беларусі высьветлілася, што у 2017 годзе Бялюцін напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча (цяпер зьяўляецца палітвязьнем, асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі).
Форум