Куандыка Бішымбаева пакаралі на 24 гады зьняволеньня, вырак быў агучаны судом у Астане.
Працэс пачаўся 27 сакавіка і праходзіў з удзелам прысяжных засядацеляў, на чым настойваў бок абароны. Разьбіральніцтва транслявалася з залы суда. На фоне працэсу над былым міністрам праз парлямэнт Казахстану зацьвердзіў закон аб супрацьдзеяньні гвалту, прыняцьце якога ўлады адкладалі ў апошнія некалькі гадоў, нягледзячы на заклікі праваабаронцаў.
Гібель 31-гадовай Салтанат Нукенавай узмацніла дыскусіі ў грамадзтве адносна распаўсюджанасьці гвалту ў дачыненьні да жанчын у Казахстане.
44-гадовы Бішымбаеў у мінулым займаў важныя дзяржаўныя пасады, у тым ліку ў 2016 годзе быў міністрам эканомікі. Раней Бішымбаева пакаралі на 10 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў карупцыі. Пазьней ён атрымаў прэзыдэнцкае памілаваньне. Тэрмін пакараньня яму скарацілі да чатырох гадоў. У кастрычніку 2019 года Бішымбаеў вызваліўся з калёніі ўмоўна і датэрмінова.
Падчас разгляду матэрыялаў справы сталі вядомыя падрабязнасьці падзей лістапада 2023 году, якія ўражваюць сваёй жорсткасьцю: на пасяджэньнях суду былы міністар у падрабязнасьцях расказваў, як біў жонку, а пакуль яна памірала, тэлефанаваў варажбітцы і перапісваўся са знаёмай. Што яшчэ вядома пра гэтую справу, піша «Настоящее время».
Папярэджаньне: у тэксьце апісаныя сцэны гвалту
Што адбылося?
Увечары 8 лістапада 2023 года Куандык Бішымбаеў пасварыўся з жонкай у рэстаране Bau, які належыць сям’і былога міністра. Сужэнцы занялі там адну з VIP-кабінак.
Упершыню Куандык зьбіў Салтанат у туалеце. У судзе ён заявіў, што падчас канфлікту Салтанат Нукенава зьняла зь сябе і выкінула ва ўнітаз падораныя ім упрыгожаньні, пасьля чаго нібыта ўпала тварам на ўнітаз і, адскочыўшы, стукнулася галавой аб кафляную падлогу. У судзе адвакаты сямʼі забітай паказвалі фота гадзіньніка і бранзалета, якія нібыта зьняла зь сябе жанчына.
Вынікі экспэртызы паказалі, што гэтыя прадметы былі сарваныя зь яе рук. Акрамя таго, яны адзначылі, што ў крыві Нукенавай не было вялікай колькасьці алькаголю, таму сказаць, што яна была на той момант непрытомная, нельга.
«Каб аскольчаты пералом носа ўтварыўся — гэта трэба чалавека стукнуць аб унітаз», — заявіў судмэдэкспэрт Тахір Халімназараў.
Другі раз Бішымбаеў зьбіў жонку на выхадзе зь ліфта. Паводле яго слоў, яны спрабавалі зьехаць з рэстарана дадому, але ён быў занадта пʼяны і заехаў на бардзюр. Пасьля гэтага муж і жонка вырашылі вярнуцца ў VIP-кабінку. У ліфце паміж імі зноў пачалася сварка. Калі Нукенава выйшла, каб прайсьці ў кабінку, Бішымбаеў спыніў яе і чатыры разы ўдарыў па твары. Калі жанчына ўпала, ён некалькі разоў ударыў яе нагой і паспрабаваў падняць за валасы, а затым зацягнуў у VIP-кабінку. Відэазапіс зьбіцьця пасьля выхаду зь ліфта паказалі ў судзе. Што адбывалася далей — невядома, бо ў кабінцы няма камэр.
«Я схапіў яе за валасы, даў чатыры аплявухі моцныя — дзьве зь левай рукі, дзьве з правай, яна ў гэты момант, відаць, упала. Калі яна ўпала, я штурхнуў яе разы тры-чатыры па сьцягне, па ягадзіцы, я дакладна ўсьведамляў, што ніякі жыцьцёвы орган не павінен [быць закрануты]... я штурхнуў яе разы чатыры: „Уставай, што ты“. Я быў злы і пачаў за валасы яе паднімаць», — расказваў у судзе былы міністар.
У VIP-кабінцы, паводле яго слоў, жонка легла на канапу і заснула. Ён накрыў яе пінжаком і лёг побач.
На наступны дзень Бішымбаеў пакінуў жонку ляжаць у рэстаране, а сам пайшоў па справах. «Хуткую» ён выклікаў толькі ўвечары 9 лістапада, калі заўважыў, што ў Нукенавай пахаладзелі твар і цела. Лекары канстатавалі сьмерць жанчыны.
На целе забітай было мноства задзірын і сінякоў. Судовая экспэртыза паказала, што Салтанат Нукенава памерла ад «закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, якая суправаджалася вострай субдуральнай гематомай». На шыі жанчыны знайшлі сьляды ўдушэньня.
Апошнія гадзіны перад сьмерцю, па словах мэдэкспэрта, Нукенава была ў агоніі. Яна пакутліва памірала, задыхаючыся, і памерла задоўга да таго, як Бішымбаеў вырашыў выклікаць «хуткую».
Што кажуць Бішымбаеў, ягоны стрыечны брат і іншыя сьведкі
Куандыка Бішымбаева затрымалі амаль адразу пасьля забойства. Слуханьні ў судзе пачаліся 11 сакавіка 2024 году.
Спачатку падсудны не прызнаваў віны. Ён казаў, што «датычны да сьмерці [жонкі], але наўмысна не забіваў, не было намеру зьдзяйсьняць такі бессэнсоўны акт». Так ён адказаў на камэнтар маці забітай. Падчас выступу Бішымбаева, зьвяртаючыся да падсуднага, заявіла: «Я ня бачыла твару свайго дзіцяці, ты восем гадзін забіваў маю дачку!»
Пазьней Бішымбаеў прызнаў, што нанёс жонцы пабоі, якія сталі прычынай яе сьмерці. Але ўсё яшчэ адмаўляе віну ў наўмысным забойстве.
Разам зь Бішымбаевым судзяць ягонага стрыечнага брата Бакытжана Байжанава — дырэктара «Гастрацэнтру», якому належыць рэстаран Bau. Мужчыну абвінавачваюць ва ўкрывальніцтве і неданясеньні аб злачынстве. Віны ён не прызнае.
Стрыечны брат дапамагаў Бішымбаеву аднесьці жонку ў машыну пасьля зьбіцьця, а потым назад у VIP-кабінку, калі яны зразумелі, што жанчына не стаіць на нагах.
Акрамя таго, пасьля зьбіцьця жонкі Бішымбаеў папрасіў Байжанава адпусьціць пэрсанал і выдаліць відэазапісы з камэр назіраньня. У судзе высьветлілася, што 9 лістапада рэстаран быў забраняваны для расейскай дэлегацыі, якая прыехала ў Казахстан у дзень візыту ў Астану Ўладзіміра Пуціна. Але бронь прыйшлося зьняць.
Сам Бішымбаеў казаў, што прасіў выдаліць запіс не для таго, каб схаваць забойства, а таму што не хацеў, каб відэа разышлося па тэлеграм-каналах.
Яшчэ адной ягонай просьбай да Байжанава было ўзяць тэлефон жонкі і адвезьці дадому. Па дарозе стрыечны брат былога міністра павінен быў заехаць у фітнэс-цэнтар. Бішымбаеў тлумачыў гэта тым, што не хацеў, каб брат жонкі, які адсочваў яе тэлефон праз геалякацыю, ведаў, дзе яна.
У Бішымбаева з жончыным братам ужо быў канфлікт на глебе гвалту, які Бішымбаеў ужываў да Салтанат. У судзе брат Нукенавай Айтбек Амангельды расказаў, што празь некалькі месяцаў пасьля таго, як пара правяла мусульманскі абрад шлюбу, сястра даслала яму фатаздымак зь сінякамі на твары. Яна прасіла яго захаваць здымкі, выдаліць перапіску і нічога не рабіць. Брат вырашыў усё ж прыехаць у кватэру Бішымбаева. Ён хацеў забраць адтуль сястру.
«Я ёй сказаў: паехалі дадому, зьбірайся, табе гэта ўсё ня трэба. Яна адказала, што сама разьбярэцца, што яна дарослая самастойная жанчына... і што яна кахае Куандыка», — сказаў у судзе брат загінулай. Пасьля гэтага ён зачытаў паведамленьні, у якіх прасіў сястру сысьці ад мужа, а яна адказвала, што «сама вінаватая».
Айтбек Амангельды дадаў, што ягоная сястра ўсё ж рабіла спробы скончыць адносіны. Паводле яго слоў, за 2023 год Нукенава адыходзіла ад Бішымбаева каля васьмі разоў. Канчаткова парваць адносіны не магла таму, што мужчына шантажаваў яе інтымным відэа.
Сваёй сяброўцы Аідзе Ахмедынай Нукенава расказвала, што Бішымбаеў маніпуляцыямі прымусіў яе зьняць ролік, паабяцаўшы, што пасьля гэтага яны расстануцца:
«Ён сказаў, што не адпусьціць, тыпу ў маёй сямʼі ёсьць фота з пабоямі і тыпу мы яго будзем шантажаваць... І ён прасіў зрабіць відэа, дзе я голая, каб у яго таксама быў рычаг [націску] на мяне, і што гэта яго гарантыя, што ніхто яго ня будзе шантажаваць».
Званкі варажбітцы і здымкі зьбіцьця ў тэлефоне
За пасяджэньнямі па справе аб забойстве Салтанат Нукенавай пільна сочаць як у Казахстане, так і ў іншых краінах. Першапачаткова цікавасьць да працэсу была выкліканая тым, што на лаве падсудных апынуўся вядомы ў краіне былы чыноўнік. Пры гэтым злачынства, якое ён учыніў, ня толькі не замоўчваюць, а наадварот, вядуць адкрытыя трансьляцыі з пасяджэньняў, на кожным зь якіх становяцца вядомыя новыя падрабязнасьці жорсткага зьбіцьця і падзей, якія адбываліся пасьля.
«Сыграла ролю і навізна падачы інфармацыі, — лічыць сузаснавальніца Казахстанскай фэмінісцкай ініцыятывы „Фэмініта“ Гулзада Сержан. — Інфармацыя трансьлюецца праз праўрадавы канал у добрай якасьці. Назіраючы за працэсам, людзі атрымліваюць веды пра тое, як праходзяць справы па бытавых канфліктах».
Пакуль зьбітая ім жонка заставалася без дапамогі ў рэстаране, дзе пасьля памерла, Бішымбаеў перапісваўся зь некалькімі жанчынамі. Першым кантактам была блогерка Гульнара Насырбекава, другім — невядомая дзяўчына, запісаная ў тэлефоне былога міністра як «Юлія супэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сорамна і страшна. Чаму беларускія людзі рэдка зьвяртаюцца па дапамогу ў выпадках хатняга гвалтуДоступ да перапісак суд атрымаў пасьля разблякаваньня тэлефона Бішымбаева. Акрамя званкоў варажбітцы і паведамленьняў, адпраўленых іншым жанчынам, там знайшлі 12 відэа, зьнятых былым міністрам у дзень забойства жонкі. Публічна гэтыя запісы не трансьлявалі, але судзьдзя глядзела іх з гукам падчас паседжаньня. Відэа доўжацца па некалькі сэкундаў. На запісах голас, падобны да голасу Бішымбаева, абзывае жанчыну нецэнзурнымі словамі і прымушае прызнавацца ў здрадзе.
На адным зь відэа былы міністар пытаецца жонку: «Ты спала зь ім?» Уздыхнуўшы, жанчына адказвае: «Так». Спачатку Бішымбаеў казаў, што запісы яму скінуў нехта ў Whatsapp і яны захаваліся ў тэлефоне. Потым сьцьвярджаў, што гэтыя кадры — падробка і мантаж, хтосьці нібыта наклаў ягоны голас на відэа. Урэшце ён прызнаўся, што здымаў іх сам.
Суд з удзелам прысяжных — як гэта працуе ў Казахстане?
Суд над Бішымбаевым праходзіць з удзелам прысяжных. Праглядаючы відэазапісы, як былы міністар зьдзекуецца з жонкі, лаўнікі плакалі. Адной з жанчын у калегіі прысяжных стала дрэнна. Іншага лаўніка прыйшлося замяніць па стане здароўя.
З 2010–2012 гадоў у Казахстане з удзелам прысяжных пачалі разглядацца ў судах усе асабліва цяжкія злачынствы. Паводле дадзеных судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суду, суды прысяжных выносяць апраўдальныя прысуды на 8–8,5% часьцей, чым звычайныя.
Каб справа разглядалася ў такім фармаце, боку абароны дастаткова заявіць адпаведнае хадайніцтва. Усяго ў калегіі прысяжных 11 чалавек: 10 прысяжных і судзьдзя, які вядзе справу. Ёсьць яшчэ два дадатковыя прысяжныя на выпадак, калі спатрэбіцца замена. Для вынясеньня абвінаваўчага прысуду трэба, каб большасьць прысяжных адказалі станоўча на 3 пытаньні па кожным з абвінавачаньняў.
Экспэрты кажуць, што судзьдзя можа ўплываць на прысяжных, прымушаючы іх адказваць на пытаньні патрэбным ёй чынам.
Адвакат Джахар Уцебекаў, напрыклад, пісаў:
«Для апраўданьня Бішымбаева дастаткова шасьці галасоў з 11. Калі судзьдзя гэтага хоча, то ёй дастаткова пераканаць пяць прысяжных. Закон нават не забараняе ёй гэтага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку 2024 году ў Беларусі ад хатняга гвалту загінулі сама меней тры жанчыныСправа аб забойстве Салтанат і абарона правоў жанчын
Падчас разгляду крымінальнай справы аб гібелі Нукенавай у судзе высьветлілася, што Бішымбаеў прытрымліваўся традыцыйных поглядаў на разьмеркаваньне роляў у сямʼі.
«Вось у мяне было да яе літаральна некалькі патрабаваньняў, так? Гэта каб яна праводзіла мяне на працу, увечары рыхтавала вячэру. Больш ад яе нічога не патрабавалася. Ну, з-за таго, што яна ўвесь час была ў нейкім такім стане, яна не спраўлялася», — заявіў падсудны.
Казахстанскія праваабаронцы лічаць, што Бішымбаеў так разьлічвае схіліць на свой бок кансэрватыўную частку насельніцтва краіны.
«Бішымбаеў ладзіць шоў не для нас, а для прысяжных. Ён цісьне на стэрэатыпы, на маркеры, якія вызначаюць „добрых“ і „нядобрых“ жанчын. На жаль, у нашай краіне да гэтага часу зьвяртаюць увагу на тое, „чыстая“ ці „нячыстая“ нявеста. Нават калі самому мужчыну гэта ўсё роўна, гэта мае значэньне для сямʼі, і яны [сямейнікі] могуць абражаць нявестку, казаць, што ў яе „ня тая рэпутацыя“ і што яна выйшла замуж не нявіньніцай», — расказвала ў інтэрвію Forbes заснавальніца казахстанскай праваабарончай арганізацыі SVET (Stop Violence End Tyranny) Малдзір Албан.
Зь ёю згодная казаская актывістка і праваабаронца Гулзада Сяржан. Яна дадае, што лічыць «традыцыйныя каштоўнасьці», па якіх, як высьветлілася ў судзе, жыве Бішымбаеў, каляніяльнымі практыкамі.
«У 2017 годзе нашы заканадаўцы здрадліва скапіявалі закон па дэкрыміналізацыі бытавога гвалту ў Расеі. На гэта наклаўся крызіс ковіду. У выніку мы атрымалі сапраўдны фэміцыд», — кажа Сяржан.
Рэакцыя на працэс у Казахстане
Хатні гвалт — сурʼёзная праблема для Казахстану. Кожны год ад зьбіцьця ў сямʼі паміраюць ня менш за 80 жанчын — гэта афіцыйныя дадзеныя Генпракуратуры.
Працэс над Бішымбаевым запусьціў новую хвалю дыскусіі пра барацьбу з хатнім гвалтам. Сацыяльныя сеткі запоўненыя допісамі аб працэсе. Карыстальнікі публікуюць урыўкі з судовых паседжаньняў, свае разважаньні пра хатні гвалт і відэа, закліканыя прыцягнуць увагу да праблемы.
Многія выступаюць у падтрымку Нукенавай і яе сямʼі, дзеляцца публікацыямі з хэштэгамі #заСалтанат, #Saltanat. Пад першым хэштэгам у Instagram ужо налічваецца больш за 11 тысяч публікацый, у TikTok — больш за 40 тысяч.
У ЗША і Эўропе праходзяць акцыі ў падтрымку Нукенавай. Казахстанцы, якія там жывуць, выходзяць на вуліцы з плякатамі #СалтанатҮшін («За Салтанат»), No Excuse For Abuse («Няма апраўданьня абʼюзу»).
Мастакі прысьвячаюць працэсу свае працы.
Але найважнейшы вынік грамадзкай кампаніі вакол гэтага працэсу — прыняцьце закону аб хатнім гвалце. 15 красавіка 2024 году прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон, які ўзмацняе жорсткасьць пакараньня за пабоі ў сямʼі.
Законам уводзіцца крымінальная адказнасьць за наўмыснае прычыненьне лёгкай шкоды здароўю і зьбіцьцё. Акрамя таго, выключаецца магчымасьць прымірэньня бакоў, калі гаворка ідзе пра фізычны гвалт і жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі або пра паўторны гвалт, які адбыўся на працягу году з моманту прымірэньня бакоў. У Казахстане таксама маюць зьявіцца цэнтры падтрымкі сямʼі, якія будуць дапамагаць пацярпелым ад гвалту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Душыў пакетам, двойчы зьбіў, пагражаў нажом: жыхара Бярозаўкі за хатні гвалт пакаралі 3 месяцамі арыштуАпошняе слова Бішымбаева
Сваё апошняе слова падсудны зачытваў з аркушу паперы.
«Я ўсведамляў, што з улікам разгорнутых у сацсетках, у СМІ кампаній па распальваньні нянавісьці да мяне, скажэньні абставінаў справы, ачарненьні мяне, маёй сям'і я рызыкую, што любы прысяжны будзе загадзя прадузяты супраць мяне. Нягледзячы на гэта, я і мае абаронцы вырашылі пайсьці на адкрыты для СМІ суд і з удзелам прысяжных засядальнікаў. Я меў толькі адну важную для сябе мэту — данесьці хаця б да дзесяці чалавек праўду пра той трагічны вечар і пра нашы з Салтанат адносіны».
Бішымбаеў лічыць, што кожны чалавек, зь якім перасякаюцца нашыя жыцьці, становіцца для нас выпрабаваньнем.
«Калі вы верыце ў вышэйшы пачатак, у Бога, я веру, што ён нас адчувае. Жадаем мы таго ці не, усьведамляем мы гэта ці не, мы кожны дзень праходзім ягоны тэст. Тэст на самыя высокія каштоўнасьці маральныя. У той дзень, я павінен сказаць, у тую ноч з 8 на 9 лістапада, я гэты тэст не прайшоў».
Таксама былы міністар папрасіў прабачэньня ва ўсіх, заявіўшы, што ягоныя памылкі азмрочылі старасьць ягоных бацькоў, а ў дзень гібелі Салтанат ён «абразіў усё лепшае, што ёсьць ува мне, што ёсьць у кожным зь людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму мы радзей чуем пра хатні гвалт, хоць ён робіцца больш жудасным