У Цэнтры нацыянальнага супраціву Ўкраіны, які зьвязваюць з вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацыяў Украіны, заявілі, што ў межах Міжнароднага моладзевага форуму ў Менску Расея «вэрбавала» беларускіх студэнтаў на распрацоўваньне і вытворчасьць дронаў для расейскай арміі.
«На форуме заўважылі прадстаўнікоў тэрарыстычнай арганізацыі ПВК „Вагнэр“. Задача форуму была максымальна далучыць маладых беларусаў да распрацоўкі і вытворчасьці БПЛА для Ўзброеных сіл Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.
У Цэнтры нацыянальнага супраціву зьвярнулі асобную ўвагу на ўдзел у форуме «прадстаўніцкай дэлегацыі ад Казанскага тэхнічнага дасьледчага ўнівэрсытэту, якая займаецца распрацоўкай баявых БПЛА ў Расеі».
Згодна з паведамленьнем, куратарамі форуму былі дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Дзьмітрый Мезенцаў і расейскі амбасадар Барыс Грызлоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе купіць у Расеі вайсковых дронаў на больш як мільён даляраўУ Менску падпісалі шэраг дакумэнтаў аб супрацы ў распрацоўваньні дронаў
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (БДТУ), Міжнародны моладзевы форум «БПЛА-2024» праходзіў на базе ўнівэрсытэту з 23 да 26 красавіка. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі з 10 краін больш 60 арганізацый, уключаючы Расею, Кітай, Арабскія Эміраты, Узбэкістан і Казахстан.
У часе форуму яго ўдзельнікі наведалі Негарэльскі навучальна-досьледны лясгас, рэспубліканскі клюб «ДТСААФ» пад Менскам і Берасьце.
У першы дзень форуму прадстаўнікі найбольш шматлікай расейскай дэлегацыі наведалі Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, навукова-практычны цэнтар шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў і «іншыя авіяпрадпрыемствы» Беларусі.
«Гаварылі і аб супрацы распрацоўнікаў бесьпілётнікаў Беларусі і Расеі, у тым ліку выхаду на ўзровень праектаў саюзнай дзяржавы. Для гэтага неабходна вельмі дакладна сфармуляваць іх задачы і вынік, які плянуецца атрымаць, вызначыць дзяржаўных заказчыкаў», — паведамілі ў Нацыянальнай акадэміі навук па выніках сустрэчы.
У межах форуму Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт падпісаў дамову аб супрацы з Казанскім нацыянальным дасьледчым тэхнічным унівэрсытэтам імя Тупалева, якая прадугледжвае «супольную распрацоўку і рэалізацыю праектаў з далучэньнем кадравых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў двух бакоў у межах адукацыйнай праграмы «Два дыплёмы. Праектаваньне і тэхналёгія бесьпілётных лятальных апаратаў». Рэктару казанскага ВНУ Цімуру Алібаеву ўручылі дыплём, мантыю і нагрудны знак ганаровага доктара БДТУ.
Адзначаецца таксама, што БДТУ і Маскоўскі авіяцыйны інстытут адкрыюць супольную праграму магістратуры па бесьпілётніках.
Яшчэ адну дамову аб супрацы БДТУ падпісаў з ААТ «Пеленг» — супраць гэтага прадпрыемства Эўразьвяз увёў санкцыі, прадугледжаныя 13-м пакетам. Яно займаецца распрацоўваньнем і вытворчасьцю оптыка-электроннай прадукцыі.
Генэральны дырэктар «Пеленга» Павал Пазьнякоў па выніках падпісаньня дакумэнту заявіў аб важнасьці «кадравага пытаньня» для прадпрыемства. «Таму мы гатовыя аказаць як студэнтам БДТУ, так і ў цэлым унівэрсытэту ўсебаковае садзейнічаньне ў падрыхтоўцы будучых спэцыялістаў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У форуме таксама ўдзельнічала яшчэ адное, таксама падсанкцыйнае, беларускае прадпрыемства вайскова-абароннага комплексу — ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод».
У Негарэлым удзельнікам форуму прадэманстравалі беларускія распрацоўкі дронаў для цывільнага сэктару — для выкарыстаньня ў лясной і сельскай гаспадарцы. Магчымасьці бесьпілётнікаў паказалі ў часе дэманстрацыйнага запуску.
Адзначаецца, што БДТУ і Маскоўскі авіяцыйны інстытут адкрыюць супольную праграму магістратуры па бесьпілётніках.
Аб падпісаньні дамоў аб супрацы з прадстаўнікамі Кітаю, Узбэкістану, Казахстану і Арабскіх Эміратаў нічога не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета Беларусь плянуе пачаць сэрыйную вытворчасьць ударных беспілётнікаў