На прававым партале зьявіліся матэрыялы судовай справы ўчастковага міліцыянта, які майстраваў фальшывыя адміністратыўныя пратаколы на выпадковых людзей бязь іх ведама. Матэрыялы заўважыў сайт «Люстэрка».
Участковы зь Менску дзеля таго, каб палепшыць працоўныя паказьнікі, фальшаваў адміністратыўныя справы, прыдумляў пратаколы, упісваў у іх імёны «правапарушальнікаў», якіх выбіраў са свайго ўчастка, пісаў справаздачы пра нібыта праведзеныя «прафіляктычныя размовы», выносіў неіснуючыя папярэджаньні і закрываў справы.
Паколькі ён абавязаны быў затым унесьці адпаведныя зьвесткі ў Адзіны дзяржаўны банк дадзеных аб правапарушэньнях, у выніку ў людзей у базах зьяўляўся статус «прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці». Пры гэтым людзі нават не падазравалі, што вакол іх праводзіліся такія актыўныя міліцэйскія дзеяньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянта, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у Беларусі і пераехаў у Літву, пасьля выкрыцьця пазбавілі ДНЖЯкім чынам выявілі махінацыі ўчастковага, незразумела, але была праведзеная службовая праверка. Высьветлілася, што міліцыянт сфальшаваў дакумэнты і вынес 14 (на той момант) незаконных пастановаў. Пасьля гэтага яго звольнілі з органаў унутраных спраў.
Упраўленьне ўласнай бясьпекі (УУБ) МУС распачало крымінальную справу за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці». Прысуд – тры гады ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 12 000 рублёў. Акрамя таго, яму забаранілі займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем функцый прадстаўніка ўлады ў праваахоўных органах на пяць гадоў.
У дзень вынясеньня прысуду, 29 сакавіка 2024 году, былога міліцыянта ўзялі пад варту ў судовай залі. Ягоную маёмасьць (лядоўню, тэлевізар і пральную машыну, грошы на рахунку) арыштавалі для выплаты штрафу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьледчы сказаў: „Будзеце адказваць за мужа“». Падрабязнасьці затрыманьня хворай жанчыны ў Гомельскай вобласьці