Ва Ўкраіне арыштавалі маёмасьць кампаніі, заснаванай падсанкцыйным Гомельскім радыёзаводам

Ілюстрацыйнае фота

Пад арышт трапіла база адпачынку «Луч», што ў сяле Грыбаўка Адэскай вобласьці. База мае 8 корпусаў на першай лініі ад мора. Сама кампанія знаходзіцца ў Адэсе.

Ва Ўкраіне арыштавалі рухомую і нерухомую маёмасьць таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Промінь-ЮГ», якое ў 2012 годзе заснаваў Гомельскі радыёзавод.

Цяпер канцавымі бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі зьяўляюцца грамадзяне Ўкраіны Мікола Андрэеў і Тацяна Чаос Гансалес. Гомельскі радыёзавод, супраць якога ў траўні 2023 году Ўкраіна ўвяла санкцыі, валодае 50% статутнага капіталу.

Пад арышт, у прыватнасьці, трапіла база адпачынку «Луч» у сяле Грыбаўка Адэскай вобласьці. База стаіць на першай лініі ад мора і мае 8 корпусаў. Сама кампанія мае сядзібу ў Адэсе.

Як адзначаецца ў апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны судовых рашэньнях, у часе дасудовага расьсьледаваньня высьветлілі, што на тэрыторыі Адэсы і Адэскай вобласьці дзейнічала «група асоб з мэтай гвалтоўнай зьмены і захопу дзяржаўнай улады». Удзельнікі гэтай групы нібыта публічна распаўсюджвалі матэрыялы з заклікамі да такіх дзеяньняў, апраўдвалі расейскую агрэсію і праслаўлялі расейскіх вайскоўцаў.

Паводле сьледзтва, асобных удзельнікаў групы падазраюць у кантактах «зь нявысьветленымі супрацоўнікамі спэцыяльных службаў і праваахоўных органаў так званых ДНР-ЛНР», ва ўдзеле «ў агентурнай сетцы спэцыяльных службаў Расеі» і «правядзеньні выведна-падрыўной дзейнасьці».

У часе вобшуку па месцы пражываньня падазраваных знайшлі прадметы, пры дапамозе якіх тыя нібыта маглі ажыцьцяўляць выведную дзейнасьць, а па месцы знаходжаньня кампаніі вынялі ўстаноўчыя дакумэнты, у тым ліку — статут ТАА, ліст Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасьці, ліст Міністэрства прамысловасьці Беларусі, статут Гомельскага радыёзаводу і іншыя дакумэнты.

Справу расьсьледуюць з 17 студзеня 2024 году паводле ч. 2 артыкула 110 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на зьмену межаў тэрыторыі Ўкраіны, і публічныя заклікі да такіх дзеяньняў) і ч. 2 артыкула 436-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (апраўданьне расейскай агрэсіі). За гэтыя злачынствы прадугледжваецца пакараньне ад абмежаваньня да пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць 18 беларускіх прадпрыемстваў і адной прафсаюзнай пярвічкі
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўласьнік нацыяналізаванага ў Беларусі заводу дамагаўся кампэнсацыі страты актываў, але не ад Менску