Сейм Літвы прадоўжыў санкцыі супраць грамадзян Беларусі яшчэ на год. Ёсьць новыя візавыя абмежаваньні

Акцыя пратэсту супраць дадатковых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі каля Сейму Літвы, 20 красавіка 2023. Ілюстрацыйнае фота

У закон увялі дадатковыя абмежаваньні на атрыманьне грамадзянамі Беларусі шэнгенскіх візаў у замежных консульскіх установах Літвы.

Сейм Літвы прадоўжыў да 2 траўня 2025 году дзеяньне закону аб абмежавальных захадах датычна грамадзян Беларусі і Расеі за ваенную агрэсію супраць Украіны.

Дэпутаты зноў абмяркоўвалі неабходнасьць абмежаваньня паездак у Беларусь для беларусаў, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, але гэтай ініцыятывы зноў не падтрымалі.

У закон увялі дадатковыя абмежаваньні на атрыманьне грамадзянамі Беларусі шэнгенскіх візаў у замежных консульскіх установах Літвы. Цяпер іх будуць выдаваць толькі ў выпадку, калі пасярэднікам у падачы дакумэнтаў на візу выступае Міністэрства замежных спраў Літвы.

У законе адзначаецца, што Памежная служба будзе ацэньваць рызыку пагрозы для дзяржаваў Шэнгенскага пагадненьня з боку грамадзяніна Беларусі, які ўяжджае на тэрыторыю Літвы, і прымае рашэньне аб дадатковай праверцы другой лініі. Гэтая норма ня будзе датычыцца членаў сямей грамадзян Літвы і краін Эўразьвязу, чальцоў экіпажаў і супрацоўнікаў кампаній міжнародных грузапасажырскіх перавозак і маракоў; грамадзян, якія прыбываюць у Літву з гуманітарных прычынаў ці зьяўляюцца сямейнікамі такіх асобаў; датычна грамадзян, якія карыстаюцца імунітэтам паводле Венскай канвэнцыі або зьяўляюцца дыпляматычнымі або спэцыялізаванымі кур’ерамі ці супрацоўнікамі МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У літоўскім парлямэнце не падтрымалі абмежаваньня паездак у Беларусь для беларусаў з ДНЖ

У законе прапісана забарона на ўвоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, краінай паходжаньня якіх зьяўляецца Расея або Беларусь. Сьпісы сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, забароненых да ўвозу, будзе зацьвярджаць урад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве плянуюць дадаткова праверыць больш за 18 000 беларусаў: давядзецца запоўніць апытальнік