У Беларусі распрацавалі плян стварэньня «лічбавага сувэрэнітэту». Пра гэта заявіў міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган. Зараз зьбіраюцца зрабіць апэрацыйную сыстэму, вэб-браўзэр і офісны пакет.
«Наяўнасьць уласнага сыстэмнага праграмнага забесьпячэньня дае магчымасьць быць незалежнымі ад імпартных рашэньняў і ўпэўненымі ў магчымасьці яго самастойнага разьвіцьця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — патлумачыў міністар.
Некалькі распрацоўнікаў, зь якімі Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, сумняваюцца ў здольнасьці зрабіць апэрацыйную сыстэму з нуля. Гэта можа быць толькі адкрыты код, які распрацоўнікі змогуць «лякалізаваць».
«Распрацоўваньне сыстэмы такой складанасьці — гэта вельмі шмат гадоў назапашваньня экспэртызы, якую студэнты па разьмеркаваньні не пацягнуць, так што гэта немагчыма. Што магчыма „імпартазамясьціць“ — выпусьціць дыстрыбутыў Linux і, скажам, LibreOffice з новай застаўкай, блёкам на забароненыя сайты. Праўда, мала выпусьціць — гэта потым яшчэ і падтрымліваць трэба, мне здаецца на гэтым этапе цікавасьць да фінансаваньня ўсяго гэтага і зьнікне», — расказаў адзін з распрацоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі плянуюць стварыць уласны інтэрнэт-аглядальнік і апэрацыйную сыстэмуАпэрацыйная сыстэма Linux і пакет LibreOffice — гэта opensource, праграмнае забесьпячэньне з адкрытай ліцэнзіяй. Іх можна проста спампаваць зь сеціва. Калі будзе выбраны такі шлях, то назваць вынік беларускім прадуктам будзе нельга. Такі шлях ужо выбірала Расея, дзе проста ў некалькіх варыянтах адаптавалі Linux. Пры гэтым больш за 80% карыстальнікаў у Расеі ўсё адно карыстаюцца звыклай Windows (па дадзеных на 2023 год).
Прыгадалі, пра якія яшчэ прарыўныя праекты паведамлялі беларускія ўлады, і паглядзелі, што зь імі цяпер.
Вакцына ад каранавірусу за 27 мільёнаў даляраў. Пакуль не дасяжная
Эпапэя са стварэньнем сваёй вакцыны ад COVID-19 у Беларусі пачалася ў лютым 2021 году на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Тады кіраўнік Беларусі сказаў, што беларуская вакцына супраць каранавірусу можа зьявіцца ўжо ў 2021 годзе.
У лістападзе 2021 году Лукашэнка падпісаў указ аб вытворчасьці вакцыны. Рабіць яе мусілі на новым заводзе ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласьці. Паводле ўказу, на наладжваньне працэсу меркавалася расходаваць 68,1 мільёна рублёў, ці 27,7 мільёна даляраў паводле тагачаснага курсу Нацыянальнага банку.
Плянавалася, што завод павінен працаваць у складзе прадпрыемства «Белвітуніфарм». Яно займаецца выпускам вакцынаў для сельскагаспадарчых жывёлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ нават завод не дабудавалі». Як у Беларусі тры гады рабілі вакцыну ад каранавірусу і патрацілі на гэта 27 мільёнаў даляраўУ траўні 2023 году Сусьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла аб заканчэньні рэжыму надзвычайнай сытуацыі з нагоды пандэміі каранавірусу ў сьвеце. Пра завяршэньне эпідэміі ў Беларусі Мінздароўя адсправаздачылася яшчэ ў студзені таго ж году.
А сёлета беларусы склалі пэтыцыю, каб чыноўнікі патлумачылі, што цяпер адбываецца з вакцынай.
«Заключная справаздача аб правядзеньні клінічнага дасьледаваньня „БелКовідВак“ будзе аформленая да ліпеня 2024 году», — гаварылася ў адказе на сайце petitions.by.
Беларускі ноўтбук, у якім 12% «беларускага»
У верасьні 2022 году Лукашэнка паказаў школьнікам першы беларускі ноўтбук, які зрабілі на заводзе Horizont. Тады ж ён прызнаўся, што ў навінцы толькі 12% беларускага. Налета ноўтбук зьявіўся ў продажы. Блогеры заўважылі, што ён вельмі падобны да кітайскага лаптопа Itel Spirit 2.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё тое самае». Тэхнаблогер Wylsacom знайшоў кітайскі ноўтбук, падазрона падобны да «беларускага» H-bookСвабода пісала, што за такія грошы, як каштуе беларускі ноўтбук, можна купіць аналягі ад вядомых брэндаў.
Цяпер у продажы ёсьць некалькі мадэляў беларускага ноўтбука. Каштуюць яны ад 1308 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Horizont» ці Lenovo? Які ноўтбук можна купіць у Беларусі за 1300 рублёўБеларускі электракар, які ня могуць зрабіць 7 гадоў
Пра электрамабіль беларускай вытворчасьці чыноўнікі гавораць амаль 10 гадоў. У 2017 годзе першы электрамабіль нават паказалі людзям. Тады гаварылася, што пытаньне толькі ў наладжваньні сэрыйнай вытворчасьці.
У ліпені 2021 году Мінэнэрга заявіла, што першую партыю электрамабіляў выпусьцяць да канца году. Гэтага не адбылося.
Улетку 2023-га першы намесьнік міністра прамысловасьці Аляксандар Агароднікаў зноў абяцаў, што электрамабіль выпусьцяць да канца году. Не ўдалося.
Цяпер беларускі электрамабіль абяцаюць паказаць сёлета ў жніўні-верасьні. Прынамсі, на гэта спадзяецца намесьнік кіраўніка ўраду Пятро Пархомчык.
Пархомчык нагадаў, што беларускі электракар будзе распрацаваны на базе аўтамабіля Geely Coolray, ліцэнзію на вытворчасьць якога пад уласным брэндам (BelGee X50) завод «БелДжы» атрымаў летась у кітайскіх партнэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ноўтбук і смартфоны: Што зьбіраліся імпартазамяшчаць і што з гэтага атрымаласяБеларускі Starlink, «як у Ілана Маска»
У кастрычніку мінулага году Лукашэнку паказалі сыстэму сувязі, «якая працуе паводле прынцыпу Starlink». Starlink — гэта глябальная спадарожнікавая сыстэма кампаніі SpaceX для забесьпячэньня хуткасным шырокапалосным інтэрнэтам. У гэтай сыстэмы на арбіце звыш 5000 спадарожнікаў.
У Беларусі ёсьць адзін уласны спадарожнік, які здольны ўсталёўваць інтэрнэт-злучэньне. Гэта «Белінтэрсат-1».
Спадарожнік зрабілі ў Кітаі, але пастаўшчык асноўнай апаратуры — француска-італьянскі канцэрн Thales Alenia Space.
Гэта даволі старая тэхналёгія, якую прэзэнтавалі ў 2018 годзе. Арбіта такога спадарожніка геастацыянарная, то бок ён пастаянна «глядзіць» на адзін пункт на Зямлі, а сыгналы ад яго могуць прыходзіць з затрымкай.
Беларускі смартфон
У 2008 годзе прадпрыемства «Прамсувязь» выпусьціла свой мабільны тэлефон — «Эўратэф-М». У тэлефоне нават была камэра. Тады чыноўнікі гаварылі пра выпуск першай партыі ў тысячу адзінак.
Адмыслоўцы, якія тэставалі тэлефон, заўважылі, што беларуская ў ім толькі зборка, усе дэталі былі кітайскай вытворчасьці. Папулярнасьці прадукт не займеў і даволі хутка прапаў з продажу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік «Гарызонту» кажа, што беларускі ноўтбук ужо прадаецца ў 18 краінах сьвету. Знайсьці ў онлайн-крамах яго можна толькі ў Расеі