Паліцыя затрымала некаторых удзельнікаў прапалестынскіх студэнцкіх дэманстрацый у ЗША

Прапалестынскі пратэст у Нью-Ёрку

Амэрыканская паліцыя пачала разганяць лягер у Нью-Ёрскім унівэрсытэце (NYU), праведзены арышты.

Раней у той жа дзень у Ейльскім унівэрсытэце арыштавалі дзясяткі студэнтаў, а Калюмбійскі скасаваў дзённыя заняткі, піша ВВС.

Хваля дэманстрацый азмрочылася антысэміцкімі здарэньнямі, якія асудзілі ў Белым доме.

Дэманстрацыі і гарачыя дэбаты аб вайне паміж Ізраілем і ХАМАС і свабодзе слова ўзрушылі ўнівэрсытэцкія гарадкі ЗША пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, што стала падставай для ізраільскай ваеннай кампаніі ў Газе.

У ЗША студэнты з абодвух бакоў кажуць, што з таго часу павялічылася колькасьць антысэміцкіх і ісламафобскіх здарэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія заявіла аб усплёску антысэмітызму ў Эўропе

Адказваючы на пытаньне аб мітынгах у панядзелак, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сказаў, што асуджае як «антысэміцкія пратэсты», так і «тых, хто не разумее, што адбываецца з палестынцамі».

У Нью-Ёрскім унівэрсытэце заявілі, што 50 чалавек былі ў галоўным лягеры каля бізнэс-школы. Пратэст назвалі недазволеным, заявіўшы, што гэта сарвала заняткі. Паліцыя пачала затрымліваць удзельнікаў у панядзелак вечарам. Дакладная лічба арыштаваных невядомая.

За некалькі гадзін да гэтага амаль 50 пратэстоўцаў былі арыштаваныя ў Ейльскім унівэрсытэце ў Нью-Гэйвэне, штат Канэктыкут. Улады заявілі, што на месцы сабраліся сотні людзей, многія зь якіх адмаўляліся выехаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ударыў па Рафаху ў сэктары Газа, ёсьць ахвяры

З ЗША прыйшлі паведамленьні пра чарговыя антысэміцкія інцыдэнты ў панядзелак — у першы дзень габрэйскага сьвята Пэсах. Нядаўнія відэа, апублікаваныя ў інтэрнэце, паказваюць, як некаторыя пратэстоўцы выказваюць падтрымку атацы ХАМАС на Ізраіль, у якой забівалі, гвалцілі і бралі ў закладнікі мірных жыхароў.

Хасыдзкая група «Хабад» з Калюмбійскага ўнівэрсытэту заявіла, што на габрэйскіх студэнтаў крычалі і выкарыстоўвалі супраць іх абразьлівую рыторыку. Рабін, зьвязаны з унівэрсытэтам, папрасіў габрэйскіх студэнтаў пазьбягаць кампусу, пакуль сытуацыя не палепшыцца.

Акрамя згаданых ВНУ, пратэставыя лягеры з намётамі ў Злучаных Штатах разьбілі таксама ў Гарвардзкім і Масачусэцкім унівэрсытэтах.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.