У Польшчы затрымалі двух падазраваных у нападзе на расейскага апазыцыянэра Волкава

Леанід Волкаў

Прэзыдэнт Літвы ўжо выказаў падзяку польскаму боку. Але гэта не адзінае затрыманьне меркаваных расейскіх шпегаў і дывэрсантаў у Эўразьвязе апошнімі днямі.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа публічна выказаў падзяку Польшчы за затрыманьне двух падазраваных у нападзе на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава ў Літве.

«Я дзякую Польшчы за сапраўды выдатную працу, мы гаварылі пра гэта з прэзыдэнтам Польшчы, дзякуй за выдатнае супрацоўніцтва. І ў той жа час я хачу падзякаваць нашым спэцыялістам крымінальнай выведкі, якія правялі самую першую і самую важную падрыхтоўчую працу. Неўзабаве, пасьля выкананьня працэсуальных дзеяньняў, гэтыя асобы будуць перададзеныя Літве», — цытуе Наўседу Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На паплечніка Навальнага ў Літве мог напасьці завэрбаваны расейскімі спэцслужбамі чалавек, — літоўская выведка

Напад на паплечніка Аляксея Навальнага Леаніда Волкава, які пакінуў Расею з палітычных прычынаў і пасяліўся ў Вільні, адбыўся 12 сакавіка каля ягонага дому ў Вільні. Калі ён пад’ехаў туды, невядомыя выбілі шыбу ў машыне, распылілі ў вочы сьлезацечны газ і білі Волкава малатком. Яны зламалі расейскаму апазыцыянэру руку.

Наўседа не назваў імёнаў затрыманых.

Напярэдадні Акруговы суд Варшавы арыштаваў грамадзяніна Польшчы праз падазрэньне ў сувязях са спэцслужбамі Расеі. Паводле інфармацыі польскага боку, ён плянаваў у супрацы з расейскай выведкай сплянаваць замах на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія спэцслужбы арыштавалі мужчыну, які нібыта хацеў дапамагчы расейцам арганізаваць замах на Зяленскага

Акрамя таго, у нямецкай фэдэральнай зямлі Баварыя затрымалі двух мужчын, якія, згодна з вэрсіяй нямецкіх сілавікоў, плянавалі дывэрсіі на чыгунцы. Раней яны фатаграфавалі амэрыканскія вайсковыя базы ў Нямеччыне, напісаў Spiegel Politik.