Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія спэцслужбы арыштавалі мужчыну, які нібыта хацеў дапамагчы расейцам арганізаваць замах на Зяленскага


Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы
Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што затрыманы па ўласнай ініцыятыве ўступіў у кантакт з прадстаўнікамі камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі, каб працаваць на карысьць расейскай вайсковай выведкі.

Акруговы суд Варшавы арыштаваў грамадзяніна Польшчы праз падазрэньне ў сувязях са спэцслужбамі Расеі (ч. 2 арт. 130 КК РП), паведамляе прэс-служба Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

У Службе бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што арыштаваны хацеў дапамагчы ГРУ арганізаваць замах на Ўладзіміра Зяленскага.

Па вэрсіі офіса генпракурора Ўкраіны, падазраваны па ўласнай ініцыятыве ўступіў у кантакт з прадстаўнікамі камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі і паведаміў ім аб гатоўнасьці працаваць на карысьць расейскай ваеннай выведкі.

Мяркуецца, што ў яго абавязкі ўваходзілі ў збор і перадача інфармацыі аб бясьпецы польскага аэрапорта Жэшув-Ясенка. Гэта, як сьцьвярджаюць сьледчыя, павінна было, між іншым, дапамагчы расейскім спэцслужбам сплянаваць магчымы замах на Ўладзіміра Зяленскага падчас яго знаходжаньня ў Польшчы.

СБУ ўдакладняе, што дзякуючы апэратыўнаму абмену інфармацыяй паміж Украінай і Польшчай у рамках міжнародна-прававой дапамогі падазраванага ўдалося ідэнтыфікаваць і затрымаць на тэрыторыі Польшчы.

У Нацыянальнай пракуратуры Польшчы адзначылі, што арыштаванаму мужчыну, калі ягоная віна будзе даказаная, пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Сьледзтва ў гэтай справе вядзе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

  • У сьнежні 2023 года суд у Польшчы прыгаварыў 14 грамадзян Украіны, Беларусі і Расеі да пазбаўленьня волі тэрмінам да 6 гадоў у справе аб шпіянажы на карысьць Расеі. Мінімальны тэрмін, год пазбаўленьня волі, атрымала фігурантка справы, грамадзянка Беларусі Марыя М., а максымальны, шэсьць гадоў турмы, — украінец Арцём А. Акрамя пазбаўленьня волі, усім асуджаным прызначылі штрафы да $2,5 тысячы.
  • Па дадзеных сьледзтва, асуджаныя ўваходзілі ў шпіёнскую сетку, якой кіравалі прадстаўнікі ФСБ і іншых расейскіх спэцслужбаў. Вэрбаваньне ў гэтую сетку, як сьцьвярджае сьледзтва, ажыцьцяўлялася на акупаванай расійскімі войскамі тэрыторыі Ўкраіны або ў фільтрацыйных пунктах на межах Расеі з краінамі Эўразьвязу. Удзельнікам сеткі за выкананьне даручэньняў плацілі ад $300 да некалькіх тысяч даляраў.
  • У сакавіку 2023 году польскія спэцслужбы заявілі, што зьліквідавалі расейскую шпіёнскую сетку, але затрыманьне яе ўдзельнікаў працягвалася да жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG