Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На паплечніка Навальнага ў Літве мог напасьці завэрбаваны расейскімі спэцслужбамі чалавек, — літоўская выведка


Леанід Волкаў пасьля нападу малатком у Вільні
Леанід Волкаў пасьля нападу малатком у Вільні

Што вядома пра напад на паплечніка Навальнага Леаніда Волкава ў Вільні.

За нападам у Вільні на блізкага паплечніка Аляксея Навальнага, былога дырэктара Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) могуць стаяць расейскія сілавікі. Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс.

«Па нашай ацэнцы, падобна, гэта праца расейскіх спэцслужбаў. Відаць, празь нейкага завэрбаванага чалавека зроблена. <...> Гэта толькі паказвае, што рэжым настроены на больш сур‘ёзныя акцыі — мы павінны вельмі сур‘ёзна пераасэнсаваць ацэнку пагрозаў <...> і прыняць адпаведныя меры, — цытуе Яўнішкіса партал Delfi.

Ён дадаў, што іншыя прадстаўнікі апазыцыі маюць больш зважаць на сваю бясьпеку, У сваю чаргу выведка ня можа запэўніць большага ўзроўню аховы гэтых людзей, аднак перадала інфармацыю дэпартамэнту паліцыі.

Раней у дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі Літвы выказалі здагадку, што напад на Волкава мог быць апэрацыяй, арганізаванай і праведзенай Расеяй, мэта якой «спыніць рэалізацыю праектаў расейскай апазыцыі, зьвязаных з плянаванымі недэмакратычнымі выбарамі прэзыдэнта Расеі».

У ведамстве лічаць, што Крэмль успрымае ФБК як найбольш небясьпечную апазыцыйную сілу, здольную аказаць рэальны ўплыў на ўнутраныя працэсы ў Расеі. Паводле літоўскай выведкі, у Крамлі рэгулярна зьбіраюць інфармацыю пра чальцоў ФБК і арганізоўваюць напады.

Напад на Волкава адбыўся ў аўторак, 12 сакавіка, каля ягонага дому ў Вільні. Калі ён пад’ехаў да свайго дому, невядомыя выбілі вакно ў аўтамабілі, распылілі ў вочы сьлезацечны газ і білі Волкава малатком.

«Зь мяне хацелі зрабіць адбіўную — натуральна малатком для адбіўных чалавек проста каля дому ў двары напаў на мяне, разоў 15 ударыў па назе. Нага пры гэтым чамусьці засталася цэлая. Хадзіць балюча, але кажуць, што пералому няма, зламаў затое руку», — расказаў расейскі апазыцыянэр, зь якім гутарыў тэлеканал «Настоящее время».

На напад адрэагаваў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

«Паведамленні аб нападзе на Леаніда шакуюць. Адпаведныя органы прыступілі да працы. Вінаватыя мусяць адказаць за сваё злачынства», — напісаў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа дапусьціў, што на Волкава напалі ў Вільні пад уплывам Крамля.

«Зразумела, што такія рэчы плянуюцца, і мы не павінны дзівіцца. Але я хачу ясна заявіць, што службы дадуць ацэнку, правядуць расьсьледаваньне і, спадзяюся, знойдуць вінаватых. Пуціну я магу сказаць толькі адно: тут вас ніхто не баіцца», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG