Пра гэта стала вядома ад крыніцы, дасьведчанай у справах палітвязьня Сяргея Спарыша.
«Напісаў, што з 9-га чысла ў Магілёве. Чаго ён гэтак часта вандруе туды-сюды, невядома. Пасьля Баранавічаў зноў пабываў у калёніі пад Івацэвічамі, а цяпер зноў у Магілёве. Але адзначае, што там кормяць лепш», — паведаміла крыніца ў сярэдзіне красавіка.
Паводле крыніцы, палітвязень Сяргей Спарыш на здароўе з большага не наракае, але ён скардзіўся на тое, што доўгі час праз пераезды з адной калёніі ў другую ня можа вырашыць праблему з хворымі зубамі, яму не надаюць мэдыцынскую дапамогу.
Сяргей Спарыш — намесьнік старшыні незарэгістраванай партыі «Народная грамада», якую за арышту ачольваў палітвязень Мікалай Статкевіч. Як і Мікалая Статкевіча Сяргея Спарыша арыштавалі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, у чэрвені 2020 году.
У 2021 годзе Спарыша судзілі ў так званай справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку 191-га (перашкаджэньне ажыцьцяўленьню выбарчых правоў). Сяргей Спарыш быў асуджаны да 6 гадоў зьняволеньня.
Сваёй віны ні па адным з абвінавачаньняў Сяргей Спарыш не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Першую палову тэрміну Сяргей Спарыш адбыў у ПК-22 пад Івацэвічамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: асуджанага на 20 гадоў калёніі Гундара яшчэ на год пазбавілі харчовых перадач ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Карней абскардзіў прысуд, яго перавялі ў Магілёўскае СІЗА