Як расказваюць аўтары расьсьледаваньня, упершыню аб будаўніцтве гэтай рэзыдэнцыі паведаміла газэта «Наша Ніва» у 2011 годзе. Журналісты апісвалі абʼект як невялікі, зь некалькімі дамкамі, на тэрыторыі якога ёсьць фізкультурна-аздараўленчы цэнтар і басэйн.
Першапачаткова гэты зямельны ўчастак займаў сем з невялікім гектараў. Пазьней Менскі аблвыканкам падаў у бестэрміновае карыстаньне яшчэ 10,5 гектара зямлі — «у мэтах разьмяшчэньня абʼектаў жылой забудовы».
Рэзыдэнцыя знаходзіцца пад кантролем Службы бясьпекі Лукашэнкі, у дакумэнтах КДБ рэзыдэнцыя на Менскім моры праходзіць як абʼект «Усход». З іх вядома, што сюды праведзена лінія ўрадавай сувязі.
Самы буйны з жылых будынкаў — трохпавярховы дом з бруса з трыма тэрасамі, фантанам, унутраным абліцоўваньнем з мармуру і граніту. Другі па велічыні дом — таксама трохпавярховы, з тэрасамі і двума падстрэшкамі. Таксама ёсьць два дамы крыху меншыя і «будынак старэйшага афіцэра».
На тэрыторыі рэзыдэнцыі ёсьць зона для барбекю, пляцоўкі для гульні ў міні-футбол, баскетбол, тэніс, батут і пэрсанальны пляж у прыбярэжнай зоне. Пэрсанал рэзыдэнцыі (акрамя службы бясьпекі) складаецца з 25 сталых супрацоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незапатрабаваны палац у цэнтры Менску. Навошта Лукашэнку спатрэбілася яшчэ адна рэзыдэнцыяУ верасьні 2023 года выйшаў фільм-расьсьледаваньне BelPol аб меркаванай рэзыдэнцыі Лукашэнкі, разьмешчанай недалёка ад ягонай адміністрацыі на вуліцы Карла Маркса.
Паводле слоў расьсьледавальнікаў, у іх распараджэньні апынуліся ў тым ліку каштарысы «на вялізныя сумы грашовых сродкаў, выдзеленых з дзяржаўнага бюджэту». У прыватнасьці, альтанка на прылеглай тэрыторыі каштуе амаль 151 тысячу беларускіх рублёў (гэта каля $60 тысяч, за гэтыя грошы ў Менску можна набыць, напрыклад, аднапакаёвую кватэру), а чатыры канапы на першым паверсе — без малога 25,2 тысячы (каля $10 тысяч ). Таксама расьсьледавальнікі расказваюць аб дэталёвых плянах кожнага з чатырох паверхаў гэтага будынка, кошту рамонтных работ і аснашчэньня інтэр’ераў.
Ускоснымі пацьверджаньнямі таго, што гэтая рэзыдэнцыя будавалася для Лукашэнкі, служаць, паводле слоў расьсьледавальнікаў, дакумэнты, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, наяўнасьць памяшканьняў для адʼютанта і асабістай аховы, адной спальні і аднаго працэдурнага кабінэта.
Выданьне «Люстэрка» піша, што цяпер у Аляксандра Лукашэнкі ня менш як 17 рэзыдэнцый. Міжнародных гасьцей ён часьцей за ўсё прымае ў Палацы Незалежнасьці, а жыве ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.
У 2021 годзе выйшаў фільм тэлеграм-канала Nexta «Лукашэнка. Залатое дно», у якім распавядаецца пра рэзыдэнцыі і іншыя абʼекты нерухомасьці, якімі, як сьцьвярджаецца, карыстаецца Лукашэнка. Па дадзеных Nexta, на ўтрыманьне гэтай маёмасьці сыходзяць «дзясяткі мільёнаў долараў».
Самай раскошнай рэзыдэнцыяй аўтары расьсьледаваньня назвалі Палац Незалежнасьці ў Менску, у будаўніцтва якога, як заяўляў Лукашэнка, не ўкладзена «ніводнага рубля бюджэтнага». Аднак на запыт у Міністэрства фінансаў Беларусі аб фінансаваньні будаўніцтва палаца адказалі, што грошы былі выдзелены з рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Менска. Экспэрты сьцьвярджаюць, што толькі на інфраструктуру палаца пайшло $250 мільёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Залатое дно» пра маёмасьць Лукашэнкі прызналі экстрэмісцкім