Беларускі футбольны трэнэр Хацкевіч пракамэнтаваў напад на яго хуліганаў у Польшчы

Аляксандар Хацкевіч, архіўнае фота

Беларускі футбольны трэнэр Аляксандар Хацкевіч расказаў пра тое, чаму разам з калегамі пакінуў польскі клюб «Заглембе» пасьля нападу хуліганаў.

Аляксандар Хацкевіч, зорны ў мінулым паўабаронца зборнай Беларусі і кіеўскага «Дынама», працаваў у польскім «Заглембі» з Сасноўца разам з суайчыньнікам Міхаілам Залеўскім і ўкраінцам Уладзімірам Аржанавым. Залеўскі быў спартовым дырэктарам каманды, а Аржанаў — трэнэрам-аналітыкам.

Трэцяга красавіка адбыўся скандал — на трэнаваньне клюбу зьявіліся раззлаваныя апошнімі вынікамі каманды хуліганы, якія паводзілі сябе агрэсіўна і ўдарылі Хацкевіча.

У вялікім інтэрвію Хацкевіча і Залеўскага польскаму спартоваму выданьню Przegląd sportowy беларусы патлумачылі сваё рашэньне пакінуць клюб і расказалі дэталі нападу.

Пачалося з таго, што на трэнаваньне зьявіліся хуліганы ў масках, прыкладна 25 чалавек.

«Павярнуўшыся да іх, я сказаў па-ангельску „здымі маску“. Потым адзін зь іх нанёс удар. Я заблякаваў яго. Закон вуліцы абвяшчае, што калі цябе ўдарылі першым, ты можаш нанесьці ўдар у адказ. Але я разумеў, што калі адкажу, то будзе вялікі канфлікт з наступствамі, якія цяжка прадбачыць», — кажа Хацкевіч.

На ягоную думку, людзі, якія хочуць паразмаўляць з камандай і выставіць прэтэнзіі за кепскія вынікі («Заглембе» блізкае да вылету ў трэці польскі дывізіён), робяць гэта бяз масак і адкрыта. Хацкевіч адмаўляе інфармацыю пра тое, што далей яго білі нагамі. Удар быў толькі адзін, хоць і моцны, а далей трэнэр пайшоў у разьдзявальню і з хуліганамі размаўляў ужо Міхаіл Залеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на беларускага трэнэра Хацкевіча напалі фанаты клюбу, дзе ён працуе

Хацкевіч заяўляе, што ніколі за тры дзясяткі гадоў у футболе не сутыкаўся з такім стаўленьнем. Ён прыгадвае, як падчас працы галоўным трэнэрам кіеўскага «Дынама» ў тамтэйшых ультрас таксама былі прэтэнзіі да вынікаў клюбу і яны прыходзілі на трэнаваньне. Але ва Ўкраіне ўсё было цывілізаваным чынам, была адкрытая размова бяз масак, ніхто нікога ня біў.

Журналіст выданьня прыгадаў, што здарэньне з пабіцьцём у польскім футболе ўжо былі раней — у 2017 і 2021 гадах хуліганы варшаўскай «Легіі» нападалі і білі сваіх гульцоў за кепскія вынікі. Пара футбалістаў неўзабаве пасьля гэтага пакінулі клюб.

У выпадку Сасноўца кепскае стаўленьне да футбалістаў таксама было. Міхаіл Залеўскі адзначае, што ўкраінцам і беларусам з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі крычалі «валіць у свае краіны», а дваім чорнаскурым гульцам казалі, што «„Заглембе“ — ня месца для чорных». Былі закіды ня толькі іншаземцам, але і аднаму з польскіх гульцоў — яму параілі зьяжджаць назад у Глівіцы, з фанатамі якіх у прыхільнікаў з Сасноўцу даўні канфлікт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі трэнэр Хацкевіч пакінуў польскі клюб пасьля нападу фанатаў

Хацкевіч назваў хуліганаў «збродам», разам з Залеўскім яны адзначылі, што іншых праблем у іх у Сасноўцы не было, заўзятары ў большасьці падтрымлівалі іх і каманду і да здарэньня 3 красавіка праблем у іх не было. Але пасьля таго, як гэта адбылося, а клюб не забясьпечыў іхнай бясьпекі на трэнаваньні, вырашылі звольніцца. Пазьней кіраўніцтва «Заглембя» прапанавала сустрэцца з фанатамі, прыбыць туды з дадатковай аховай, але беларусы ўжо адмовіліся, сказаўшы, што рашэньне прынята канчаткова.

Аляксандар Хацкевіч адзначыў, што напісаў заяву ў паліцыю. Але ў расьсьледаваньні ён наўрад ці зможа дапамагчы. Справа ў тым, што нападнікі адмовіліся здымаць маскі, а той, хто яго непасрэдна ўдарыў, нічога не казаў, таму яго не апазнаць нават па голасе.

Залеўскі і Хацкевіч на пару называюць «Заглембе» сур’ёзным клюбам, дзе была пастаўленая праца, дзе сапраўды распрацоўваўся доўгатэрміновы праект. Хоць часам былі цяжкасьці з запрашэньнем новых гульцоў праз праблемы з грашыма. Трэнэр адказвае за здароўе гульцоў на полі, а клюб ніяк на напад хуліганаў не зрэагаваў. Гэта стала матывам для звальненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пасьля футболу: «Які Саюз, б...і, развалілі». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча