Найперш таму, што прыблізна такія ж заявы пра адсутнасьць агрэсіўных намераў гучалі з Масквы і Менску напярэдадні ўварваньня ва Ўкраіну. Дык чаму падобнае ня можа адбыцца ў дачыненьні да краін Балтыі?
Сьцісла:
- У Пуціна і Лукашэнкі вялікі разьлік на тое, што Захад, апанаваны вялікім страхам перад непасрэдным удзелам у вайне, лёгка паддасца шантажу і выканае іхныя ўмовы.
- Масква і Менск спадзяюцца, што грувасткая і непаваротлівая машына NATO, зьвязаная па руках і нагах шматлікімі рэглямэнтамі і абмежаваньнямі, ня здольная будзе рэагаваць на агрэсію супраць Балтыі імкліва і рашуча.
- Польшча рыхтуецца да вайны — памятаючы пра мінуўшчыну, ня надта азіраючыся на партнэраў і разьлічваючы найперш на ўласныя сілы. У той час, як амаль ва ўсіх іншых краінах NATO выдаткі на абарону ніяк не наблізяцца да прадугледжаных дамовамі 2 адсоткаў ВУП, Варшава ўжо сёньня выдаткоўвае на вайсковыя патрэбы 4% ВУП.
- Тое, што ў якасьці найбольш верагоднай ахвяры Пуціна найчасьцей называюць краіны Балтыі, зусім лягічна. Тры маленькія краіны ў вайсковых адносінах далёка ня самыя магутныя супернікі. Іхныя арміі ў сукупнасьці не набліжаюцца нават да сотні тысяч чалавек.
- Калі гіпатэтычная агрэсія супраць краін Балтыі скончыцца няўдала для Пуціна, дык «пад раздачу» можа трапіць найперш Лукашэнка.
Кепская навіна для Лукашэнкі, пра якую ён, хутчэй за ўсё, здагадваецца: калі з тэрыторыі Беларусі пачнуцца артабстрэлы Вільні, альбо, тым больш, калі з-пад Ліды ці з-пад Ашмянаў рушаць танкавыя калёны ў літоўскім кірунку, дык Польшча, хутчэй за ўсё, ня будзе доўга чакаць ні дадатковых камандаў з боку NATO, ні вынікаў шматдзённых дыскусіяў і абмеркаваньняў у Брусэлі ці Вашынгтоне.
Празьмернай трывогі пакуль што няма: агрэсія ня можа пачацца ў блізкай будучыні. Пакуль на памежных тэрыторыях з боку Беларусі няма вялікай канцэнтрацыі войскаў і адбываюцца хіба што няспынныя манэўры і праверкі баявой гатовасьці ня надта шматлікіх і ў тэхнічным пляне адсталых беларускіх вайсковых частак.
Час для непакою настане тады, калі ў напрамку Ашмянаў і Ліды пойдуць расейскія вайсковыя эшалёны, калі пачнуць сустракаць хлебам-сольлю разанскіх дэсантнікаў пад Горадняй і Воранавам і абвесьцяць пра якія-небудзь новыя маштабныя расейска-беларускія манэўры. Тады адразу ўспомняцца падзеі восені і зімы 2021 і 2022 гадоў, калі пад выглядам манэўраў рыхтавалася ўварваньне зь беларускай тэрыторыі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «бліцкрыг на Вільню» і францускі дэсант на Валынь? Пра запалохваньне ворага як эфэктыўную ваенную стратэгіюЧаму гэта магчыма і дзеля чаго патрэбна Пуціну
Прэцэдэнту, калі б якая-небудзь краіна ўчыніла ўзброены напад на краіну NATO, дагэтуль не было. І невядома, якая ў рэальнасьці была б у такім разе рэакцыя Захаду. Раней па змоўчаньні лічылася, што пры самай малой спробе агрэсіі, пры замаху нават на цалю тэрыторыі любой з краін-удзельніц уся магутная машына NATO адразу абрыне на агрэсара скрышальны ўдар. Ці так гэта ў сапраўднасьці, ніхто не правяраў. У Пуціна і Лукашэнкі вялікі разьлік на тое, што Захад, па-першае, апанаваны вялікім страхам перад непасрэдным удзелам у вайне, а таму лёгка паддасца шантажу. А па-другое, грувасткая і непаваротлівая машына NATO, зьвязаная па руках і нагах шматлікімі рэглямэнтамі і абмежаваньнямі, ня здольная будзе рэагаваць імкліва і рашуча.
Згадайма, як прыніжальна і зьдзекліва Лукашэнка выказваўся ў адрас баявых здольнасьцяў эўрапейцаў у інтэрвію прапагандысту Кісялёву 30 лістапада 2021 году, за тры месяцы да расейскага ўварваньня:
«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша».
Ды і шматлікія гісторыі з зацягваньнем паставак натаўскага ўзбраеньня для Ўкраіны схіляюць да такіх жа высноў: ні зладжанасьці, ні апэратыўнасьці саюзьнікі не дэманструюць, хутчэй наадварот. Калі яны месяцамі дыскутуюць між сабой наконт дапамогі Ўкраіне, то чаму па-іншаму будуць дзейнічаць у яшчэ адной крызіснай сытуацыі, напрыклад у выпадку расейскага ўварваньня ў Літву?
Дзеля чаго гэта патрэбна Пуціну? Складана ж уявіць, што ён у сёньняшніх умовах здольны колькі-небудзь працяглы час акупаваць краіны Балтыі. У кожным разе, не даўжэй, чым у свой час у 1990 годзе Садам Хусэйн акупаваў Кувэйт (праз 7 месяцаў акупацыі ягоную армію ўшчэнт разьбіла міжнародная кааліцыя на чале з ЗША). Альбо што расейская армія здольная на роўных весьці баявыя дзеяньні супраць усяго Захаду. Інтарэс Пуціна, відавочна, у тым, каб падвысіць уласную значнасьць у вачах Захаду, нестандартнымі і рашучымі дзеяньнямі схіліць да будучых перамоў на найлепшых для сябе ўмовах, а ў ідэале — зрабіць новы перадзел Усходняй Эўропы, у выніку якога ён калі б і не цалкам вярнуў колішнюю савецкую зону ўплыву, дык хаця б вытаргаваў сабе вяртаньне часткі страчанай імпэрскай спадчыны.
Мэтад Пуціна пад умоўнай назвай «цап-лап» выдатна спрацаваў з Крымам. Сутнасьць гэтага мэтаду — спачатку імгненна захапіць чужыя тэрыторыі, паставіць сьвет перад фактам, а потым абмяркоўваць і таргавацца. Пакуль яны там на Захадзе будуць раздумваць і дыскутаваць, ці варта ўцягвацца ў вайну, акупацыйныя войскі ўжо будуць у Клайпедзе і Каўнасе. А тады можна і за стол перамоваў сесьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе адкрылася канфэрэнцыя аб меркаваных ваенных злачынствах Расеі ва ЎкраінеЧаму менавіта Балтыя
Тое, што ў якасьці найбольш верагоднай ахвяры Пуціна найчасьцей называюць краіны Балтыі, зусім лягічна. Тры маленькія краіны ў вайсковых адносінах далёка ня самыя магутныя супернікі. Іх арміі ў сукупнасьці не набліжаюцца нават да сотні тысяч чалавек. Напрыклад, ва Узброеных сілах Латвіі, паводле дадзеных на 2018 год, налічвалася 6,2 тысячы прафэсійных вайскоўцаў. Армія Літвы прыкметна большая (44 тысячы вайскоўцаў на 2022 год), але лічбы таксама несувымерныя з тымі, якія мае ў сваім распараджэньні Расея. Зусім маленькую армію мае Эстонія — яшчэ меншую, чым Латвія. Аказаць сур’ёзны супраціў групоўцы, якая шматкроць пераўзыходзіць іх, яны, відавочна, ня здольныя.
Надзвычай важную ролю ў гэтым сцэнары можа выканаць Польшча. Нават калі NATO не адрэагуе адразу, рэакцыя Польшчы (калі ўявіць сабе атаку з тэрыторыі Беларусі і Калінінградзкай вобласьці на літоўскія гарады) амаль гарантавана будзе імгненнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саліст «Бі-2» Лёва пра маці ў Беларусі, арышт у Тайляндзе і вайну ва Ўкраіне. ВІДЭАУрокі «дзіўнай вайны»
Натхняльным гістарычным прыкладам для Пуціна могуць быць падзеі 1939-40 гадоў.
Анэксія краін Балтыі тады адбылася ідэальна для Сталіна. Загадзя сплянаваўшы агрэсію, Масква 4 чэрвеня 1940 года пачала сьцягваць да межаў балтыйскіх краін войскі трох памежных акруг (Ленінградзкай, Беларускай і Калінінскай) пад выглядам вайсковых вучэньняў. 14-16 чэрвеня Крэмль выставіў ультыматумы Вільні, Рызе і Таліну: маўляў, урады ўсіх трох краін праяўляюць недружалюбнасьць у адносінах да СССР, парушаюць раней заключаныя дамовы, а таму патрабуем сфармаваць ляяльныя да Масквы ўрады і дапусьціць савецкія войскі на сваю тэрыторыю. Усе тры балтыйскія сталіцы ўльтыматумы задаволілі. 15 чэрвеня пачаўся ўвод савецкіх войскаў, а за ім — анэксія і «саветызацыя». Незалежныя краіны Балтыі перасталі існаваць.
Другі прыклад — зьнішчэньне ў 1939 годзе Польшчы. Тое, як вядучыя дэмакратыі Захаду — Вялікая Брытанія і Францыя — адрэагавалі на гітлераўскую агрэсію, распачатую 1 верасьня 1939 году, таксама ў пэўным сэнсе можа натхняць Пуціна.
Ілюзіяў наконт сапраўдных мэтаў Гітлера ні ў Парыжы, ні ў Лёндане на той час ужо не было. 3 верасьня 1939-га абедзьве краіны абвесьцілі Нямеччыне вайну. У Польшчы, якая вяла жорсткія баі, у тыя дні панаваў патрыятычны ўздым і чаканьне хуткай дапамогі. Здавалася зусім відавочным: пасьля таго, як саюзьнікі пачнуць наступ з Захаду, з улікам іхнага вялізнага ваеннага патэнцыялу, авантура Гітлера будзе асуджаная на правал. Аднак у рэальнасьці адбылося неймавернае: практычна ніякіх колькі-небудзь маштабных баявых дзеяньняў на француска-нямецкай мяжы не пачалося ні ў верасьні 1939-га, ні пазьней. «Дзіўная вайна», як яе тады назвалі, працягвалася ажно да 10 траўня 1940 году, калі Гітлер, разграміўшы Польшчу, перакінуў войскі на захад і напаў на Францыю.
Вось як той пэрыяд апісваў непасрэдны сьведка і ўдзельнік тых падзей, вядомы польскі гісторык і дыплямат Ян Карскі:
«Паколькі большасьць нямецкіх дывізій ваявала ў Польшчы, француская армія мела калясальную колькасную перавагу. Фэльдмаршал Вільгельм Кейтэль і генэрал Альфрэд Ёдль аўтарытэтна заявілі на Нюрнбэрскім працэсе, што вэрмахт, такі пасьпяховы ў асобных кампаніях супраць Польшчы і пазьней супраць Францыі, ня здолеў бы справіцца з вайной на два фронты ў 1939 г. Паводле сьведчаньня Ёдля: „Да 1939 году мы, вядома, маглі самастойна разьбіць Польшчу. Але ніколі — ні ў 1938-м, ні ў 1939-м — мы ня здольныя былі рэальна супрацьстаяць канцэнтраванай сумеснай атацы гэтых краін [Вялікай Брытаніі, Францыі, Польшчы]. І калі мы не пацярпелі паразы ўжо ў 1939-м, то гэта можна зьвязаць толькі з тым фактам, што падчас польскай кампаніі каля 110 францускіх і ангельскіх дывізій заставаліся цалкам пасіўнымі, хоць ім супрацьстаялі толькі 23 нямецкія дывізіі“.
Кейтэль засьведчыў, што нямецкае камандаваньне разглядала ваенную пасіўнасьць Вялікай Брытаніі і Францыі падчас польскай кампаніі як сьведчаньне таго, што Вялікая Брытанія і Францыя зьмірыліся з нацысцкім заваяваньнем Польшчы і ня мелі сур’ёзных намераў дапамагаць Польшчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін спадзяецца зламаць Украіну, а потым паглынуць Беларусь, — палітоляг Аляксандар Марозаў«Няхай Лукашэнка паспрабуе. Паглядзім, хто выйграе»
Магчыма, хтосьці і забыў той досьвед, але толькі ня Польшча. У гістарычнай памяці палякаў, у нацыянальнай сьвядомасьці народу той горкі трагічны ўрок замацаваўся вельмі трывала. Сёньняшняя Польшча рыхтуецца да вайны — памятаючы пра мінуўшчыну, ня надта азіраючыся на партнэраў і разьлічваючы найперш на ўласныя сілы. У той час, як амаль ва ўсіх іншых краінах NATO выдаткі на абарону ніяк не наблізяцца да прадугледжаных дамовамі 2% ВУП, Варшава ўжо сёньня выдаткоўвае на вайсковыя патрэбы 4% ВУП: імкліва і маштабна мадэрнізуе армію і павялічвае закупкі ўзбраеньняў. Прычым у гэтым пытаньні пануе поўны кансэнсус усіх палітычных сіл і ўсяго грамадзтва.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск у адным са сваіх нядаўніх інтэрвію заявіў:
«Я ведаю, гэта гучыць катастрафічна, асабліва для людзей маладога пакаленьня, але мы павінны ў думках прывыкнуць на надыходу новай эры — перадваеннай эпохі. Я не перабольшваю. З кожным днём гэта становіцца ўсё відавочней».
У гэтай жа танальнасьці прагучаў і камэнтар міністра замежных спраў Уладыслава Сікорскага ў адказ на згадку пра заяву Лукашэнкі ў Ашмянах наконт таго, што Беларусь рыхтуецца да вайны: «Няхай паспрабуе. Паглядзім, хто выйграе».
Увогуле цяжка пазбавіцца ад уражаньня, што ў нашу частку кантынэнту вяртаецца атмасфэра, якая панавала тут на пераломе 30-40 гадоў мінулага стагодзьдзя. Хімэры мінулага лунаюць над Эўропай, нагадваючы пра драматычны досьвед і горкія ўрокі папярэднікаў. Згадайма, як Пуцін у лютаўскім інтэрвію Такеру Карлсану з разуменьнем і ледзь не са спагадай выказаўся пра матывы Гітлера, які ў 1939-м, шукаючы зачэпкі для агрэсіі, дамагаўся ад Польшчы экстэрытарыяльнага Данцыскага калідора:
«...Палякі змусілі, яны загуляліся і вымусілі Гітлера пачаць Другую сусьветную вайну менавіта зь іх».
Паралелі з Сувальскім калідорам і адрэзаным ад Расеі калінінградзкім эксклявам тут больш чым празрыстыя. А нечаканыя заявы прэзыдэнта Макрона пра магчымасьць адпраўкі войскаў ва Ўкраіну — хіба не пераклікаюцца яны з падзеямі 1939-га, калі падобная дылема стаяла перад тагачаснымі кіраўнікамі Францыі, якія вырашалі, ці дапамагаць Польшчы, якая адна супрацьстаяла Гітлеру? А палітыка Вугоршчыны і Славаччыны зь іхнымі яўнымі сымпатыямі да палітыкі Пуціна: зірніце на мапу Другой сусьветнай і паглядзіце, на чыім баку тады апынуліся гэтыя краіны...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэззыдэнт Францыі Макрон на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі па Ўкраіне: «Расея не павінная і ня можа перамагчы»Чаму Лукашэнка баіцца наступстваў
Лукашэнка ўсьведамляе, што калі гіпатэтычная авантура супраць краін Балтыі будзе няўдалай для Пуціна, дык «пад раздачу» можа трапіць найперш ён. Бо што адбудзецца, калі задуманы ў Крамлі сцэнар не спрацуе, калі Захад, замест таго каб спалохацца, адступіць і прапанаваць Пуціну выгадныя перамовы ў справе перадзелу Эўропы, жорстка адкажа на шантаж, магутнымі ўзброенымі ўдарамі? Пуцін жа можа застацца ў баку: на ягоны падмаскоўны бункер бомбу ня скінуць, на тэрыторыю РФ войскі наўрад ці наважацца ўвесьці. А вось на прыкладзе Лукашэнкі якраз і могуць паказаць, якая адплата чакае за ўварваньне. Адказ жа прыпадзе, хутчэй за ўсё, на тую тэрыторыю, адкуль прыйшоў агрэсар. Лукашэнка больш-менш уяўляе, як гэта можа выглядаць. 8 красавіка, прызначаючы Пярцова на пасаду галоўнага ідэоляга, ён ужо ня першы раз пераказваў імаверны сцэнар, якога, выглядае, найбольш баіцца:
«Мэта — зайсьці ў Беларусь і хаця б кавалачак зямлі захапіць, абвесьціць уладу сваю і паклікаць сюды замежных... Ну, не наёмнікаў, а ўжо войскі. Яны ж «улада».
Небеспадстаўныя інтуітыўныя прадчуваньні падказваюць Лукашэнку: калі больш магутныя суседзі зноў пачалі высьвятляць адносіны на тэрыторыі Усходняй Эўропы, гэтыя разборкі наўрад ці абмінуць беларускую зямлю. Шматвекавы досьвед продкаў дыктуе: найлепш было б трымацца ўбаку ад тых, хто ўвязаўся ў бойку. Лукашэнка апошнім часам спрабуе рабіць выгляд, што паводзіць сябе менавіта так, што менавіта ён зьяўляецца нейкай трэцяй, міралюбнай сілай у вайне паміж Масквой і Кіевам. Хоць імітаваць нэўтралітэт і незаангажаванасьць, выдаваць сябе за нэўтральнага пасярэдніка пасьля ўсяго, што адбылося, ужо практычна немагчыма: масты спаленыя і ніякага выбару для сябе беларускі дыктатар не пакінуў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дывэрсія ці новая лінія фронту. Што адбываецца ў Белгарадзкай і Курскай абласьцях на мяжы Расеі і Ўкраіны