Гучыць, мякка кажучы, кур’ёзна, бо ацэнку названым асобам даўно далі і ўлады, і навука, і людзі. Яны — у кантэксьце Канстытуцыі Беларусі як незалежнай дзяржавы, а таму спробы зацерці іх ідуць на шкоду беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці.
Сьцісла:
- Ідэя незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі ўзьнікла задоўга да расейскай рэвалюцыі, і ў гэтым няма нічога ненатуральнага або шкоднага.
- Тое, што ёсьць беларусы несавецкія і беларусы савецкія — гістарычная дадзенасьць, ня трэба іх рабіць ворагамі адны адных.
- Ідэі Каліноўскага, Геніюш і Быкава наўпрост адлюстраваныя ў артыкулах цяперашняй Канстытуцыі Беларусі.
У кантэксьце Канстытуцыі
Кастусь Каліноўскі — першы беларускі палітычны лідэр, які ў паўстаньні 1863 году аддзяліў Беларусь і Літву ад Польшчы, першы сфармуляваў мэту свайго народу — незалежнасьць. Ад каго? Ад Расейскай імпэрыі. «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе». Сваю палітычную праграму незалежнасьці Каліноўскі пісаў па-беларуску. Гэта быў надзвычай натхняльны ўчынак, і на працягу ўсяго ХХ ст. беларусы захапляліся постацьцю свайго нацыянальнага героя нумар адзін. Стварэньне нацыі (быць сабою на сваёй зямлі) — гэта заўсёды натхняльны працэс. І тое, што мы маем сёньня незалежнасьць, адбылося найперш дзякуючы Каліноўскаму.
Ларыса Геніюш падхапіла гэтае натхненьне ўжо як паэтка і пераклала яго на мову душы:
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі.
А безь яе — зусім ня жыць.
Няма больш патрыятычных радкоў у беларускай літаратуры. Гэта яшчэ і тэст ня столькі для звычайных людзей, колькі для палітыкаў і рознага роду чынавенства, намэнклятуры — ці адпавядаюць яны таму месцу, якое займаюць у Беларусі. Зусім не для патасу кажу гэтыя словы, наадварот, Ларыса Геніюш дала нам просты і практычны інструмэнт, якім можна вымераць адпаведнасьць чыноўніка ягонай пасадзе.
Васіль Быкаў — выбітны пісьменьнік. Але ў кантэксьце Канстытуцыі важны ўчынак. Я згадваю сход інтэлігенцыі 19 кастрычніка 1988 году ў Чырвоным касьцёле ў Менску (тады Дом кіно). Заля была наэлектрызаваная максымальна. Усе разумелі, што вырашаецца лёс Беларусі — ці яна далучаецца да руху іншых рэспублік у кірунку незалежнасьці, ці застаецца «з братняю Русьсю», яе часткай, правінцыяй. Вёў сход Васіль Быкаў. Было поўна цэкоўскай намэнклятуры, як бы ўсё ішло пад кантролем. Было яшчэ па-савецку боязна публічна сказаць нешта супраць «лініі партыі».
Слова ўзяў цэкоўскі чыноўнік Бузук. Што казаў, я ня памятаю, але было зразумела, што ён зьбіраецца закрыць або сарваць сход, і наша незалежніцкая эўфарыя гатовая была абрынуцца ў фрустрацыю. Так бывае пасьля вялікага агульнага ўздыму, які ператвараецца ў пшык. Выправіць сытуацыю магла толькі чыясьці моцная воля. І тут Быкаў устаў са свайго месца вядоўцы, падышоў да Бузука, выхапіў у яго мікрафон і працягваў паседжаньне — спакойна і ўзважана. Уздым вярнуўся, выступалі людзі, быў абвешчаны Беларускі народны фронт і незалежнасьць Беларусі як галоўная мэта. Мы адчулі сябе паўнавартаснай нацыяй.
Аднак вярнуся да рэжымнага бібліятэкара.
Каліноўскага ў назвах усё менш. Каму гэта на карысьць?
На думку бібліятэкара, гэта станоўчы працэс. Вось народную назву «сквэр на Каліноўскага» ў Менску памянялі на «Яблыневы сквэр». І, піша ён, паступае ўсё больш зваротаў грамадзян, каб і саму вуліцу Каліноўскага перайменавалі. Маўляў, нельга, каб вуліца насіла імя «польскага рэвалюцыянэра-тэрарыста».
Па-першае, няма веры ўва «ўсё больш зваротаў». Трэба ня быць менчуком, каб ня ведаць, што назва вуліцы даўно і трывала прыжылася ў народзе, і ня толькі для арыентацыі. Для пакаленьняў вуліцай Каліноўскага называюцца дарагія мясьціны дзяцінства і юнацтва, і пераназваньне яе ў Яблыневую непазьбежна выкліча мноства нараканьняў, пратэстаў, мэмаў і душэўных траўмаў.
Па-другое, Кастусь Каліноўскі ні сам сябе не лічыў палякам, ні ў Польшчы яго такім ня лічаць. Для палякаў-сучасьнікаў ён сэпаратыст. І зьвяртаўся да народу ён па-беларуску. Гэта расейскія ідэолягі называюць яго палякам, каб падкрэсьліць, што ніякай Беларусі не было і няма ў прыродзе. У гэтым сэнсе Каліноўскі — наймацнейшая постаць, на якой трымаецца сувэрэнітэт Беларусі.
Па-трэцяе, сам тэрмін «тэрарыст» цалкам рэабілітаваны цяперашнім рэжымам, які называе гэтым словам сваіх палітычных апанэнтаў, а пачытаеш тыя сьпісы — спрэс прыстойныя людзі, як цяпер кажуць — батанікі.
Зрэшты, калісьці ў савецкія часы слова «тэрарыст» ужо было ганаровым тытулам, таму нічога новага, толькі вяртаньне. Глядзіце, зь якой пашанай улады ставяцца да сапраўднага, найчысьцейшага польскага рэвалюцыянэра-тэрарыста: шырачэзны праспэкт ягонага імя ў Менску, вуліцы ўва ўсіх гарадах, бюст насупраць КДБ, музэй у Дзяржынаве, а цяпер яшчэ і цэлы ліцэй БДУ...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьвіслачы перайменавалі гімназію імя Кастуся КаліноўскагаЦі патрэбная Геніюш рэабілітацыя?
Ведаўшы Ларысу Антонаўну асабіста, я заўсёды зь неразуменьнем успрымаў заклікі да яе рэабілітацыі. У практычным сэнсе ёй, прызнанай чытачамі паэтцы і гераічнай жанчыне, гэта нічога не дало б. У маральным пляне, думаю, яна б успрыняла гэта як абразу. Бо «рэабілітаваць» яе мусіла б тая самая па сутнасьці ўлада, якая зь яе назьдзекавалася ўволю, а ўрэшце засудзіла на 25 гадоў у ГУЛАГ. Невінаватая? Дзякуй за ласку, абыдуся.
«Я спадзяюся, бліжэйшым часам мы яе не рэабілітуем», — кажа рэжымны бібліятэкар. Спадзяюся ў імя чаго? Добра, што Ларысы Геніюш ужо 40 гадоў няма на сьвеце і яна ня можа зноў чуць тое, быццам гаворыць сам паўсталы зь мёртвых міністар ГБ Цанава, які яе дапытваў... Адно што застаецца пытаньне пра кантэкст Канстытуцыі, які, выходзіць, таксама «нерэабілітаваны».
Прапагандыста ўражвае, што Геніюш ня хоча прыходу Чырвонай арміі. Як? — ускліквае ў ім савецкі чалавек. (Далей ягоныя фантазіі.) Яна ня хоча, каб Чырвоная армія вызваліла Асьвенцім, Трэблінку і Майданэк? Дык яна што, супраць, каб іх вызвалілі? — абураецца бібліятэкар. І мы цяпер будзем чытаць яе паэзію?.. Па выніку — боб з гарохам. Армія вызваліла Майданэк, але нагнала поўны ГУЛАГ людзей. Пры чым тут паэзія?
Ларыса Геніюш была прыродным беларускім чалавекам, як беларуская травінка ў беларускай зямлі. Якая розьніца, чый бот цябе топча — расейскі ці нямецкі? Якая розьніца, чый гэта канцлягер — Майданэк ці ГУЛАГ у Комі? З гледзішча беларускай Канстытуцыі і незалежнасьці Беларусі — ніякай розьніцы няма. Каб хоць неяк зразумець прапагандыста, Геніюш мусіла б быць хоць на кроплю савецкім чалавекам, а яна нават савецкага грамадзянства не прыняла. Засталася проста беларускай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высьветлілася, якая арганізацыя дэмантавала памятны знак паўстанцам на чыгуначным вакзале ГорадніБыкаў «убудаваўся ў час»
Бібліятэкар быццам папракае гэтым народнага пісьменьніка — «убудаваўся ў час». Але не ўбудаваўся ў сыстэму. Камуністам ня быў. Вялізны талент патрабаваў рэалізацыі, а іншага спосабу легальна працаваць у той рэчаіснасьці не было.
Было так...
У 1930-я гады амаль усе беларускія пісьменьнікі былі або расстраляныя, або адпраўленыя на катаргу ў Сібір. На нейкі час у літаратуры запанавала пустата. Наступнае пакаленьне прыйшло ў літаратуру пад нямецкай акупацыяй. Яны ведалі пра лёс сваіх папярэднікаў і таму перад вяртаньнем савецкае ўлады мусілі эміграваць на Захад, дзе стварылі цэлую бібліятэку выдатных твораў. Да прыкладу, Кастусь Акула быў першым беларускім пісьменьнікам у гісторыі, якога вылучылі на Нобэлеўскую прэмію.
Тым часам у пасьляваеннай Беларусі ізноў запанавала літаратурная пустата. І зноў пачало прыходзіць новае пакаленьне, якое зноў жа ведала пра лёс папярэднікаў і ня мела альтэрнатывы для творчае рэалізацыі, апроч як «упісацца ў час». Пагатоў час пасьля хрушчоўскіх дакладаў настаў вэгетарыянскі — нікога не расстрэльвалі. Існавала цэнзура, але знаходзіла сабе месца і эзопава мова. «Праблемныя» творы, якія не праходзілі ў Менску, можна было надрукаваць у Маскве, як гэта адбылося з аповесьцю Быкава «Мёртвым не баліць», якую ў часопісе «Новый мир» зьмясьціў рэдактар Твардоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая любоў да мовы пачалася з пачуцьця шчасьця». У Вільні напісалі дыктоўку паводле Васіля БыкаваБыкаў ніколі ня быў чалавекам сыстэмы, затое ў СССР быў пісьменьнікам першага шэрагу. І СССР гэта ведаў. Ленінскую прэмію з зоркай Героя Быкаву далі зусім не за вернасьць і не за сацрэалізм, а для таго, каб ён не атрымаў іншую прэмію — Нобэлеўскую, як Салжаніцын ці Бродзкі, якіх давялося выкінуць за мяжу. Тут жа вырашылі, што Быкава, пісьменьніка-франтавіка, выгадней мець у сябе, і лепш ім ганарыцца, чым у пасквілях апісваць яго гісторыю — народ можа не зразумець.
Самому Быкаву важней была ягоная літаратура, а легалізацыя ў сыстэме давала магчымасьць працаваць — пісаць. Так было пры Хрушчову, Брэжневу, Гарбачову. І толькі з прыходам да ўлады Лукашэнкі сыстэма ўсё ж такі выцісьне Быкава зь Беларусі за мяжу.
Быкаў, між іншым, першы даў акрэсьленьне новага рэжыму — хунта. Адбылося тое яшчэ ў 1995-м, пасьля лукашэнкаўскага пагрому ў першым парлямэнце незалежнай Беларусі. «Краінай кіруе хунта», — сказаў Быкаў. Сёньня хунта шукае месца Быкаву ў сваіх блытаных ідэалягічных раскладах. Не раўнуючы як бы Піначэт даваў ацэнку песьням Віктара Хары.
Каліноўскі, Геніюш, Быкаў — атлянты і карыятыда, на якіх трымаецца незалежнасьць Беларусі — найперш у розумах і душах саміх беларусаў. Асобы першае велічыні нашае нацыі, безь якіх Беларусь рана ці позна апынецца ў пазамінулым стагодзьдзі, зноў стане «Северо-Западным краем», адсталай правінцыяй царскай Расеі. Вось за што, па сутнасьці, змагаюцца рэжымныя прапагандысты. Напрыклад, новапрызначаны Лукашэнкам дырэктар бібліятэкі, якая пакуль яшчэ называецца Нацыянальнай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылі помнік паўстанцам 1863–1864 гадоў. ФОТА