У Беларусі пачалі завочную справу супраць дзяўчыны актывіста, якога знайшлі павешаным у Кіеве

Бажэна Жолудзь (на фота зьлева) на адной з акцый ля амбасады Беларусі ў Кіеве. 5 верасьня 2020

Пасьля сьмерці Віталя Шышова Бажэна Жолудзь стала ўпаўнаважанай асобай «Беларускага дому ва Ўкраіне» — яна кіруе арганізацыяй, але мае абмежаваныя функцыі.

У Беларусі пачалі спэцыяльнае вядзеньне крымінальнай справы супраць беларускі Бажэны Жолудзь, якая з 2020 году знаходзіцца ва Ўкраіне.

Як паведаміў адмысловы Telegram-канал, створаны для інфармаваньня аб асобах, супраць якіх вядзецца завочнае расьсьледаваньне, справу вядуць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У прыватнасьці, Бажэну падазраюць:

  • у незаконным зьбіраньні і распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці асобы безь яе дазволу (ч. 1 артыкулу 179 Крымінальнага кодэксу Беларусі, караецца грамадзкімі работамі або штрафам ці арыштам на тэрмін да 6 месяцаў),
  • у распаўсюдзе загадзя лжывых зьвестак (паклёпе) у публічным выступе, у СМІ ці ў інтэрнэце (артыкул 188, караецца штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 3 гадоў),
  • ва ўдзеле на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы (ч. 3 артыкул 361, караецца абмежаваньнем або пазбаўленьнем свабоды на тэрмін да 5 гадоў),
  • у абразе судзьдзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі правасудзьдзя (артыкул 391, караецца штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў).

Завочнае вядзеньне справы пачалі 5 красавіка.

У 2021 годзе Сьледчы камітэт Беларусі паведамляў аб пачатку расьсьледаваньня датычна Бажэны Жолудзь за заклік да масавых беспарадкаў у часе свайго выступу каля амбасады Беларусі ў Кіеве ў той дзень, калі стала вядома пра сьмерць яе хлопца Віталя Шышова, аднаго з кіраўнікоў арганізацыі «Беларусі дом ва Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі пачалі крымінальную справу супраць дзяўчыны загінулага Віталя Шышова

З таго моманту Бажэна Жолудзь стала публічнай асобай — камэнтавала ход расьсьледаваньня сьмерці свайго хлопца, а таксама дзейнасьці «Беларускага дому ва Ўкраіне».

Пасьля сьмерці Віталя Шышова Бажэна Жолудзь стала ўпаўнаважанай асобай «Беларускага дому ва Ўкраіне» — яна кіруе арганізацыяй, але мае абмежаваныя функцыі: напрыклад, як адзначаецца ў рэестравых дакумэнтах, яна ня мае права падпісваць дамовы і падаваць дакумэнты для дзяржаўнай рэгістрацыі ад імя «Беларускага дому ва Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды спэцслужбы Ўкраіны папярэджвалі пра небясьпеку актывістаў «Беларускага дому ва Ўкраіне»? Адказ СБУ

Кіраўніцтва арганізацыяй, як і раней, ажыцьцяўляе Радзівон Батулін — цяпер ён камандуе «Беларускім добраахвотніцкім корпусам», які ён стварыў пасьля выхаду з палка імя Каліноўскага.

Украінскія СМІ сьцьвярджалі, што Радзівон Батулін — грамадзянін Латвіі, прафэсійны баец зьмяшаных баявых майстэрстваў, адзін з паплечнікаў Сяргея Кароткіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт распачаў завочнае сьледзтва яшчэ супраць 11 чалавек, у тым ліку сьпявачкі Маргарыты Ляўчук

Што такое «спэцыяльнае вядзеньне»

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе могуць пачаць у дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Спэцыяльнае вядзеньне магчымае для 34 складаў злачынства, пераважна залічаных у цяжкія і асабліва цяжкія. Сярод іншых, гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцыяў і інш.

Спэцыяльнае вядзеньне справаў у Беларусі ўвялі для палітычных апанэнтаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой. Яно прадугледжвае завочны суд. Менавіта такім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна — таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.