Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што гэтая сустрэча — сьведчаньне «трансатлянтычнай падтрымкі дэмакратычнай будучыні армянскага народу і больш інтэграванага і мірнага рэгіёну Паўднёвага Каўказу».
«Мы хочам, каб Армэнія была моцнай, незалежнай, жыла ў міры са сваімі суседзямі, была зьвязаная з рэгіёнам і сьветам. ЗША і Эўразьвяз хочуць стаць партнэрамі ў гэтым пытаньні», — працытавала Энтані Блінкена армянскае дзяржаўнае агенцтва Armenpress.
Дзяржсакратар ЗША паведаміў пра намер павялічыць аб’ёмы дапамогі Армэніі. «Мы плянуем аказаць дапамогу ў памеры больш за 65 мільёнаў даляраў. Гэты паказчык на 50 адсоткаў большы, чым два гады таму. Мы маем намер і далей павялічваць нашу падтрымку дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Армэніі шляхам інвэстыцый у харчовую бясьпеку, лічбавую інфраструктуру, дывэрсыфікацыю энэргетыкі, дывэрсыфікацыю гандлёвых партнэраў і іншыя прыярытэты, вызначаныя прэм’ер-міністрам», — дадаў ён.
У сваю чаргу, прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла пра новы пакет падтрымкі Армэніі.
«Мы будзем інвэставаць, каб эканоміка і грамадзтва Армэніі сталі мацнейшымі і больш устойлівымі», — сказала яна.
Паводле яе, гаворка ідзе пра выдзяленьне 270 мільёнаў эўра на разьвіцьцё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Апроч таго, Эўразьвяз будзе падтрымліваць інфраструктурныя праекты, у тым ліку праект «Чарнаморскага электрычнага кабэлю» і вытворчасьць аднаўляльнай энэргіі.
Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што эканамічная і інвэстыцыйная праграма для Армэніі «ўжо мабілізавала паўмільярда эўра».
«Гэта выдатная навіна, і мы можам зрабіць больш. Менавіта таму мы нядаўна запусьцілі плятформу каардынацыі інвэстыцый», — падкрэсьліла прэзыдэнтка Эўракамісіі.
Што папярэднічала
Пасьля таго як Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль Нагорны Карабах, а міратворчыя сілы АДКБ самаўхіліліся ад выкананьня сваіх функцый у гэтым канфлікце, улады Армэніі замарозілі свой удзел у Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Неўзабаве пасьля гэтага старшыня парлямэнту краіны Ален Сіманьян заклікаў вывесьці супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ Расеі зь ерэванскага аэрапорту Звартноц. У МЗС Расеі заяву Сіманьяна назвалі прыкладам «недружалюбных паводзін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі расказаў аб прычынах замарожваньня ўдзелу краіны ў АДКБ і магчымага выхаду з арганізацыіУ сакавіку 2024 году ўлады Армэніі заявілі пра намер паглыбляць дачыненьні з Эўразьвязам настолькі, наколькі да гэтага гатовы Брусэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі аб намеры паглыбляць дачыненьні з Эўразьвязам настолькі, наколькі да гэтага гатовы БрусэльПазьней у Армэніі забаранілі трансьляцыю перадач расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва і абгрунтавалі гэтае рашэньне «сталымі парушэньнямі» двух артыкулаў двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў сфэры СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі забаранілі трансьляцыю перадач расейскага прапагандыста Салаўёва