Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Армэніі расказаў аб прычынах замарожваньня ўдзелу краіны ў АДКБ і магчымага выхаду з арганізацыі


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. Архіўнае фота

«Усе праблемы ўзьніклі з таго моманту, калі мы ўзьнялі пытаньне, якая зона адказнасьці АДКБ у Армэніі, і не атрымалі адказу на гэтае пытаньне», — сказаў кіраўнік ураду Армэніі.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што замарожваньне дзейнасьці краіны ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — гэта палітычнае рашэньне і пазыцыя дзяржавы.

«Палітычныя рашэньні і пазыцыі ня варта блытаць зь юрыдычнымі працэсамі. Так, мы фактычна замарозілі нашу дзейнасьць у АДКБ», — працытавала Нікола Пашыньяна дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Armenpress.

Прэм’ер Армэніі ўдакладніў, што краіна ня ўдзельнічае ў пасяджэньнях арганізацыі, не выкарыстоўвае сваю квоту для прызначэньня намесьніка генэральнага сакратара, не выказвае думкі наконт дакумэнтаў, якія цыркулююць у АДКБ.

Нікол Пашыньян паведаміў, што Армэнія зьвярталася ў АДКБ з просьбай удакладніць зону адказнасьці структуры ў краіне.

«Мы не стваралі праблему, зьвязаную з АДКБ. Усе праблемы ўзьніклі з таго моманту, калі мы паднялі пытаньне, якая зона адказнасьці АДКБ у Армэніі, і не атрымалі адказу на гэтае пытаньне», — сказаў кіраўнік ураду Армэніі.

Паводле яго, у часе розных абмеркаваньняў Армэніі атрымала вельмі дакладную пазыцыю сваіх партнэраў па АДКБ і Расеі: сувэрэнная тэрыторыя Армэніі ёсьць для іх «чырвонай лініяй». Аднак у траўні і лістападзе 2021-га, а пазьней у верасьні 2022 году адбыліся падзеі, калі гэтую «чырвоную лінію» перасяклі, а крокі, прадугледжаныя статутам АДКБ у часе крызісных сытуацыяў, не былі выкананыя.

Нікол Пашыньян дадаў, што ў выпадку дакладнага адказу АДКБ, як арганізацыя бачыць сувэрэнную тэрыторыю Армэніі, прычым адказ будзе адпавядаць бачаньню Армэніі, гэта будзе азначаць разьвязаньне ўзаемных пытаньняў.

«У супрацьлеглым выпадку Армэнія выйдзе з АДКБ. Калі менавіта, не магу сказаць», — падкрэсьліў Нікол Пашыньян.

У сакавіку Армэнія афіцыйна заявіла аб спыненьні працы расейскіх памежнікаў у аэрапорце Ерэвану.

У лютым улады Армэніі абвясьцілі пра замарожваньне ўдзелу краіны ў АДКБ.

Неўзабаве пасьля гэтага старшыня парлямэнту краіны Ален Сіманьян заклікаў вывесьці супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ Расеі зь ерэванскага аэрапорту Звартноц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG