Паводле слоў намесьніка міністра высокатэхналягічнай прамысловасьці Армэніі Авэта Пагасьяна, рашэньне аб забароне прынялі з-за «пастаянных парушэньняў» двух артыкулаў двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў сфэры СМІ.
Гаворка ідзе пра артыкул армянска-расейскага пагадненьня, які выключае трансьляцыю праграм абразьлівага зьместу і ўмяшаньне ва ўнутрыпалітычнае жыцьцё, а таксама пра артыкул, які загадвае паважаць правілы падчас нацыянальных сьвятаў і надзвычайнага становішча.
«Забароны нават асобных праграм будуць рэальным парушэньнем дэкляраванай свабоды слова і свабоды распаўсюджваньня інфармацыі», — заявіў кіраўнік Саюза журналістаў Расеі Ўладзімір Салаўёў (цёзка таго прапагандыста, які трапіў пад забарону афіцыйнага Ерэвану).
Месяц таму Салаўёў і Маргарыта Сіманьян у этэры адной з праграм марылі аб адсутнасьці межаў з Грузіяй і Армэніяй — «як і павінна быць», на іх думку.
Пасьля пачатку паўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну цэнзура і ціск на журналістаў у Расеі шматкроць узмацніліся. Многія СМІ былі вымушаны перанесьці сваю рэдакцыю за мяжу, іншыя прыпынілі працу ці адмовіліся ад асьвятленьня вайны. Супрацоўнікі мэдыяў масава зьехалі ў іншыя краіны, каб працягваць асьвятляць вайну і ня трапіць пад крымінальны перасьлед. Адной з такіх краін стала якраз Армэнія.