Хрысьціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца паўторна арыштавалі на 12 сутак

Сяргей Мельянец, архіўнае фота

Хрысьціянскі прапаведнік, паэт і бард, бацька семярых дзяцей Сяргей Мельянец ня выйшаў на волю пасьля адбыцьця 13 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Пазьней выданьню стала вядома, што Сяргея Мельянца арыштавалі яшчэ на 12 сутак. Абвінавачаньне невядомае.

Пра затрыманьне ў Менску Сяргея Мельянца стала вядома 20 сакавіка. Вядома, што яго судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула. Прычыны і нагода перасьледу невядомыя. Ягоны брат Мікалай пасьля суду паведаміў, што Сяргея Мельянца пакаралі 13 днямі арышту і накіравалі ў менскую турму на завулку Акрэсьціна.

Сяргей Мельянец вядомы тым, што хадзіў на палітычныя судовыя працэсы ў Менску і публікаваў нататкі пра гэта ў Фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БТ паказалі затрыманых, якія хадзілі на суды і паведамлялі праваабаронцам вынікі

28 сакавіка зьявілася інфармацыя, што супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў Берасьці, Баранавічах і Пінску некалькі чалавек, якія наведвалі судовыя паседжаньні. Паведамлялі, што на аднаго з затрыманых завялі крымінальную справу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Напэўна, гаворка ідзе пра Віталя Чопіка. Праваабаронцы паведамлялі, што Чопіка пасьля затрыманьня вазілі ў шпіталь са сьлядамі моцнага пабіцьця, твар у яго быў жоўты (што можа сьведчыць пра пашкоджаньне печані ад біцьця).

Днямі на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманьне ў Берасьцейскай вобласьці за садзейнічаньне праваабарончаму цэнтру «Вясна». Сярод затрыманых, якіх паказалі ў этэры, — Аляксандар Вайцешык з Баранавічаў, Алесь Рамановіч зь Пінску, Віталь Чопік зь Берасьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі пра пабіцьцё затрыманага ў Берасьці валянтэра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетнай сям’і пагражаюць «сацыяльна-небясьпечным становішчам» за бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах