У суботу наконадні сьвята Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся са сваім словам да вернікаў. Ягоны зварот прыводзіць catholic.by.
«Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам сьвяткаваць галоўнае хрысьціянскае сьвята — Пасху Хрыстову. Разам з жанчынамі міраносіцамі мы сваімі думкамі скіроўваемся да пустой магілы Езуса (пар. Мц 28, 1–10), каб стаць сьведкамі Яго Ўваскрасеньня як асноватворнай праўды нашай веры. Сваім Уваскрасеньнем Езус парушыў закон прыроды, бо хто і калі бачыў, каб памерлы ўваскрос? Адсюль і наша радасьць, бо Ўваскрасеньне Хрыста зьяўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэньня.
Магутны гук званоў і рэзурэкцыйныя працэсіі напаўняюць плошчы і вуліцы нашых гарадоў і вёсак, а сьпеў радаснага Аллелюя прымушае дрыжаць ня толькі шыбы ў вокнах касьцёлаў, але і нашыя сэрцы. Наша радасьць паходзіць ад Бога, бо сьмерць пераможана, Езус уваскрос і перад намі пэрспэктыва вечнага жыцьця. Пасхальная таямніца сьмерці і Ўваскрасеньня Езуса падкрэсьлівае бязьмежную любоў Бога да чалавека».
Арцыбіскуп зьвярнуў увагу на розныя думкі наконт працягу жыцьця, якія пануюць у сучасным грамадзтве.
«Адны надзею бачаць у гібэрнацыі — замарожваньні цела з надзеяй, што ў будучыні дзякуючы дасягненьням навукі яно будзе „ажыўлена“, другія ў розных кактэйлях нясьмяротнасьці, трэція ў штучным інтэлекце і гэтак далей. Яшчэ іншыя — у трансгуманізме, гэта азначае ў зьяўленьні новага, удасканаленага і вечна жывога чалавека, які можа захаваць сваю сьвядомасьць незалежна ад стану яго цела. Аднак усе гэтыя тэндэнцыі не бяруць пад увагу словаў Езуса, што Ён — уваскрасеньне і жыцьцё, і хто верыць у Яго, калі нават памрэ, будзе жыць вечна (пар. Ян 11, 25)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэстаўрацыю Чырвонага касьцёла абяцалі пачаць да канца сакавіка. Што з касьцёлам цяперНа вялікі жаль, падкрэсьліў Кандрусевіч, сучасны чалавек уцякае ад разважаньняў пра Бога і вечнасьць і лічыць, што зможа пасьпяхова рэалізаваць свае пляны безь Яго. Мода на нігілізм стварыла духоўную пустыню, у якой чалавек перажывае духоўны каранавірус і задыхаецца.
«Сэкулярныя тэндэнцыі вядуць да таго, што „так“ становіцца „не“ і наадварот: „не“ становіцца „так“. У выніку гэтага ўстаноўлены Богам маральны парадак пераварочваецца з ног на галаву. Як сьнежная лавіна нарастаюць маральныя праблемы ў асабістым жыцьці, грамадзтве і сьвеце. […] Уваскрослы Хрыстус — гэта ня толькі гістарычная асоба. Ён жыве ня толькі на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць у нашых сэрцах. Гэта фундамэнтальнае пасланьне Пасхі як падмурка нашай веры і надзеі на шчасьлівую вечнасьць. Яно павінна быць компасам нашага зямнога жыцьця, каб мы дасягнулі порту вечнага шчасьця».
Завяршыў сваё Велікоднае пасланьне Тадэвуш Кандрусевіч словамі аб тым, што хрысьціянін не павінен забывацца на тое, што Госпад побач зь ім.
«Няхай моц велікоднага пасланьня пастаянна перамяняе вашыя сэрцы, каб яны, прамянеючы зьзяньнем таямніцы Ўваскрасеньня, несьлі жыцьцё туды, дзе сьмерць; сьвятло — туды, дзе цемра; згоду і прымірэньне — туды, дзе трывога і адсутнасьць прабачэньня.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-беларуску сьвята — Вялікдзень, а велікодны пірог — паска ці бабкаВялікдзень — дзень Уваскрасеньня Хрыста пасьля ягоных пакут на крыжы. Адно з найбуйнейшых сьвятаў для хрысьціянаў па ўсім сьвеце. Праз рознасьць календароў, якім сьледуюць хрысьціянскія цэрквы, Вялікдзень у беларускіх праваслаўных часам сьвяткуецца адначасова з іншымі канфэсіямі, але найчасьцей выпадае на іншую дату. Сёлета розьніца больш чым у месяц — праваслаўныя адсьвяткуюць дзень Уваскрасеньня Хрыстовага 5 траўня.
31 сакавіка сёлета Вялікдзень адзначаюць грэка-каталікі (уніяты), рыма-каталікі і пратэстанты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юльянскі, грыгарыянскі, новаюльянскі. Што трэба ведаць пра рэлігійныя календары