Больш за 60% апытаных прыхільнікаў Лукашэнкі спачуваюць палітвязьням.
Плятформа падтрымкі палітзьняволеных Politzek.me і ініцыятыва «Народнае апытаньне» дасьледавалі, як ставяцца беларусы ўнутры Беларусі да тэмы палітзьняволеных.
Для гэтага апыталі 574 чалавек, 94% зь іх не ўхваляюць дзейнасьць існуючай улады. А таксама правялі 8 глыбінных інтэрвію зь беларусамі, якія амаль ня сочаць за навінамі. Вынікамі дасьледаваньня гэтыя ініцыятывы падзяліліся са СМІ.
Толькі 6% апытаных — прыхільнікі Лукашэнкі. Аднак, паводле высноў:
- 36% апытаных прыхільнікаў Лукашэнкі найбольш сярод іншых праблем хвалюе тэма палітычных рэпрэсій
- Больш за 60% спачуваюць палітвязьням
- Больш за 40% адчуваюць радасьць, калі даведваюцца пра вызваленьне палітзьняволеных
- Больш за 20% лічаць, што палітвязьні ні ў чым не вінаватыя
Сярод праціўнікаў Лукашэнкі:
- 85% найбольш сярод іншых праблем хвалюе тэма палітычных рэпрэсій
- 65% адчуваюць у сувязі з палітвязьнямі боль і спачуваньне
- Амаль 70% адчуваюць радасьць, калі даведваюцца, што палітзьняволены выйшаў на свабоду
- У 49% апытаных праціўнікаў улады міліцыя не выклікае даверу, сярод прыхільнікаў улады — у 17%.
Калі браць агулам усіх апытаных разам (і прыхільнікаў, і праціўнікаў улады), то:
- 38% вельмі цікавяцца тэмай палітычнага перасьледу ў Беларусі
- 68% гатовыя рабіць нейкія дзеяньні, каб падтрымаць зьняволеных
- У 44% апытаных з рэпрэсіямі сутыкнуліся людзі ў блізкім коле знаёмстваў
- 22% адчуваюць злосьць і гнеў, калі даведваюцца нейкую навіну, зьвязаную з рэпрэсіямі
- 43% апытаных ня ведаюць, дзе знайсьці інфармацыю пра дапамогу палітычным зьняволеным.