Адзін з самых папулярных украінскіх журналістаў Дзьмітры Гардон расказаў у інтэрвію парталу «Люстэрка» пра абставіны свайго інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, пра стасункі з Уладзімерам Макеем і стаўленьні да Сьвятланы Ціханоўскай.
Прапануем вам пераклад гутаркі ў скароце.
— У 2020 годзе, за тры дні да выбараў, вы выпусьцілі інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Раскажыце, чыя гэта была ініцыятыва: праз каго вы дамаўляліся, колькі давялося чакаць, якая была атмасфэра перад гутаркай?
— Я хацеў зрабіць інтэрвію з Лукашэнкам дзесьці дзесяць гадоў. Усе гэтыя доўгія гады я імкнуся атрымліваць інфармацыю непасрэдна зь першых вуснаў, ад людзей, якія сталі сымбалямі эпохі і сталі самі эпохай. Лукашэнка, безумоўна, выклікаў вялікую цікавасьць.
У Беларусь я і здымачная група ляцелі і сяліліся ў гатэлі за свой кошт, ніхто мне за інтэрвію не плаціў, калі ў кагосьці ўзьнікаюць такія пытаньні. Мяне наогул цяжка грашыма ўзяць: я вельмі багаты чалавек і гэта кепскі тон — прапаноўваць мне грошы. «Бацька» зрабіў нам з жонкай падарункі: зуброўка, цукеркі, гарэлка.
Мы ўжо вызначылі дату, і раптам яе перанесьлі на пару дзён. Як потым аказалася, ён хварэў на ковід, і наагул інтэрвію было пад пытаньнем, але потым усё ж узгаднілі. Мне Лукашэнка сам сказаў, чаму ён пагадзіўся на гэтае інтэрвію: яго сын Мікалай — мой вялікі прыхільнік, ён глядзіць ці ня ўсё, што я выпускаю ў YouTube (глядзеў на той момант), і ён яму сказаў: «Тата, гэта крута — даць інтэрвію Гардону. Ты што? Трэба абавязкова».
— Нейкія ўмовы з боку адміністрацыі Лукашэнкі былі?
Вы не паверыце, ніякіх. Мне ніхто не даваў тэмы, я ні з кім іх не ўзгадняў, тым больш пытаньні. Яго прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант вельмі прафэсійная. Яна мне сказала перад інтэрвію: «Прэзыдэнт любіць любыя пытаньні, таму задавайце ўсё, што хочаце. У яго заўсёды ёсьць адказы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне за 4–5 дзён скляпалі, і я стаяў ужо за трыбунай». Што яшчэ Лукашэнка сказаў у інтэрвію ўкраінскаму журналісту— Што было не для запісу? Як вы правялі час пасьля інтэрвію?
— Лукашэнка вельмі цёпла сустрэў, ён вельмі хацеў зачараваць. Ён ведаў падрабязнасьці маёй біяграфіі. У час інтэрвію тэлефанаваў Уладзімір Зяленскі. Прычым першы раз прынесьлі яму паперку і паказалі, Лукашэнка кажа: «Валодзя тэлефануе. Папрасі праз 15 хвілін». Праз 15 прыходзяць: «Прабачце, калі ласка, Уладзімір Аляксандравіч просіць зараз, таму што ў яго потым важная нарада». Лукашэнка адказаў: «Ты скажы, што я з Горданам зараз». А потым кажа мне: «Нічога, калі я пайду, перагавару?». Я: «Так, вядома, але мы потым дагаворым?». Ён: «Абавязкова». Лукашэнка пайшоў, перагаварыў зь Зяленскім, вярнуўся: «Ён вам прывітаньне перадаў».
Усё, мы скончылі інтэрвію. Яно доўжылася больш за паўтары гадзіны. Пасьля мы яшчэ дзесяць хвілін, мусіць, стаялі, размаўлялі вельмі міла, весела, далікатна. Пасьля гэтага нас паклікаў на абед ужо нябожчык міністар замежных справаў Беларусі, а да таго шматгадовы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей, які памёр пры вельмі дзіўных абставінах. У мяне такое ўражаньне, што яго забілі, бо ён быў блізкі да Эўропы, да Захаду.
Мы паехалі ў вельмі добры рэстаран — Уладзімір Макей, яго памочнікі і мы з Алесяй (жонка Дзьмітрыя. — «Люстэрка»). Калі Ўладзімір пайшоў памыць рукі, мне ягоны памочнік кажа: «У яго сёньня дзень нараджэньня». Ну нічога сабе! Чалавек у дзень нараджэньня замест таго, каб сядзець за сталом, запрасіў нас. Ну гэта крута было. Мы вельмі добра зь ім размаўлялі. Дарэчы, ён разумны чалавек, усё разумеў. Пры гэтым я не хаваў сваёй антырасейскай рыторыкі, ён з разуменьнем да гэтага ставіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі: Я падвёў Лукашэнку за руку да Байдэна і яны цёпла паразмаўлялі— Як бы апісалі палітыку ўладаў Украіны ў дачыненьні да Лукашэнкі цяпер?
— Я думаю, што паміж кіраўніцтвам Украіны і Беларусі існуе кантакт. І я думаю, што вынікам гэтага кантакту стаў няўдзел беларускага войска ў вайне. І гэта вельмі важна. Што да самога Лукашэнкі, ён падонак, чысты падонак. Па-першае, таму што ён зладзіў генацыд у адносінах да свайго народу, які не хацеў яго больш бачыць на пасадзе прэзыдэнта, — з катаваньнямі, зьдзекамі, пасадкамі, турмамі. А па-другое, ён па-быдлячаму павёў сябе ў адносінах да Ўкраіны. Ён мне ў інтэрвію некалькі разоў сказаў, што ніколі расейскае войска не нападзе на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Схлусіў. Ён прапусьціў расейскую армію, яна напала з тэрыторыі Беларусі і пускала ракеты. Але, відаць, нейкія рычагі ўзьдзеяньня на Лукашэнку ёсьць, таму што беларускае войска ў вайну не ўступіла.
— Гэта можна назваць «палітыкай стрымліваньня»?
— Гэта можна назваць адным словам — палітыка. Вялікая палітыка. Усё, што ідзе на карысьць Украіны, любая палітыка, я вітаю.
— Да вас на інтэрвію прыходзіць шмат высокапастаўленых чыноўнікаў. Як вы сабе тлумачыце тое, што Ўладзімір Зяленскі да гэтага часу афіцыйна не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай?
— Мне цяжка сказаць, чым гэта выклікана. Варыянтаў можа быць некалькі: і кулюарныя дамоўленасьці могуць быць зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі, і прычынай можа быць нейкая невыразная, неактыўная пазыцыя Ціханоўскай, у якой я, дарэчы, таксама браў інтэрвію. У яе статусе трэба паводзіць сябе інакш — агнём трэба быць, каб паліла словам сэрцы людзей. Але яе не відаць, не чуваць.
— Магчыма, што вы гэтага проста не заўважаеце праз паток падзей?
— Каб паліла, я заўважыў бы.
— Апошняе пытаньне. Калі і як скончыцца вайна?
— На гэтае пытаньне можа адказаць толькі авантурыст, афэрыст або вар’ят. Паколькі я не зьяўляюся ні першым, ні другім, ні трэцім, у мяне няма адказу на гэтае пытаньне. У мяне ёсьць адчуваньне, што вайна скончыцца сёлета.