Расейскі «бліцкрыг на Вільню» і францускі дэсант на Валынь? Пра запалохваньне ворага як эфэктыўную ваенную стратэгію

Аляксандар Лукашэнка, Эманюэль Макрон, Валер Сахашчык. Каляж

Тое, што падчас вайны часам агучваюцца апакаліптычныя сцэнары і алярмісцкія прагнозы, найчасьцей мае на мэце запалохаць праціўніка, зрабіць яго больш згаворлівым, схіліць да саступак.

Менавіта ў гэтым кантэксьце варта разглядаць рэзанансныя заявы апошняга часу: пра пляны расейскага ядзернага ўдару і «бліцкрыгу на Вільню», а таксама пра магчымы ўвод войскаў NATO на тэрыторыю Ўкраіны.

Сьцісла:

  • У Пуціна, які даўно задумваў і плянаваў свае ваенныя авантуры, першапачаткова быў яўны разьлік на негатовасьць Захаду ваяваць, на «расьпешчанасьць» эўрапейцаў, якія не жадаюць выходзіць з зоны камфорту і таму лёгка паддадуцца на шантаж;
  • Застрашваньні ў адрас Захаду — гэта імкненьне схіліць яго да перамоваў, агучваньне таемнага жаданьня Пуціна — наладзіць для сьвету новую «Ялту», дзе б ён, падобна як Сталін у 1945-м, сеў за адзін стол зь лідэрамі магутных дзяржаў сьвету і наноў падзяліў эўрапейскі кантынэнт на сфэры ўплыву;
  • Перакананасьць Пуціна ў нерашучасьці і небаяздольнасьці NATO стала адным з галоўных рухавікоў агрэсіі супраць Украіны і плянаў наступнага новага перадзелу сьвету;
  • Сёньняшнія запэўніваньні Лукашэнкі ў адсутнасьці агрэсіўных намераў у дачыненьні да заходніх суседзяў гучаць ня больш пераканаўча, чым такія ж ягоныя заявы напярэдадні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе;
  • Досьвед Карэйскай вайны пачатку 50-х гадоў сьведчыць пра тое, што нават непасрэдныя баявыя сутыкненьні паміж расейскімі і амэрыканскімі вайскоўцамі не зьяўляюцца непераадольнымі «чырвонымі лініямі».

Ці сапраўды расейскія і беларускія генэралы рыхтуюць ваенную апэрацыю ў кірунку літоўскай Вільні, як пра тое заявіў нядаўна прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык? І наколькі верагодным можна лічыць сцэнар, агучаны пасьля заяў прэзыдэнта Макрона ўкраінскім дэпутатам Аляксеем Ганчарэнкам, паводле якога францускія ды іншыя эўрапейскія вайскоўцы могуць неўзабаве зьявіцца на ўкраінска-беларускай мяжы? Многія палічылі гэта толькі самапіярам, спробай прыцягнуць увагу да ўласных пэрсон і падвысіць свой палітычны капітал на гарачай тэме. Але ці толькі ў гэтым справа?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчык: Улады Расеі і Беларусі рыхтуюць выкарыстаньне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню»

Хто каго больш напалохае

Часам здаецца, што зыход гэтай вайны цяпер залежыць ад таго, хто каго больш напалохае, хто «першы міргне», ня вытрымаўшы напружаньня... Старая гульня, у якой Пуцін да нядаўняга часу лічыўся віртуозам, непераўзыдзеным майстрам. Але Захад таксама вучыцца. Робіць высновы, засвойвае досьвед. Разумее, што нельга пакідаць гэтую паляну толькі Пуціну і Лукашэнку. І сэнсацыйная заява прэзыдэнта Францыі Макрона, зробленая ім пасьля сустрэчы зь лідэрамі краін Эўразьвязу ў канцы лютага (пра тое, што ён не выключае разьмяшчэньня эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіне), з гэтага ж шэрагу.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Парыж, люты 2024

Што адметна, тэма паступова разьвіваецца, набывае новыя дэталі і абрысы.

«Кантактую з францускімі калегамі. І ўжо цяпер магу сказаць, што ўсё сур’ёзна. Ідуць размовы пра місію з эўрапейскіх жаўнераў на мяжы зь Беларусьсю, якая вызваліць з гэтага кірунку ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта дазволіць умацаваць усходні і паўднёвы кірункі», — такі запіс пакінуў нядаўна ў сваім тэлеграм-канале дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.

Гэтая інфармацыя істотным чынам удакладніла заяву Макрона. Цяпер тое, што спачатку выглядала малаверагодным і ледзь не фантастычным, набывае зусім новыя і рэалістычныя абрысы. Паводле зьвестак Ганчарэнкі, Францыя зьбіраецца стварыць кааліцыю саюзьнікаў (разьлік пераважна на Польшчу і краіны Балтыі), якія і накіруюць аб’яднаны вайсковы кантынгент ва Ўкраіну. Але задзейнічаць яго плянуецца не непасрэдна на фронце, а ў памежных зь Беларусьсю рэгіёнах, а таксама на трэніровачных базах і ў цэнтрах падрыхтоўкі вайсковых спэцыялістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Ці здольная Францыя ўзначаліць Захад

У Маскве адразу пачуліся галасы абурэньня, зноў загаварылі пра «чырвоныя лініі». Зноў пачалі пагражаць ядзернай дубінай. Нечакана зьвесткі пра высокую верагоднасьць ядзернай атакі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню» прагучалі з таго боку, зь якога ня надта чакалі: ад прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валера Сахашчыка, падчас ягонага публічнага выступу на мітынгу на Дзень Волі ў Варшаве.

Валер Сахашчык

Прычым Сахашчык запэўнівае, што атрымаў інфармацыю «з самых надзейных крыніц». Зусім верагодна, што крыніцы і сапраўды аўтарытэтныя, са шматлікімі генэральскімі зоркамі на пагонах. Але дзе гарантыя, што «зьлівы» (няхай нават з Генштабу) ня ёсьць мэтанакіраванай апэрацыяй, разьлічанай на тое ж запалохваньне патэнцыйнага праціўніка? А Сахашчыка выбралі для агучваньня «страшылкі» толькі таму, што зь ягоных вуснаў пагроза прагучала больш пераканаўча.

А зьвярніце ўвагу, якую апакаліптычную для Захаду і Ўкраіны карціну апісваў Лукашэнка месяц таму, 25 лютага.

  • Маўляў, «у Расеі разгарнуўся ВПК, яны вырабляюць вялізную колькасьць узбраеньняў...»
  • «Калі зараз не пайсьці на перамовы з Расеяй, яны цалкам страцяць Украіну».
  • «Спыніцеся зараз. Ёсьць магчымасьць дамовіцца... Калі Захад будзе так дапамагаць Украіне, як зараз, то дні яе палічаныя».

Усё схіляе да высновы: тое, што апошнім часам агучвае Лукашэнка, — гэта найперш застрашваньні ў адрас Захаду, спроба схіліць яго да перамоваў, агучваньне патаемнага жаданьня Пуціна — наладзіць для сьвету новую «Ялту», дзе б ён, падобна як Сталін у 1945-м, сеў бы за адзін стол зь лідэрамі магутных дзяржаў сьвету і дзяліў эўрапейскі кантынэнт на сфэры ўплыву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на заяву Сахашчыка аб плянах Беларусі і Расеі напасьці на Літву

«Немцы і амэрыканцы пры першай сур’ёзнай сытуацыі паўцякаюць з поля бою»

У Пуціна, які задумваў і плянаваў свае ваенныя авантуры, першапачаткова быў яўны разьлік на негатовасьць Захаду ваяваць, на «расьпешчанасьць» эўрапейцаў, якія і думаць ня хочуць пра акопы, пра тое, каб выходзіць з зоны камфорту, ламаць звыклы для сябе лад жыцьця, гінуць недзе на ўскрайку кантынэнту за чужыя інтарэсы. Гэтыя матывы ня толькі пастаянна гучалі і гучаць у афіцыйнай прапагандзе — іх увесь час, яшчэ з 2021 году, рэтрансьлюе Лукашэнка. Згадайма, як прыніжальна і зьдзекліва ён выказваўся ў адрас баявых здольнасьцяў эўрапейцаў у інтэрвію прапагандысту Кісялёву 30 лістапада 2021 году, за тры месяцы да расейскага ўварваньня:

«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша».

Дзьмітрый Кісялёў

Увогуле, у Лукашэнкі гэтая нота гучыць даволі часта. Зьвернем увагу, як ён выказваўся пра вайскоўцаў NATO, інспэктуючы 26 сакавіка беларускія вайсковыя часткі паблізу мяжы зь Літвой:

«На ўкраінскім кірунку 120 тысяч украінцаў цяпер. Яны хочуць іх забраць, кінуць на фронт супраць Расеі. А тут размовы — выстраіць на нашай паўднёвай мяжы францускія ці натаўскія войскі. Гэта добра для нас. Яны ня будуць абараняць Украіну так, як абараняюць цяпер украінцы».

Пры гэтым адразу агаварыўся: «Мы і не зьбіраемся супраць іх ваяваць. Нам гэта ня трэба». Дык калі «не зьбіраемся», то ў чым для Расеі і Беларусі «дабро» ад таго, што там будуць стаяць не ўкраінцы?

Што адметна: і пра нямецкіх і амэрыканскіх салдатаў у Лукашэнкі падобная думка:

«Вы што, думаеце, што немцы і амэрыканцы сюды прыйшлі і ў выпадку сутыкненьня зь беларусамі і расейцамі будуць Літву абараняць? Ды ніколі такога не было. І ня будуць яны абараняць. Пры першай сур’ёзнай сытуацыі яны паўцякаюць з поля бою. І правільна зробяць. Іхная зямля ў Нямеччыне і ЗША. Ніякія найміты тут пытаньня ня вырашаць».

Аляксандар Лукашэнка з сабакам на палігоне каля літоўскай мяжы, 26 сакавіка 2024

Лукашэнка нібыта і абвяргае агрэсіўныя намеры ў дачыненьні да суседзяў, і запэўнівае, што не, ні ў якім разе ня будзем нападаць. Але гучыць гэта хутчэй як схаваная пагроза. І як заспакаеньне Пуціна. Маўляў, нават калі і нападзём, ніхто зь іх усур’ёз абараняць Літву (ці Ўкраіну) ня будзе — разьбягуцца.

Веры гэтым запэўніваньням ніякай няма. Увесь сьвет ужо чуў ад яго напярэдадні расейскага ўварваньня, што зь беларускай зямлі «ніколі ня будзе агрэсіі супраць Украіны» і што «ніякага ўварваньня не плянуецца — гэта ж толькі вучэньні».

Лукашэнка яўна агучвае пачутае ад Пуціна. І ці ня гэты матыў — перакананасьць у нерашучасьці і небаяздольнасьці NATO — стаў адным з галоўных рухавікоў пуцінскай агрэсіі? Маўляў, якія зь іх ваякі — яны ж адразу паўцякаюць са страху, варта толькі ўдарыць. Наколькі сам Лукашэнка ў палоне гэтых стэрэатыпаў, складанае пытаньне. У кожным разе ён раз за разам паўтарае тое, што прыемна чуць Пуціну, што цалкам упісваецца ў карціну сьвету апошняга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагрозу магчымага ўзброенага нападу Расеі ў Польшчы ўспрымаюць сур’ёзна, — аналітык Патоцкі

Размытыя «чырвоныя лініі»

Сёньня, на трэцім годзе вялікай расейска-ўкраінскай вайны, усё больш відавочна, што «чырвоныя лініі», якія нібыта не павінны быць пяройдзеныя ніводным з бакоў, усё больш размываюцца, становяцца ўяўнымі. І ніякі з самых змрочных сцэнароў не выглядае неверагодным.

Часам можна пачуць, што нічога падобнага сьвет ніколі не перажываў, а цяперашняя сытуацыя надзвычайная, што любое непасрэднае збройнае сутыкненьне войскаў Расеі і NATO тут жа выкліча катастрафічныя наступствы, а таму ня можа быць дапушчана ні пры якіх абставінах. Але ці так гэта насамрэч?

Не такі ўжо далёкі эпізод сусьветнай гісторыі: 70 гадоў таму савецкія і амэрыканскія лётчыкі глядзелі адзін на аднаго ў проразі прыцэлаў. Ваявалі і зьбівалі адзін аднаго. Супрацьстаяньне было самае непасрэднае. І сьвет таксама стаяў на парозе ядзернай вайны. Але неяк жа вырулілі з той сытуацыі. Як гэта было?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заблытаў і сваіх, і чужых. Чаму Лукашэнка какетнічае наконт свайго ўдзелу ў выбарах 2025 году?

Пілёт Лі Сі Цын у карэйскім мундзіры і з разанскай гаворкай

70 гадоў таму сьвет скаланаўся ад Карэйскай вайны. Фармальна яна вялася паміж камуністычнай Поўначчу і капіталістычным Поўднем Карэйскага паўвострава. Хоць фактычна гэта было сутыкненьне з аднаго боку СССР і Кітаю, а з другога — ЗША і шырокай кааліцыі краін, у большасьці сваёй дэмакратычных. І справа тады зусім не абмяжоўвалася пастаўкамі ўзбраеньня і амуніцыі. Таталітарны рэжым Кім Ір Сэна яўна быў бы асуджаны на паразу, калі б ня дзейсны ўдзел на ягоным баку сталінскага СССР.

Жанчына аплаквае свайго бацьку, які загінуў падчас Карэйскай вайны 1950-1953 гадоў. Пхэньян, 25 ліпеня 2013

Паводле цяпер ужо рассакрэчаных зьвестак, у Карэйскай вайне ўдзельнічала каля 70 000 савецкіх вайскоўцаў (пераважна лётчыкаў і абслуговага пэрсаналу ВПС). Пры гэтым Масква, асьцерагаючыся непасрэднага сутыкненьня з ЗША, старалася рабіць выгляд, нібы лётчыкі не савецкія. Быў уведзены рэжым сакрэтнасьці. Савецкім самалётам забаранялася лятаць над Жоўтым морам і залятаць на поўдзень ад 39-й паралелі. Удзельнік Карэйскай вайны, савецкі лётчык Яўгеній Пепяляеў пазьней успамінаў:

«Лятаць даводзілася з карэйскімі апазнавальнымі знакамі і ў кітайскай форме. Кажадуб (адзін з савецкіх асаў, тройчы Герой Савецкага Саюзу) асабіста адбіраў лётчыкаў, якія ці мелі франтавы досьвед, ці добра асвоілі дасканалы па тым часе рэактыўны зьнішчальнік МіГ-15. Савецкіх пілётаў, якія ўдзельнічалі ў баях, пераапраналі ва ўніформу кітайскіх добраахвотнікаў, у дакумэнты ўпісвалі кітайскія імёны і прозьвішчы кшталту Сі Ні Цын альбо Лі Сі Цын, а на „МіГах“ красаваліся карэйскія апазнавальныя знакі...»

Савецкія самалёты Міг-15, якія бралі ўдзел у Карэйскай вайне

Уся гэта кансьпірацыя была шытая белымі ніткамі: лётчыкі-«кітайцы» перамаўляліся і лаяліся ў радыёэтэры выключна па-расейску. Дый зьбівалі іх ня раз: усяго за вайну было страчана, паводле розных ацэнак, ад 335 да 700 савецкіх самалётаў, загінулі больш як 100 пілётаў. Тым ня менш на Захадзе на гэтае інсцэнаваньне глядзелі паблажліва. Ні да збройнага сутыкненьня паміж дзьвюма супэрдзяржавамі, ні да ядзерных бамбаваньняў гэта не прывяло (хоць такія асьцярогі і застрашваньні былі).

Увогуле, маштаб той вайны быў у пэўным сэнсе значна большы, чым цяперашняй расейска-ўкраінскай. Колькасьць войскаў з кожнага з бакоў перавышала 1 мільён чалавек. Колькасьць ахвяраў ацэньваецца ў 3 мільёны. Фіксаваліся масавыя ваенныя злачынствы з абодвух бакоў: расстрэлы мірных жыхароў, катаваньні і забойствы ваеннапалонных...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі ў 2020 годзе дапамог Бог, інакш была б вайна». «Праваслаўны атэіст» Лукашэнка патлумачыў, чаму яго «ніхто ня выратуе»

Цьмяныя абрысы дзьвюх Украін

Існуе вэрсія, што Сталін разглядаў вайну ў Карэі ў кантэксьце плянаванай ім вялікай вайны з ЗША. Вядома, што камандуючы сіламі ААН у Карэі генэрал Дуглас Макартур прапаноўваў ужыць супраць Кітаю ядзерную зброю, каб хутчэй зламаць супраціў праціўніка і зьберагчы сваю жывую сілу. Як бы ў такім выпадку разгортваліся падзеі, можна толькі здагадвацца. У любым выпадку сьвет стаяў на парозе Трэцяй сусьветнай вайны ані ня меней, чым цяпер.

Але тады неяк утрэслася... Апошнія два гады вайна была пераважна пазыцыйная: бакі абясьсілелі, наяўных рэсурсаў для вырашальнай перамогі яўна не хапала ніводнаму з бакоў. А 3 сакавіка 1953-га нечакана прыляцеў тагачасны «чорны лебедзь»: памёр Сталін. Неўзабаве пасьля гэтага Прэзыдыюм ЦК КПСС прагаласаваў за спыненьне вайны. Ужо 20 красавіка 1953 году адбыўся першы абмен ваеннапалоннымі, а 27 ліпеня было заключана перамір’е. Колішні агрэсіўны СССР пасьля гэтага ўзяў курс на «мірнае суіснаваньне з капіталістычным атачэньнем» і «разрадку міжнароднай напружанасьці».

Сталіца Паўднёвай Карэі Сэул, 2020

У выніку ніводзін з бакоў не перамог. Вялікія дзяржавы пагадзіліся на кампраміс. Карэя засталася падзеленай (і дагэтуль гэты падзел захоўваецца: фармальна вайна да сёньня ня скончаная). Чый грамадзка-палітычны лад перамог, на чыім баку была гістарычная праўда, можна выразна ўбачыць па тым, як жывуць карэйцы па розныя бакі ад 38-й паралелі. На адным баку — высокатэхналягічная эканоміка і заможнае сучаснае грамадзтва, на другім — жорсткі таталітарызм, мілітарызаванае грамадзтва і пэрыядычныя ўспышкі голаду.

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын кіруе вайсковай дэманстрацыяй,13 сакавіка 2024

Чымсьці тая вайна нагадвае сёньняшнюю расейска-ўкраінскую. І хто ведае, ці не відаць ужо ў дыме і пажарышчах гэтай вайны, якая яўна заходзіць у тупік, цьмяныя абрысы будучых дзьвюх Украін?..

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцём Шрайбман пра вайну, тэракт у «Крокусе» і магчымы шлях пераменаў у Беларусі